Мінск 02:26

Літва накіравала Беларусі чарговую ноту пратэсту ў сувязі з парушэннем паветранай прасторы

Ілюстрацыйнае фота: delfi.lt

15 чэрвеня, Позірк. Міністэрства замежных спраў Літвы 15 чэрвеня заявіла часоваму паверанаму ў справах Беларусі “рашучы пратэст” у сувязі са “шматлікімі парушэннямі паветранай прасторы” балтыйскай дзяржавы ў траўні і чэрвені.

Паводле інфармацыі прэс-службы літоўскага знешнепалітычнага ведамства, гаворка пра выпадкі, калі “з тэрыторыі Беларусі ў паветраную прастору Літвы заляталі паветраныя шары, якія выкарыстоўваліся для перавозкі кантрабанды, а таксама іншыя беспілотныя лятучыя апараты”.

“У асобных выпадках яны стваралі прамую пагрозу бяспецы грамадзянскай авіяцыі, з прычыны чаго ў ноч з 7 на 8 чэрвеня была часова абмежаваная праца Міжнароднага аэрапорта Вільнюса”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адначасова ў адказ на абвінавачанні Мінска “адносна меркаванага парушэння паветранай прасторы Беларусі 17 траўня 2026 года” МЗС падкрэсліў, што “кампетэнтныя органы Літвы не зафіксавалі ніводнага такога выпадку”.

“Міністэрства замежных спраў зноў заклікала Беларусь выконваць міжнародныя абавязацельствы, забяспечваць эфектыўны кантроль паветранай прасторы і рабіць рашучыя захады па барацьбе са злачыннай дзейнасцю, звязанай з арганізацыяй кантрабанды”, — адзначана ў паведамленні.

Напрыканцы мінулага года Вільнюс неаднаразова накіроўваў Мінску ноты пратэсту ў сувязі з масавым парушэннем літоўскай паветранай прасторы аэрастатамі, з дапамогай якіх у краіну дастаўлялася кантрабандная тытунёвая прадукцыя.

13 чэрвеня 2026 года ў Вільнюскай акрузе кароткачасова абвяшчалася паветраная трывога. Аб’ект выявіўся не дронам, як першапачаткова меркавалася, а метэаралагічным аэрастатам. 20 і 21 траўня ў Літве абвяшчалася паветраная трывога праз выяўленне сігнатуры беспілотнікаў з боку Беларусі.

Адметна, што 21 траўня беларускае МЗС выклікала літоўскага дыпламата і заявіла “рашучы пратэст” у сувязі “з чарговым грубым парушэннем дзяржаўнай мяжы Беларусі беспілотным лятучым апаратам з тэрыторыі Літвы”.

Як сцвярджаў прэс-сакратар МЗС Руслан Варанкоў, 17 траўня “ўкраінскі беспілотны лятучы апарат “Чайка”, які першапачаткова накіроўваўся на тэрыторыю РФ для нанясення ўдараў па аб’ектах на яе тэрыторыі, быў знойдзены каля в. Станіслаўцы Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці” (каля 80 км ад мяжы з Літвой).

Прэтэнзіі Мінска заключаліся ў тым, што Літва, у адрозненне ад Беларусі, не папярэдзіла пра планаванае ўварванне беспілотніка ў паветраную прастору суседняй дзяржавы са сваёй тэрыторыі.

Падзяліцца: