Мінск 20:24

Беларусь рэзка нарасціла вываз паліва на акупаваныя РФ украінскія тэрыторыі — Супольнасць чыгуначнікаў

Ілюстрацыйнае фота: Johannes Plenio / unsplash.com

26 чэрвеня, Позірк. Беларусь адправіла на акупаваныя Расіяй тэрыторыі Украіны 470 вагонаў з рознымі грузамі агульнай масай 26.392 тоны, а за 4 месяцы 2026-га — 573 вагоны агульнай масай 31.519 т.

Гэта значыць, за траціну гэтага года пастаўлена больш, чым за ўвесь папярэдні.

Такія даныя ўтрымліваюцца ў апублікаваным Супольнасцю чыгуначнікаў Беларусі (СЧБ) 26 чэрвеня матэрыяле “Чыгуначныя перавозкі паміж Беларуссю і акупаванымі тэрыторыямі Украіны: вынікі 2025 года і студзеня — красавіка 2026 года”.

СЧБ адзначае, што аснову павелічэлага вывазу склалі нафтапрадукты, цэмент, жалезабетонныя вырабы, будаўнічыя матэрыялы і інш. Найбольш прыкметным стала павелічэнне паставак бензіну, дызельнага паліва і звадкаваных вуглевадародных газаў у Крым, а таксама на акупаваныя тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей, гаворыцца ў публікацыі.

У прыватнасці, са згаданых 573 вагонаў 257 прыйшлося на цыстэрны з бензінам (13.364 т або 42,4% у агульным танажы адпраўленых грузаў), 234 — на цыстэрны з дызельным палівам (12.285 т, 40,7%), 60 — на вагоны з портландцэментам (1.310 т, 12,8%), 22 — на іншыя грузы (1.310 т, 4,2%).

Для параўнання: за ўвесь 2025 год па ўказаным маршруце было адпраўлена 128 вагонаў-цыстэрнаў бензіну агульнай масай 6.656 т, 65 вагонаў-цыстэрнаў дызельнага паліва агульнай масай 3.575 т і 65 вагонаў-цыстэрнаў са звадкаванымі вуглевадароднымі газамі агульнай масай 2.564 т, пры гэтым пік паставак “прыйшоўся на IV квартал”.

У матэрыяле прыводзіцца дэталёвая інфармацыя па пастаўках чыгуначным транспартам не толькі з Беларусі на акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі, але і ў зваротным кірунку.

СЧБ адзначае, што менавіта з’яўленне буйнога патоку паліва стала галоўным фактарам змены агульнага балансу перавозак, які аказаўся станоўчым для беларускага боку.

Пры гэтым рост паставак беларускіх нафтапрадуктаў супаў па часе з пагаршэннем сітуацыі на расійскім паліўным рынку. У другой палове 2025 года пасля серыі ўдараў па нафтаперапрацоўчых заводах і аб’ектах захоўвання паліва ў шэрагу расійскіх і акупаваных рэгіёнаў узніклі перабоі з асобнымі маркамі бензіну і дызельнага паліва. Асабліва прыкметна гэта ў акупаваным Крыме, дзе ўводзіліся абмежаванні на аб’ём разавай запраўкі і часова фіксаваліся рознічныя цэны.

Падкрэсліваецца, што паралельна рэзка скараціўся сустрэчны паток. У студзені — красавіку 2026 года ў Беларусь было ўвезена толькі 67 вагонаў і 3.808 т грузаў, тады як вывезеныя 573 вагоны і 31.519 т. Вываз перавысіў увоз у 8,6 раза па колькасці вагонаў і ў 8,3 раза па танажу.

Пры гэтым імпарт стаў залежаць ад некалькіх асобных адправак, звяртае ўвагу СЧБ. Больш за палову яго аб’ёму забяспечыла адна красавіцкая партыя кааліну. Раней назіраліся масавыя перавозкі ў Беларусь грануляваных шлакаў, смол, флюсаў і шэрагу відаў металапракату, але ў пачатку 2026 года яны не працягнуліся.

У выніку, адзначаецца ў матэрыяле, да пачатку 2026 года Беларусь фактычна ператварылася з пераважнага атрымальніка прамысловай сыравіны ў буйную крыніцу паліва і будаўнічых грузаў для акупаваных тэрыторый Украіны і Крыма.

Адзначаецца, што менавіта нафтапрадукты сталі асновай новага грузапатоку. “Іх аб’ём, рэгулярнасць і геаграфія дазваляюць казаць ужо не аб асобных камерцыйных адпраўках, а аб сфарміраваным кірунку забеспячэння, звязаным з неабходнасцю кампенсаваць дэфіцыт паліва і падтрымліваць працу транспартнай, прамысловай і іншай інфраструктуры на акупаваных тэрыторыях”, — гаворыцца ў публікацыі.

19 чэрвеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на прэс-канферэнцыі ў Кіеве даў Лукашэнку тыдзень на зняцце з вышак рэтранслятараў для навядзення дронаў уздоўж мяжы з Украінай. “Калі ён гэта не зробіць, зробім мы”, — папярэдзіў ён. У гэтым жа кантэксце прэзідэнт Украіны заклікаў Лукашэнку спыніць пастаўку нафтапрадуктаў расійскаму войску.

24 чэрвеня Зяленскі інфармаваў, што абсталяванне спыніла працу двума днямі раней: “Дэмантавалі [рэтранслятары] ці не, я, шчыра кажучы, пакуль не ведаю. Але мы працуем над гэтым, і я вельмі ўважліва сачу і штодзённыя даклады атрымліваю. Факт, што рэтранслятары на сёння не працуюць”.

Да тэмы пастаўкі нафтапрадуктаў украінскі прэзідэнт пакуль не вяртаўся.

Падзяліцца: