Мінск 13:42

14-гадовай закладчыцы псіхатропу пагражае да 20 гадоў зняволення — МУС

Закладка з псіхатропным рэчывам
Відэа: прэс-служба МУС / стоп-кадр: "Позірк"

4 снежня, Позірк. Супрацоўнікі наркакантролю Бабруйска (Магілёўская вобласць) затрымалі дзяўчынак (13 і 14 гадоў), якія распаўсюджвалі псіхатропнае рэчыва, паведаміла 4 снежня прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

“Малодшую з саўдзельніц затрымалі з доказамі злачынства ў момант выканання чарговага задання”, — заявіла ведамства. Сцвярджаецца, што пры ёй, а таксама ў тайніках знойдзена і канфіскавана “асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва 4-СМС” (клефедрон).

Паведамляецца, што прапанову зарабіць васьмікласніца знайшла ў інтэрнэце, пасля чаго “прайшла навучанне” і стала аптова-рознічным кур’ерам: забірала “буйныя партыі тавару”, фасавала і распаўсюджвала праз закладкі па горадзе.

У тэлефоне дзяўчынкі знайшлі перапіску з дзевяцікласніцай, якую неўзабаве таксама затрымалі.

Дзеці паспелі прапрацаваць на наркамаркет каля двух тыдняў.

У дачыненні да 14-гадовай затрыманай Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу за нарказбыццё. Адзначаецца, што ёй пагражае да 20 гадоў пазбаўлення свабоды.

Малодшая на працягу года будзе знаходзіцца на індывідуальным прафілактычным уліку. Яе бацькоў “прыцягнуць да адказнасці за невыкананне абавязкаў па выхаванні дачкі”.

Сёлета ў красавіку Дзяржаўны пагранічны камітэт паведамляў пра затрыманне ў Мінску трох “непаўналетніх наркакур’ераў”. У закладчыкаў было знойдзена рэчыва 4-СМС, “якое характарызуецца асаблівай таксічнасцю для арганізма, з высокай рызыкай як псіхічных, так і фізічных ускладненняў”.

Паведамлялася пра канфіскацыю 3 кг псіхатропу па месцы жыхарства затрыманых, а таксама “ў схованцы ў Мінскай вобласці”. Падлеткам, як тады было заяўлена, пагражае да 20 гадоў зняволення.

Затрыманне і наступнае асуджэнне падлеткаў за наркотыкі ў Беларусі не рэдкасць. У жніўні ў Магілёве была затрыманая 15-гадовая дзяўчынка — распаўсюджвальніца наркотыкаў. У лістападзе суд Кастрычніцкага раёна Гродна прыгаварыў да 8 гадоў пазбаўлення волі 14-гадовага падлетка паводле ч. 4 арт. 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў).

Крымінальная адказнасць за “наркатычныя” злачынствы надыходзіць у Беларусі з 14 гадоў.

Паводле даных Дзяржаўнага мытнага камітэта, у 2024 годзе вынята 1.622 тоны наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў — амаль у два разы больш, чым за папярэдні год. Зафіксаваныя 553 факты кантрабанды і незаконнага абароту наркотыкаў, распачата 310 крымінальных спраў — на 13% больш, чым у 2023-м.

Летась у лістападзе аб’яднанне BelPol на аснове аналітычнай даведкі МУС, якая трапіла ў іх распараджэнне, адзначыла, што галоўным пастаўшчыком наркотыкаў і псіхатропаў у Беларусь з’яўляецца Расія.

Падзяліцца: