Мінск 18:31

Сатырычны ютуб-праект “ЧынЧынЧэнэл” прызнаны “экстрэмісцкім фарміраваннем”

Ілюстрацыя: старонка "ЧынЧынЧэнэл" у "Фэйсбуку"

16 чэрвеня, Позірк. “Група грамадзян”, звязаная з ютуб-праектам “ЧынЧынЧэнэл”, папоўніла спіс “экстрэмісцкіх фарміраванняў” у адпаведнасці з рашэннем Міністэрства ўнутраных спраў ад 16 чэрвеня, вынікае з абноўленага пераліку на сайце ведамства.

Датычнымі да “фарміравання” названыя Дзмітрый Есяневіч, Міхаіл Зуй, Сяргей Навіцкі, Андрэй Кашперскі, Дзяніс Сарока, Нэла Агрэніч, Алена Зуй-Вайцяхоўская.

“ЧынЧынЧэнэл” — сатырычны ютуб-праект (16,5 тыс. падпісчыкаў), створаны акцёрамі, якія пакінулі ў 2020 годзе Купалаўскі тэатр, і рэжысёрам Андрэем Кашперскім. Галоўныя ролі выконваюць Міхаіл Зуй і Дзмітрый Есяневіч.

Праект высмейвае беларускую рэчаіснасць пры ўладзе Аляксандра Лукашэнкі, парадзіруе чыноўнікаў.

Акрамя “Ютуба”, “ЧынЧынЧэнэл” мае акаўнты ў “Інстаграме”, “Телеграме”, “ЦікТоку” і іншых сацсетках.

Кантэнт праекта раней быў прызнаны “экстрэмісцкімі матэрыяламі”.

Цяпер у спісе “экстрэмісцкіх фарміраванняў”, які сумесна вядуць МУС і КДБ, 357 арганізацый (пазіцый у дакуменце больш праз паўторы і дапаўненні).

Падзяліцца: