На фоне пачашчэння паветранай кантрабанды з Беларусі ў Літве могуць увесці адказнасць за пагрозу грамадзянскай авіяцыі

24 кастрычніка, Позірк. Пасля наплыву аэрастатаў з кантрабандай з Беларусі, які адбыўся ў ноч на 22 кастрычніка, Камісія па нацыянальнай бяспецы Літвы абмеркавала перагляд крымінальнай адказнасці, каб “падобныя інцыдэнты кваліфікаваліся значна больш строга”, паведаміў у эфіры радыё LRT кіраўнік Нацыянальнага цэнтра кіравання крызісамі (НЦКК) Вілмантас Віткаўскас.
Паводле яго слоў, гаворка ўжо не проста пра кантрабанду, а пра бяспеку паветранай прасторы і грамадзянскай авіяцыі.
Віткаўскас заявіў, што для барацьбы з паветранай кантрабандай “усе комплексныя захады эфектыўныя і дзейсныя”. “Пытанне ў тым, як хутка мы іх рэалізуем і якая будзе рэакцыя Беларусі. Бо, як вядома, без удзелу або папушчальніцтва беларускіх уладаў такога феномену не існавала б”, — падкрэсліў кіраўнік НЦКК.
На яго думку, важныя дыпламатычныя намаганні, ціск на рэжым Аляксандра Лукашэнкі, магчымасць закрыць мяжу з Беларуссю. Рэакцыя беларускага боку паказвае, што апошняя мера “дзейсная і балючая для рэжыму”, адзначыў чыноўнік.
Кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (САДМ; уваходзіць у структуру Міністэрства ўнутраных спраў) Рустам Любаеў паведаміў, што апошнім часам актыўна абмяркоўваецца пытанне ўзмацнення адказнасці для кантрабандыстаў. Паводле яго слоў, цяпер асоб, якія маюць дачыненне да кантрабанды, у залежнасці ад абставін штрафуюць на сумы, якія могуць даходзіць да некалькіх тысяч еўра. “Але мы бачым, што адказнасць сапраўды павінна быць больш строгай”, — падкрэсліў кіраўнік памежнай службы.
Паводле інфармацыі Любаева, МУС ужо прадставіла для міжведамаснага ўзгаднення праект паправак да КК, які прадугледжвае адказнасць за пагрозу грамадзянскай авіяцыі, а таксама адказнасць за кантрабанду небяспечным спосабам. “Гэта значыць па паветры — ці то шары, дроны або іншыя беспілотныя апараты. Думаю, што ў найбліжэйшы час міжведамаснае ўзгадненне завершыцца, і мы прадставім гэтыя прапановы апарату прэзідэнта ды Сейму”, — сказаў ён.
Паводле слоў кіраўніка САДМ, кантрабанда з дапамогай паветраных шароў “пакуль не выкарыстоўвалася для іншых мэтаў”. Ён адзначыў, што шары некіраваныя, палёт “моцна залежыць ад умоў надвор’я, напрамку ветру”, “вельмі складана разлічыць месца прызямлення”.
“Таму выкарыстоўваюцца GPS-перадатчыкі, каб пасля падзення можна было знайсці груз. За ўвесь гэты перыяд, пачынаючы з мінулага года, не было зафіксавана ніводнага выпадку, каб перавозіліся іншыя грузы, акрамя цыгарэт”, — адзначыў Любаеў, дадаўшы, што кожны месяц з Беларусі прылятае 50–80 шароў.
Пасля апошняга інцыдэнту з аэрастатамі было затрымана чатыры чалавекі. Ад пачатку года ў сувязі з паветранай кантрабандай затрымалі больш за 100 чалавек. Паводле слоў кіраўніка САДМ, усе затрыманыя асобы — грамадзяне Літвы. Прамога кантакту з пастаўшчыкамі яны не маюць, зносіны, як правіла, вядуцца праз сацыяльныя сеткі, што “ўскладняе дзеянні супраць арганізатараў”.
22 кастрычніка МЗС Літвы ўручыла часоваму паверанаму ў справах Беларусі ноту пратэсту ў сувязі з “неаднаразовымі і частымі парушэннямі паветранай прасторы Рэспублікай Беларусь”. Было заяўлена, што “незаконнае пранікненне групы метэазондаў <…>, зафіксаванае радыёлакацыйнымі сродкамі, стварыла пагрозу грамадзянскай авіяцыі і грамадскай бяспецы”, а парушэнне працы Вільнюскага аэрапорта “пацягнула за сабой фінансавыя страты”.
Літоўскае знешнепалітычнае ведамства назвала падобныя выпадкі “грубым парушэннем міжнароднага права”. Вільнюс заклікаў Мінск забяспечыць кантроль сваёй паветранай прасторы, а таксама запатрабаваў правесці расследаванне здарэння.
МЗС папярэдзіла, што ў выпадку паўторных незаконных парушэнняў паветранай прасторы Літва пакідае за сабой права зрабіць “адпаведныя захады ў адказ”.
У ноч на 22 кастрычніка ў Літву з боку Беларусі масава заляцелі метэаралагічныя шары, якія кантрабандысты апошнім часам выкарыстоўваюць для дастаўкі цыгарэт. Праз палёт паветраных шароў прыпыняў працу аэрапорт Вільнюса, у выніку чаго праз скасаванне або затрымку рэйсаў пацярпела каля 4 тыс. чалавек.
Акрамя таго, праз метэазонды, што прыляцелі з боку Беларусі, Літва закрывала мяжу.
7 кастрычніка стала вядома, што літоўскія ўлады абмяркоўваюць магчымасць пастрожыць адказнасць за незаконнае захоўванне цыгарэт. Прычына тая ж — усё больш частыя выпадкі парушэння паветранай прасторы Літвы аэрастатамі з кантрабандай з Беларусі.

- Грамадства, Навіны Германіі
- Эканоміка
- Грамадства
- ПалітыкаЛатушка заявіў аб сачэнні за супрацоўнікамі НАУ ў Літве, Германіі, ЧэхііМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- ЭканомікаБеларусь на трэцім месцы ў ЕАЭС паводле пакрыцця знешняга доўгу міжнароднымі рэзерваміМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- ЭканомікаУ Беларусі другі месяц запар памяншаецца намінальны сярэдні заробак (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- АнонсыАнонсы падзей на 24 кастрычніка — 30 лістапада 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка


