Мінск 12:30

Узбуджана крымінальная справа ў дачыненні да мужчыны, які ўдарыў фельчара хуткай дапамогі

13 жніўня, Позірк. 55-гадовы мужчына ўдарыў фельчара брыгады хуткай дапамогі ў Барысаве (Мінская вобласць), узбуджана крымінальная справа за хуліганства (арт. 339 КК), паведамляе абласное УУС.

Інцыдэнт адбыўся 9 жніўня пасля таго, як мужчыну ў стане алкагольнага ап’янення знайшлі ляжалым паблізу жылога дома і выклікалі хуткую медыцынскую дапамогу.

Медыкі вырашылі яго шпіталізаваць, аднак ён нанёс некалькі ўдараў рукой у вобласць галавы фельчара брыгады, гаворыцца ў рэлізе.

У 2024 годзе шырокі грамадскі рэзананс атрымаў напад на медыкаў хуткай дапамогі мужчыны з сякерай у Мінску. Фельчары былі шпіталізаваны, у іх дыягнаставаны спалучаныя траўмы. Яны мусілі даставіць 33-гадовага хворага ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя.

Пасля гэтага інцыдэнту ў Міністэрстве аховы здароўя заявілі аб неабходнасці ўзмацніць абарону медыцынскіх работнікаў, аднак аб прыняцці канкрэтных мер ведамства не паведамляла.

У траўні 2025 года Следчы камітэт паведаміў аб нападзенні ў Барысаве (Мінская вобласць) нецвярозага мужчыны на дзяўчыну-медработніка. Паведамлялася, што ў дачыненні да яго распачата крымінальная справа за злоснае хуліганства.

Падзяліцца: