Мінск 18:38

Саюз прадпрымальнікаў просіць улады дапамагчы беларускаму бізнесу зменшыць шкоду ад “пажараў” на складах “Вайлдберыз” у РФ

Наступствы ўдару па лагістычным хабе "Вайлдберыз" у Стаўрапольскім краі РФ
Ілюстрацыйнае фота: Exilenova+

4 жніўня, Позірк. З улікам “сітуацыі з пажарамі” на складах маркетплэйса “Вайлдберыз” (Wildberries) у Расіі неабходна “аб’яднаць намаганні дзелавой супольнасці і кампетэнтных органаў дзяржаўнага кіравання” Беларусі — для “мінімізацыі шкоды беларускіх прадпрыемстваў”, гаворыцца ў лісце, які Мінскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў накіраваў у Міністэрства эканомікі.

У дакуменце заящлена, што маштаб праблемы “вельмі істотны для беларускай эканомікі”. “Паводле некаторых даных, цяпер на складах Wildberries у РФ захоўваюць сваю прадукцыю больш за 22 тыс. суб’ектаў гаспадарання Беларусі. Шкода ад пажараў для беларускіх прадпрыемстваў яшчэ толькі пачынае ацэньвацца. Праводзіцца няпростая праца беларускіх прадаўцоў з Wildberries”, — адзначана ў лісце.

Саюз нагадаў, што раней маркетплэйс унёс папраўку ў публічны дагавор з суб’ектамі гаспадарання, у адпаведнасці з якой прадаўцу не кампенсуецца рэальная шкода, калі тавар страчаны з прычыны “абставінаў непераадольнай сілы”.

Аднак, адзначылі аўтары, “спасылкі на пажары на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі не могуць разглядацца як падстава для адмовы ў кампенсацыі на падставе абставінаў непераадольнай сілы”, бо бакамі дагавора выступаюць беларускія прадаўцы і ТАА “ІМВБРБ” — зарэгістраваная ў Беларусі юрыдычная асоба “Вайлдберыз”.

Аргументуючы сваю пазіцыю, саюз звярнуў увагу, што тавары перадаваліся на склады маркетплэйса на падставе дагавораў паміж “ІМВБРБ” і ўладальнікамі або арандатарамі складоў, а не паміж суб’ектамі беларускага бізнесу і “ІМВБРБ”.

Прадпрымальніцкае аб’яднанне просіць “правесці працоўную нараду пры агульнай каардынацыі Міністэрствам эканомікі па ацэнцы сітуацыі, што склалася, фармаванні і рэалізацыі плана сумесных дзеянняў па мінімізацыі негатыўных наступстваў для беларускіх суб’ектаў гаспадарання і насельніцтва ад вышэйзгаданых падзей, а таксама выпрацоўцы механізму ўздзеяння на маркетплэйс Wildberries на ўзроўні найвышэйшага кіраўніцтва Беларусі, у тым ліку дыпламатычным шляхам”.

З сярэдзіны ліпеня 2026 года Украіна рэгулярна наносіць удары беспілотнымі апаратамі па складах “Вайлдберыз”. Паводле слоў украінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, праз гэтыя складскія комплексы праходзяць у тым ліку тавары двайнога прызначэння і кампаненты для вайсковай тэхнікі, а таму яны з’яўляюцца законнымі ваеннымі цэлямі.

Паводле ацэнак экспертаў, толькі ў ліпені кампанія страціла 17% сваіх складскіх плошчаў. Шкода для сэлераў пляцоўкі ацэньваецца прыкладна ў 280 млрд расійскіх рублёў (больш за 3 млрд еўра), колькасць пацярпелых — некалькі соцень тысяч.

Падзяліцца: