Мінск 01:25

Мытня паведаміла аб спыненні вывазу ў ЕС тавараў ваеннага прызначэння, якія трапілі ў Беларусь з Расіі

Фота: ДМК

3 чэрвеня, Позірк. Аб спыненні вывазу з Беларусі ў краіны Еўрапейскага саюза тавараў ваеннага прызначэння, замаскіраваных пад грамадзянскую тэхніку, паведаміў 3 чэрвеня Дзяржаўны мытны камітэт (ДМК).

Адзначаецца, што чацвёра грамадзян Беларусі “ў змове з іншымі неўстаноўленымі асобамі завезлі з Расіі рухавікі, блок-картары, трансмісіі і камплектуючыя да іх, якія выкарыстоўваюцца пры стварэнні танкаў, баявых машын пяхоты і дэсанту“.

У Мінску з дэталяў узбраення збіваліся біркі, здымалася навясное абсталяванне, ажыццяўлялася афарбоўка і маркіроўка кітайскімі іерогліфамі. Такім чынам ім надавалі выгляд рухавікоў кітайскай вытворчасці для электрастанцый. Далей перайначаныя тавары змяшчалі пад працэдуру экспарту, каб вывезці на тэрыторыю ЕС, гаворыцца ў паведамленні ДМК.

Супрацоўнікі аператыўнай мытні затрымалі два грузавікі з 24 пераробленымі пад кітайскія рухавікі таварамі. Праведзена 22 ператрусы, падчас якіх канфіскаваныя прадметы ўзбраення і каля 100 тыс. долараў ЗША наяўнымі. Агулам канфіскавана 200 складовых частак узбраення.

Распачатыя крымінальныя справы паводле ч. 2 арт. 3331 Крымінальнага кодэкса (незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу ЕАЭС або дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь забароненых і небяспечных прадметаў). Падазраваныя затрыманыя.

Праводзяцца далейшыя аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы і следчыя дзеянні, адзначаецца ў прэс-рэлізе.

Падзяліцца: