Мінск 12:25

Казахстан на паўгода забараніў імпарт яек, у 2025-м Беларусь была трэцім паводле велічыні пастаўшчыком гэтай прадукцыі

Ілюстрацыйнае фота: Raiyan Zakaria / unsplash.com

27 красавіка, Позірк. Міністэрства сельскай гаспадаркі Казахстана на шэсць месяцаў забараніла імпарт курыных яек. Згодна з загадам ведамства № 146 ад 17 красавіка (набыло моц 21 красавіка), забарона тычыцца ўсіх краін, у тым ліку дзяржаў Еўразійскага эканамічнага саюза.

Адзначаецца, што рашэнне прынятае для абароны мясцовых вытворцаў.

Паводле інфармацыі казахстанскага дзелавога выдання LS, якое абапіраецца на даныя Бюро нацыянальнай статыстыкі і Камітэта дзяржаўных даходаў, у 2025 годзе Беларусь заняла трэцяе месца сярод пастаўшчыкоў свежых курыных яек у Казахстан — 2,7 млн ​​(зніжэнне ў 2,6 раза ў гадавым вымярэнні). Больш паставілі Расія (84,1 млн яек; +3,7%) і Кыргызстан (2,8 млн.; рост у 5,8 раза).

Як паведамляў “Позірк”, вытворчасць яек у ЕАЭС летась вырасла на 4,5%: у Кыргызстане — на 18,7% (934,8 млн адзінак), Арменіі — на 12% (807,4 млн), Беларусі — на 5% (3 млрд 898 млн), Расіі — на 4,3% (48 млрд 576,5 млн), Казахстане — на 2,4% (4 млрд 568,5 млн).

Падзяліцца: