Мінск 12:21

Улады фактычна забаранілі працаваць аўдытарамі людзям, якія прайшлі праз палітычны пераслед

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

4 снежня, Позірк. Людзі, якія прайшлі праз палітычны пераслед, фактычна пазбаўленыя магчымасці працаваць аўдытарамі, вынікае з пастановы Савета міністраў № 696 ад 1 снежня “Аб атэстацыі, пацвярджэнні кваліфікацыі, дзелавой (прафесійнай) рэпутацыі ў сферы аўдытарскай дзейнасці”.

Згодна з пастановай, апублікаванай 4 снежня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, каб прайсці працэдуру атрымання кваліфікацыйнага атэстата аўдытара прэтэндэнт павінен падаць у Міністэрства фінансаў дакумент, які сведчыць пра “адсутнасць непагашанай або нязнятай судзімасці” паводле шэрагу крымінальных артыкулаў.

Пераважна гэта артыкулы КК, звязаныя з эканамічнымі злачынствамі: махлярства, крадзеж, прысабечванне і марнаванне маёмасці, ухіленне ад выплаты падаткаў, незаконнае прадпрымальніцтва ды інш. Аднак у пераліку таксама фігуруюць артыкулы, якія ўлады выкарыстоўваюць для палітычнага пераследу — 3411, 342, 3422, 361–3615, 3691–3693.

Пасля таго, як Мінфін разгледзіць атрыманыя дакументы ды “іншую інфармацыю пра прэтэндэнта”, ён мае правесці ацэнку яго дзелавой рэпутацыі. Згодна з пастановай, пры гэтым звесткі пра чалавека могуць быць узятыя з “інфармацыйных рэсурсаў, размешчаных у рэжыме свабоднага доступу” ў інтэрнэце, “у тым ліку на афіцыйных сайтах дзяржаўных органаў”; са СМІ.

Адзначаецца, што “безумоўнымі падставамі” для таго, каб прызнаць адсутнасць у прэтэндэнта “бездакорнай дзелавой рэпутацыі”, сярод іншага з’яўляюцца:

  • удзел у “несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, парушэнне вызначанага парадку правядзення сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый, пікетавання, іншых масавых мерапрыемстваў, а таксама публічныя заклікі да арганізацыі або правядзення такіх з парушэннем вызначнага парадку іх арганізацыі або правядзення”;
  • удзел у “любым відзе дзейнасці, скіраваным на дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь, органаў дзяржаўнай улады і кіравання (уключаючы асабісты ўдзел, пасрэдніцтва або супрацу шляхам аказання паслуг, рэгістрацыю ў экстрэмісцкіх фарміраваннях, распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне або перавозку ў мэтах распаўсюду такой інфармацыйнай прадукцыі)”.

Прэтэндэнт, які не мае “бездакорнай дзелавой рэпутацыі”, не дапускаецца да праходжання кваліфікацыйнага іспыту. Калі высвятляюцца абставіны, якія не дазваляюць казаць пра “бездакорнай дзелавой рэпутацыі”, а чалавек ужо мае атэстат аўдытара, то дакумент анулюецца.

Такім чынам, чалавек, які адбыў тэрмін пакарання паводле аднаго ці некалькіх пералічаных вышэй “палітычных” артыкулаў, фармальна можа быць дапушчаны да іспыту. Аднак сам факт судзімасці, звязанай з тым, што пляміць яго “бездакорную дзелавую рэпутацыю”, не дазваляе яму атэставацца.

Эксперт Беларускага Хельсінкскага камітэта (БХК), юрыст-міжнароднік і праваабаронца Кацярына Дэйкала сёлета ў лютым адзначала, што легалізацыя рэпрэсій праходзіць у Беларусі ў тым ліку праз доступ да прафесіі “ў абмен на лаяльнасць” і “бан на прафесіі для пэўных груп”: перакладчыкі, гіды, педагагічныя работнікі.

У верасні спікер зноў звярнула ўвагу на ідэалагічны кантроль некаторых прафесій. У прыватнасці, для рыэлтараў пасведчанне на ажыццяўленне адпаведнай дзейнасці анулюецца, калі яго ўладальнік удзельнічаў у “несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах”.

Дэйкала падкрэсліла, што людзі, якія мелі судзімасць або прыцягваліся да адказнасці паводле “палітычных” артыкулаў КК і КаАП заканадаўча паражаныя ў правах у Беларусі. Іх “пазбаўляюць права свабоднага выбару працы, уводзяцца забароны на шэраг прафесій, яны не могуць быць педагагічнымі работнікамі, натарыусамі, рыэлтарамі, аўдытарамі, антыкрызіснымі кіраўнікамі”.

Даведка “Позірку”:

  • арт. 3411 — прапаганда або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюд нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі;
  • арт. 342 — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх;
  • арт. 3422 — неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў;
  • арт. 361 — заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;
  • арт. 3611 — стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім;
  • арт. 3612 — фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці;
  • арт. 3613 — удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу;
  • арт. 3614 — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці;
  • арт. 3615 — праходжанне навучання або іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці;
  • арт. 3691 — дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь;
  • арт. 3692 — незаконныя атрыманне і (або) выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі;
  • арт. 3693 — публічныя заклікі да арганізацыі або правядзення незаконных сходаў, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі або пікетавання або ўцягвання асоб у удзел у такіх масавых мерапрыемствах.
Падзяліцца: