«Linux па-беларуску»: 39 перакладаў праграм на беларускую на адной старонцы
Плюс адзін цікавы праект па тэхнічных перакладах — аматар беларушчыны запусціў сайт «Linux па-беларуску».
Там ён збірае спасылкі на самі пераклады (ад Telegram да duckduckgo), а таксама слоўнікі і сайты/праграмы, што дапамагаюць пісаць па-беларуску правільна. Пры гэтым ён не мовазнаўца і наогул працуе барменам у Італіі (што? так!).
Пагутарылі пра сам праект, а скончылі разважаннямі, ці ж гэта нармальна, калі аматары перакладаюць камп’ютарныя праграмы.
«Праграмы з закрытым кодам звычайна пасылаюць цябе куды падалей»
— Чаму сайт называецца менавіта «Linux па-беларуску», калі насамрэч там шмат іншых перакладаў?
— Першапачаткова планавалася, што там будзе толькі Linux. Усё гэта пачалося з Mastodon — я прачытаў у вас на сайце пра беларускі сервер АйЦіБарады, зайшоў туды і ўбачыў плашку, маўляў, «вы можаце дапамагчы з перакладам».
А калі вы пачынаеце перакладаць, то ўжо не можаце спыніцца, гэта як наркотык. Так што спачатку я дапамог з перакладам Mastodon на iOS, а потым стаў глядзець, што б яшчэ перакласці. Пачаў шукаць праекты, якія мне цікавыя. Напрыклад, паўдзельнічаў у перакладзе Node.js, хаця цяпер яго ўжо архівавалі і беларускую адтуль прыбралі.
І паціху я пачаў весці канал з яшчэ адным чалавекам. Не буду называць ягонага імя, бо ён яшчэ ў Беларусі. Але ён займаецца перакладамі даволі даўно, цягам мінімум 10 гадоў, і рэдагуе маю працу. Пазначае памылкі, скідвае спасылкі на слоўнікі, каб я ведаў, як пісаць той ці іншы тэрмін правільна.
Літаральна нядаўна я вырашыў у дадатак да канала яшчэ зрабіць Notion-старонку. Цяпер там 39 праектаў — усё, што я знайшоў і што можна перакласці. Асабіста ў гэты момант я займаюся Tor Project, сайт быў нядаўна пераведзены ў рэліз.
У нас сабраныя open-source праграмы, таму што праграмы з закрытым кодам звычайна пасылаюць цябе куды падалей, калі ты хочаш нешта зрабіць. Так, у нас былі ініцыятывы наконт Discord, Twitch. Але колькі б людзей там не прагаласавала за дадаванне беларускай мовы, мы нічога не даб’ёмся. Пакуль у гэтым не зацікаўлены наш урад, на гэтым «нашыя паўнамоцтвы ўсё».
Напрыклад, прадукцыя Apple таксама не мела ўкраінскай мовы ў інтэрфейсе, але потым Зяленскі злётаў у Каліфорнію, пагутарыў з Цімам Кукам, і на здзіўленне ўсё з’явілася. Таму трэба, каб нехта з нашай улады падтрымаў гэтую ініцыятыву.
«На мой погляд, перакладаць можа абсалютна кожны»
— Якімі рэсурсамі сучаснай камп’ютарнай тэрміналогіі вы карыстаецеся пры перакладах?
— Напрыклад, ёсць Termic.me — гэта добрая альтэрнатыва Microsoft Terminology Search.
Арыентуюся на тэрміналогію ад Microsoft, Samsung. Тут з галавы нічога прыдумаць не атрымаецца. У крайнім выпадку ёсць падобныя праекты. Напрыклад, тыдзень таму з’явілася ініцыятыва па праекце deck.blue, кліент Bluesky. Я паглядзеў, што там зусім мала, умоўна, 200 з нечым радкоў, і перавёў за вечар, выкарыстоўваючы тэрміналогію з Mastodon.
Калі гэта нейкі спецыфічны праект, то выкарыстоўваюцца іншыя, пабочныя сайты. На крайні выпадак у нас ёсць чацік. Ну і, канешне, мой знаёмы, пра якога я казаў, вельмі дапамагае.
— Атрымліваецца, у вас невялікі досвед у перакладах?
— Так, у мяне невялікі досвед у перакладах, умоўна, дзесьці крыху большы за паўгода. Але я вам так скажу — па-першае, усё прыходзіць з досведам, як і паўсюль.
Чым больш людзей пачне перакладаць, тым лепш, а памылкі пасля будуць выпраўленыя. Напрыклад, нядаўна я заходзіў на сайт Fedora, і там было напісана не «беларуская», а «белорусский». Я гэта выправіў. То-бок вы можаце памыліцца, але потым прыйдзе чалавек, які выправіць.
— Ці не можа быць такога, што, калі тэхнічнымі перакладамі будуць займацца толькі аматары, памылкі замацуюцца як літаратурная норма?
— Малаверагодна, гледзячы пра якія праекты мы з вамі гаворым. Бо ёсць праекты вялікія, якія кантралююцца, дапусцім, як той жа пераклад Proton ці Ubuntu. Там дрэнны пераклад ніколі не пройдзе, бо я ведаю чалавека, які гэта ўсё правярае, і ён надае па шапцы, калі вы дапусціце памылку.
Калі ж мы гаворым пра іншыя праекты, то часта там няма ніякай групы людзей, у асноўным перакладаюць адзіночкі, і няма каму за імі ўсё гэта правяраць. Але не, памылковыя словы не замацуюцца. Тэрміналогія ўжо ёсць. Я знаю нашых, там будзе вельмі шмат незадаволеных, так што гэта будзе выпраўлена з цягам часу.
Калі людзі зразумеюць, што яны могуць працаваць без асуджэння з боку сваіх суграмадзян, праграмы будуць перакладацца хутчэй. Напрыклад, ёсць GitLab, і, на мяне, гэта самы вялікі праект з усіх паказаных, бо там каля 20 тысяч радкоў. І чым больш людзей ім зоймецца, тым хутчэй перакладаецца.
Я выступаю за тое, каб у людзей быў выбар. Каб яны заходзілі ў праграму, і там не было толькі рускай па змоўчанні. Каб, калі яны хочуць, маглі пераключыцца на беларускую.
Як я ўжо казаў, без удзелу нашай дзяржавы мы ў плане такіх вялікіх і закрытых праектаў нічога не зробім.
— А што гэта за «Праекты GitHub», якія таксама прысутнічаюць на вашай старонцы?
— Я часцяком сяджу на нашым серверы Mastodon, і там вельмі часта мільгаюць праекцікі, якія ў асноўным рэпосціць АйЦіБарада. Гэта open-source праекты, за якімі цікава сачыць і якія можна неяк падтрымаць сваімі ведамі.
Напрыклад, я чуў, што сайт праекта «Правільна!» будзе праходзіць рэдызайн. Можна з гэтым дапамагчы, калі ў вас ёсць магчымасць. Ну і ў прынцыпе праект сам па сабе цікавы. Калі вы жадаеце загаварыць правільна, ён дапаможа.
Бліц-апытканка:
— Праграма ці аплікацыя?
— Праграма.
— Карыстач ці карыстальнік?
— Карыстальнік.
— Спампавасць ці сцягнуць?
— Спампаваць.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам, увагай і данатамі.
І яшчэ крыптой, тут кашалькі.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by