Мінск 22:51

Беларусь папярэдзіла Польшчу пра “падрыхтоўку тэракту” на польскай тэрыторыі — МЗС

Ілюстрацыйнае фота: МЗС Беларусі

23 ліпеня, Позірк. Беларусь праінфармавала Польшчу пра падрыхтоўку на тэрыторыі гэтай краіны тэрарыстычнага акта, заявіла ўвечары 23 ліпеня беларускае Міністэрства замежных спраў.

Інфармацыя, якая паступіла ў знешнепалітычнае ведамства “па лініі праваахоўных органаў Рэспублікі Беларусь адносна падрыхтоўкі тэрарыстычнага акта” на польскай тэрыторыі, была перададзеная часоваму паверанаму ў справах Польшчы Кшыштафу Ажане — “у рамках рэалізацыі дамоўленасцей пра неабходнасць узаемадзеяння ў барацьбе са злачыннасцю”.

Сцвярджаецца, што тэракт рыхтуецца “асобай, якая знаходзіцца ў Польшчы, асуджанай у Рэспубліцы Беларусь паводле цэлага шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якая была нядаўна пазбаўленая польскімі ўладамі дадатковай абароны і права пражывання ў краіне”.

Мэтай тэракту, як заяўлена, “маюць стаць непаўналетнія дзеці актывісткі, якая мае беларускае грамадзянства і жыве ў Польшчы, з меркаванняў помсты за недастатковыя намаганні па захаванні за згаданай асобай названага вышэй статусу ў Польшчы”.

Да польскага дыпламата “было таксама даведзена, што дадатковыя звесткі па гэтым пытанні пры неабходнасці і па меры паступлення будуць перададзеныя праз каналы ўзаемадзеяння паміж адпаведнымі кампетэнтнымі органамі дзвюх краін”.

Падзяліцца: