Дапамажыце dev.by 🤍
Падтрымаць

«Калі б у нас быў бюджэт, мы б усіх разварушылі, як Тэйлар Свіфт». Гаворым з заснавальніцай Ū Hub пра стартапы ў Польшчы

Тры гады таму ў Варшаве з’явілася кам’юніці для беларускіх, украінскіх і іншых стартапаў у Польшчы — Ū Hub.  Сёння яно аб’ядноўвае каля 2500 чалавек і арганізуе тэматычныя івэнты накшталт FuckUps Nights, пітчынгаў і мітапаў пра AI.

Dzik Pic пагутарыў з яго заснавальніцай, Веранікай Ліндарэнка, якая таксама з’яўляецца кансультанткай па маркетынгу, на тэму «зорных» стартапаў, дапамогі ад польскіх венчурных фондаў і праграм для рэлакантаў. 

Пакінуць каментарый
«Калі б у нас быў бюджэт, мы б усіх разварушылі, як Тэйлар Свіфт». Гаворым з заснавальніцай Ū Hub пра стартапы ў Польшчы

Тры гады таму ў Варшаве з’явілася кам’юніці для беларускіх, украінскіх і іншых стартапаў у Польшчы — Ū Hub.  Сёння яно аб’ядноўвае каля 2500 чалавек і арганізуе тэматычныя івэнты накшталт FuckUps Nights, пітчынгаў і мітапаў пра AI.

Dzik Pic пагутарыў з яго заснавальніцай, Веранікай Ліндарэнка, якая таксама з’яўляецца кансультанткай па маркетынгу, на тэму «зорных» стартапаў, дапамогі ад польскіх венчурных фондаў і праграм для рэлакантаў. 

За якімі стартапамі цяпер варта сачыць?

Ū Hub запусціўся ў маі 2021-га — спачатку як суполка ў тэлеграме. Але яго ўдзельнікі даволі хутка развіртуаліліся і цяпер сустракаюцца на «жывых» івэнтах — звычайна ў Польшчы. Але ў лістападзе кам’юніці плануе правесці сваё мерапрыемства на Web Summit (падрабязнасці пакуль невядомыя, але абяцаюць, што будзе крута).

Цяпер у суполцы каля 90 стартапаў. Як сказалі Dzik-у, гэтая колькасць пастаянна змяняецца, так як «адныя праекты сыходзяць у заход, але на іх месца заўсёды прыходзяць новыя».

Так што замест дакладных падлікаў Dzik спытаў у Веранікі, каго можна назваць «зорачкай» супольнасці, за якой варта сачыць. 

  • FAMS Алены Малюцінай. Гэта праграма, якая дапамагае развіваць навык усвядомленых зносін з дзіцем. Стартап нядаўна падняў pre-seed раўнд, у тым ліку ад амерыканска-польскага фонду SMOK Ventures.
  • Skich ад Сяргея Будкоўскага (дарэчы, менавіта Сяргей калісьці параіў Вераніцы запусціць Ū Hub). Груба кажучы, гэта сацсетка для мабільных геймераў, якая дапамагае адкрываць новыя гульні, лагіраваць гульнявы час і глядзець, у што гуляюць сябры. Праект ужо падняў інвестыцыі і цяпер арыентуецца на рынак ЗША.
  • AIstats — мабільная праграма, якая паказвае футбольным заўзятарам тэхналогіі машыннага навучання. Яна хутка развіваецца і шукае людзей (падрабязнасці вось тут).
  • Marketowl — інструмент, каб рабіць аўтаматычныя пасты з дапамогай AI у X / былы твітэр і LinkedIn. Як кажа Вераніка, яна ўжо выкарыстоўвае гэтую тулу ў працы — але не як замену SMM-шчыку, а, хутчэй, як дапаможны інструмент. 
  • Filmustage — стартап для кінаробаў (інтэрв’ю са стваральнікамі можна пачытаць вось тут). Кінаіндустрыя — вельмі кансерватыўная сфера, якая больш спадзяецца на паперу і аловак, чым праграмы, але беларусы спадзяюцца гэта змяніць.


І яшчэ варта адзначыць Govar для анлайн-спікінг клабаў; праграму з гіперлакальным AI-прагнозам надвор’я Rainbow, AI-праграму для цяжарных і бацькоў Soula Care і многіх іншых. 

На якія рынкі арыентуюцца рэлаканты ў Польшчы?

Паводле слоў Веранікі, у асноўным «прыезджыя» стартапы імкнуцца не зацыклівацца на польскім рынку. Тым больш, што гэтая ніша ўжо занятая мясцовымі кампаніямі. Замест гэтага рэлаканты імкнуцца ісці на захад, на плацежаздольныя рынкі накшталт ЗША.

— Беларусы яшчэ раней прывыклі выкручвацца. Таму што ў Беларусі рынку практычна не было, і даводзілася глядзець на іншыя краіны.

Замест лакальных праблем мы канцэнтруемся на глабальных. А палякі могуць глядзець унутр і рабіць прадукты для Польшчы. Тым больш што краіна хутка развіваецца.

Вераніка Ліндарэнка. Фота: Facebook Ū Hub

У тым ліку з гэтай прычыны палякі могуць не баяцца канкурэнцыі з боку беларусаў і ўкраінцаў, якія прыехалі.

— Вядома, я магу судзіць толькі са свайго вопыту, але мне здаецца, што канкурэнцыя з боку прыезджых тут у асноўным у сферы грамадскага харчавання або б’юці, — кажа Вераніка. — Бо ў сферы стартапаў палякі больш арыентуюцца на свой, польскі рынак, а мы, умоўна, робім амерыканскі. У нас розная мэтавая аўдыторыя.

Ну і я была на скрыжаванні палякаў-украінцаў-беларусаў. Напрыклад, вяла на Emerging Founders «круглы стол» па маркетынгу і не ўбачыла паміж удзельнікамі варожасці. Хутчэй, усё спрабавала адно аднаму дапамагчы.

Як гэта дапамагае беларускім стартапам у Польшчы?

Ū Hub — гэта не толькі тэлеграм-чаты, дзе можна сабраць фідбэк на свой прадукт ці кінуць спасылку на лінк. Кам’юніці яшчэ ладзіць сустрэчы ў рэальнасці: буйныя мітапы, пітч-сэсіі, майстар-класы, Fuckups Nights і часам — варкшопы з запрошанымі беларускімі экспертамі.

Такія івэнты ладзяцца для супольнасці, каб удзельнікі маглі завесці карысныя знаёмствы, паслухаць дасведчаных фаўндараў і інвестараў, абмяняцца экспертызай, знайсці сабе каманду і гэтак далей. 

— Напрыклад, не так даўно мы правялі FuckUps Nights — вырашылі затэсціць такі фармат на просьбу кам’юніці, — расказвае Вераніка. — На апошнім мерапрыемстве было чалавек 200. З прыкольнага: вельмі класны зрабілі мітап пра AI. Правялі яго ў Google Campus, падключылі беларускую дыяспару.

Паклікалі «Інклюзіўнага барысту», заказалі крафтавае піва з бара Karma. Выступалі Аляксандр Табольскі з Naviband і супрацоўнік Pinterest Сяргей Малюцін (адзін з кафаўндараў Vochi). Руся агучыла пераходы паміж блокамі. А яшчэ культурная фундацыя Augmentika рабіла нам дызайн маек для спікераў, распрацаваны з дапамогай AI з улікам іх захапленняў.

Думаю, калі б у нас быў бюджэт, які б дазваляў рэалізаваць усе ідэі, то мы б тут ужо ўсіх разварушылі як Тэйлар Свіфт.

На мітапы прыходзіць да 250 чалавек (з вельмі простай прычыны, больш на пляцоўцы партнёраў Ū Hub-а Google Campus не змесціцца). І два апошнія івэнты: FuckUps Nights і вялікі мітап па фандрайзінгу з Барысам Муселяком са Smok Ventures, — хаб правёў на англійскай. Каб можна было запрашаць польскіх спікераў і гледачоў і рэлаканты маглі інтэгравацца ў мясцовую стартап-экасістэму.

Але тут варта ўставіць рэмарку: як выявілася, мясцовыя бізнэсмены вельмі не любяць затрымлівацца на нэтворкінг-частку, «прыязджаюць на гадзіну, а потым кудысьці ўцякаюць». Так што, калі будзеце на такім івэнце, паспрабуйце наладзіць сувязі з палякамі на самым пачатку. 

Таксама ў Ū Hub ёсць пітч-сесіі.

— Гэта вельмі клёвая штука.  Я яе прыдумала, калі заўважыла, што людзі не вельмі пітчаць стартапы, таму што або няўпэўнена валодаюць ангельскай, або не ўмеюць выступаць публічна, або самое мастацтва правядзення прэзентацыі ў іх не да канца прапрацаванае.

Так што цяпер кам’юніці запрашае на івэнты ментараў, якія ацэньваюць пітчы ўдзельнікаў і трэніруюць іх перад выступам. Пры канцы найлепшым выдаюць падарункі ад спонсараў і партнёраў. Напрыклад, кансультацыі ў крутога спецыяліста з венчурнага фонду або парада ад юрыдычнай фірмы Revera — залежыць ад партнёра.

Фота: Facebook Ū Hub

Дапамога ў пошуку працы

Акрамя вышэйпералічанага, Ū Hub яшчэ дапамагае людзям шукаць працу або, наадварот, знаходзіць супрацоўнікаў у каманду. У супольнасці ёсць канал Ū_Jobs, у якім любы чалавек можа бясплатна апублікаваць сваю вакансію і рэзюмэ. Плюс кам’юніці прасоўвае рэзюмэ таленавітых спецыялістаў праз падборкі ў сваіх сацсетках.

«Зводніцтва»

Акрамя таго, Ū Hub займаецца, паводле выразу Веранікі, «зводніцтвам». То-бок ён можа неафіцыйна «звесці» стартап з інвестарам, або спецыяліста з кампаніяй.

У прыватнасці, цяпер у хабе шукаюць стартапы на ранняй стадыі, якія хочуць трапіць у спіс для Fiedler Capital.

«Гэта фонд з Латвіі, ён сам нас знайшоў, — тлумачыць Вераніка. — Шчыра кажучы, я стукаюся да многіх інвестараў. Але адгукаюцца нямногія. Усё ж да беларусаў ёсць трохі перадузятае стаўленне, не ўсе гатовыя ўкладвацца».

Якія праграмы для стартапаў рэлакантаў ёсць у Польшчы?

Вераніка раіць глядзець два рэсурсы. Першы — тэлеграм-канал @westart_community, які якраз спецыялізуецца на фандрайзінгу ў Польшчы і ЕС. І другі — сайт Polski Fundusz Rozwoju. У прыватнасці, вось па гэтай спасылцы можна паглядзець праграмы для новых бізнэсаў, у тым ліку стартапаў.

— Ці акей польскія фонды з беларускімі стартапамі? Так, як я казала раней, той жа SMOK Ventures уклаўся ў FAMS. Яшчэ, наколькі знаю, укладваюцца польска-ўкраінскі Flyer One Ventures, балтыйскія фонды, згаданы Fiedler Capital або FIRSTPICK.

Але фонды адказваюць доўга і часам могуць нават знікнуць, што нармальна, улічваючы, колькі ім пішуць кожны дзень. З беларусамі прасцей, таму што мы заўсёды на сувязі, стараемся трымацца адзін аднаго. У прыватнасці, у праекты ўкладваюцца Беларускія бізнес-анёлы. 

Важная заўвага: звычайна, калі фонд укладваецца ў стартап з беларускімі каранямі, то ён хоча або нават патрабуе, каб юрыдычная асоба была ў Еўропе ці ЗША. Таму што ўкладаць грошы ў стартапы з беларускай юрыдычнай асобай або фаўндарам, які фізічна знаходзіцца ў Беларусі, немагчыма праз санкцыі. 

Таксама, дадае Вераніка, фонд можа папрасіць беларускі стартап пацвердзіць у сацсетках, што той не падтрымлівае расійскай улады. Напрыклад, пра гэта казаў startup adbisor & бізнес-анёл Павел Май, з якім прадстаўнікі хаба сустрэліся на каву на канферэнцыі Web Summit.

Як манетызуецца Ū Hub?

Калі коратка, то цяпер кам’юніці праводзіць платныя мерапрыемствы і шукае на іх спонсараў. Праўда, асноўную частку заробленага Ū Hub выдаткоўвае на самі івэнты (ежу, напоі, фота, відэа, друк) і тулы для працы. Так што пакуль, жартуюць заснавальнікі, мільёнаў зарабіць не атрымалася: «Але мы робім гэта не дзеля грошай, а дзеля зносін з крутымі людзьмі і падтрымкі беларусаў. А грошы прыйдуць (ці не)». 

Акрамя таго, Ū Hub рыхтуе канферэнцыю CHLEB для дызайнераў, прадуктаў і фаўндараў разам з дызайн-школай CIDR Family. Абяцаюць кейноўты ад спікераў з Google, EPAM і беларускіх/польскіх стартапаў, а таксама варкшопы і партфоліа-рэв’ю.

Наогул, у хаба вялікія планы. Ён плануе паставіць на паток некаторыя фарматы івэнтаў, зрабіць хакатон і праект для падтрымкі фаўндарак, арганізаваць праграму навучання і палепшыць warm intros з інвестарамі.

— Мы будзем і далей актыўна піярыць сваю супольнасць на міжнароднай арэне, каб пра беларусаў гаварылі як пра перспектыўную ІТ-нацыю і далей.

Добры імідж фармуецца не адразу, але я веру, што нас зноў запаважаюць і пачнуць давяраць беларусам і іх бізнэс-праектам — кажа Вераніка.

Сярэдні чэк — да 15 тыс. долараў дапамагаем толькі беларусам. Гутарым з інвестарам пра перазапуск Angels Band
Сярэдні чэк — да 15 тыс. долараў, дапамагаем толькі беларусам. Гутарым з інвестарам пра перазапуск Angels Band
Па тэме
Сярэдні чэк — да 15 тыс. долараў, дапамагаем толькі беларусам. Гутарым з інвестарам пра перазапуск Angels Band
«Пашпарт меў значэнне толькі на пачатку вайны». Фаўндарка CactusSoft запусціла ў Даніі стартап — ён вымярае ціск па сэлфі
«Пашпарт меў значэнне толькі на пачатку вайны». Фаўндарка CactusSoft запусціла ў Даніі стартап — ён вымярае ціск па сэлфі
Па тэме
«Пашпарт меў значэнне толькі на пачатку вайны». Фаўндарка CactusSoft запусціла ў Даніі стартап — ён вымярае ціск па сэлфі
Беларусы запусцілі ў Польшчы акселератар для стартапаў-пачаткоўцаў
Беларусы запусцілі ў Польшчы акселератар для стартапаў-пачаткоўцаў
Па тэме
Беларусы запусцілі ў Польшчы акселератар для стартапаў-пачаткоўцаў

Хочаце паведаміць важную навіну? Пішыце ў Telegram-бот

Галоўныя падзеі і карысныя спасылкі ў нашым Telegram-канале

Абмеркаванне
Каментуйце без абмежаванняў

Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.

Каментарыяў пакуль няма.