Дапамажыце dev.by 🤍
Падтрымаць

«Пашпарт меў значэнне толькі на пачатку вайны». Фаўндарка CactusSoft запусціла ў Даніі стартап — ён вымярае ціск па сэлфі

Заснавальніца CactusSoft Вера Рашэціна прадала бізнэс і пераехала з Мінска ў Данію яшчэ ў 2019 годзе. Там яна адкрыла стартап Workee — сэрвіс, які злучае работнікаў і працадаўцаў на рынку HoReCa. У 2020 годзе стартап прайшоў сід-раўнд у Даніі, у каманды (праграму рабілі беларусы) былі вялікія планы, але ўжо пасля пачатку вайны ва Украіне кампанія сутыкнулася з санкцыямі. Цяпер у Веры — новы праект. Мы распыталі яе пра Workee, новы стартап (гучыць як магія) і пабудову бізнэсу ў крызісных умовах. 

6 каментарыяў

Заснавальніца CactusSoft Вера Рашэціна прадала бізнэс і пераехала з Мінска ў Данію яшчэ ў 2019 годзе. Там яна адкрыла стартап Workee — сэрвіс, які злучае работнікаў і працадаўцаў на рынку HoReCa. У 2020 годзе стартап прайшоў сід-раўнд у Даніі, у каманды (праграму рабілі беларусы) былі вялікія планы, але ўжо пасля пачатку вайны ва Украіне кампанія сутыкнулася з санкцыямі. Цяпер у Веры — новы праект. Мы распыталі яе пра Workee, новы стартап (гучыць як магія) і пабудову бізнэсу ў крызісных умовах. 

Як маецца Workee

Workee цяпер у рэжыме падтрымкі. Мы будавалі яго як міжнародны стартап, збіраліся выйсці на многія рынкі, Данія мелася стаць толькі выпрабавальным шарам. Але нашыя дацкія інвестары (некалькі бізнэс-анёлаў і два дзяржаўныя фонды) былі катэгарычна супраць запуску ў іншых краінах, пакуль мы не пакажам устойлівага росту ў Даніі. На радзе дырэктараў яны блакавалі рашэнні пра выхад на рынак Германіі або Швецыі.

Потым пачалася вайна, а з ёй у Данію прыйшоў крызіс і беспрацоўе, і мы сталі губляць абароты.

Калі ў Workee размяшчаецца вакансія (прыбіральшчык лесвіцы, памочнік на кухні, кур’ер), на яе адгукаецца 300-500 аплікантаў за дзень.

Прычым у Даніі параўнальна няшмат уцекачоў і рэлакантаў, але тыя, што ёсць, вельмі актыўныя. Людзі гатовыя працаваць на любой працы, і кампаніям не абавязкова плаціць такім правайдарам, як Workee.

Атрымліваецца, мы не змаглі прыцягнуць інвестыцыі нават не праз санкцыі, а праз страту кліентаў. На нямецкі рынак мы ўсё ж такі выйшлі год таму, але ўжо не было грошай на маркетынг. Дарэчы, у Германіі сітуацыя адваротная: эканоміка расце, нам было лёгка знайсці кампаніі, гатовыя плаціць, але складана знайсці кандыдатаў — яны ўсе працаўладкаваныя.

У выніку праект выйшаў на плато: нам хапае на штодзённыя выдаткі, а на рост ужо не. Праграма працуе ў Даніі і Германіі, сузаснавальнікі (сярод іх тэхдырэктар, некалькі праграмістаў, дызайнер і маркетолаг) падтрымліваюць яго, але новая распрацоўка не вядзецца. Усе фаўндары заняліся іншымі праектамі або знайшлі працу. Я таксама зафіксавала ніжэйшы за сярэдні вынік і пераключылася на новы праект.

Аднак зусім нядаўна на радзе дырэктараў адзін з інвестараў прапанаваў падключыцца да аперацыйнай дзейнасці. У яго добры вопыт, прычым менавіта ў Даніі, так што для кампаніі гэта пазітыўны паварот.

А як маецца Black Owl, мэблевая кампанія Андрэя Рашэціна (мужа Веры), якая таксама пацярпела праз санкцыі пасля 24.02

З Black Owl усё як мае быць. Прэтэнзія была да паставак сыравіны з Беларусі, цяпер у кампаніі новыя пастаўшчыкі сыравіны і новыя перавозкі, а вытворчасць захавалася ў Беларусі і Польшчы. Попыт добры.

Heartery.ai. Пра што праект

Я сустрэла кафаўндара выпадкова. У 2022 годзе маю 9-гадовую дачку дэпартавалі праз тое, што ў пандэмію яна адсутнічала ў Даніі 6,5 месяцаў (можна было толькі шэсць). Толькі праз паўгода ўдалося зрабіць ёй новыя дакументы.

У той перыяд я звярталася да юрыстаў, міграцыйных службаў, арганізацый па абароне правоў імігрантаў. Вярнуць дачку назад было паўнавартаснай працай. Адначасова я размаўляла з людзьмі, якія былі ў падобных сітуацыях. А такіх людзей у Даніі шмат, бо міграцыйная палітыка тут жорсткая. Так я пазнаёмілася з Леа Разенбаўмам, які таксама адчуў на сабе строгасць міграцыйнай палітыкі Даніі, хоць жыве тут больш за 30 гадоў.

Леа расказаў мне ідэю свайго стартапа. Ён працаваў аналітыкам у health tech праектах у Інстытуце даследаванні будучыні і прыдумаў праграму, якая дапамагае людзям з гіпертаніяй. Мне імгненна спадабалася гэтая ідэя. Так з’явіўся стартап Heartery.ai.

За 2,5 гады мы распрацавалі праграму (пакуль толькі для айфонаў) і заручыліся падтрымкай Дацкага таварыства гіпертэнзіі. Галоўны кардыёлаг Даніі — наш эксперт, ён мае намер правесці клінічную валідацыю нашага рашэння. Ужо цяпер у адной з дацкіх бальніц пацыенты карыстаюцца праграмай у тэставым рэжыме. У Леа там ёсць офіс, ён кожны дзень працуе з пацыентамі. А ў чэрвені быў рэліз Heartery.ai у Appstore.

У карыстальнікаў Heartery.ai некалькі спосабаў увесці даныя ў праграму:

  1. Падключыцца да Apple Health.
  2. Падключыцца да танометра (у нас інтэграцыя з Omron і мы працуем над іншымі інтэграцыямі) — гэта самы надзейны спосаб.
  3. Сфатаграфаваць экран танометра — праграма распазнае лічбы і ўвядзе іх у каляндар.
  4. Ацаніць ціск па відэа (літаральна днямі мы зрабілі рэліз гэтай функцыі).

Ціск па відэа. Што за дзіва-фіча

Скура на твары тонкая. І калі здымаць сябе на відэакамеру на працягу хвіліны, тэхналогія па мікратоках пад скурай распазнае ўзровень ціску, пульс і некаторыя іншыя параметры. 

Тэхналогію распрацавала польская кампанія, яе папярэдне валідавалі ва ўніверсітэце Уроцлава, ліцэнзія на выкарыстанне тэхналогіі дасталася нам на добрых умовах. Гэта працуе на звычайных смартфонах пры розным асвятленні. Пакуль праграма толькі для айфонаў, але для Android яна таксама пратэсціраваная.

Усе, каму мы гэта паказваем, кажуць: «Ваў, як такое можа быць?»

Паказчыкі дакладныя. Так, вока не бачыць мікратокаў, а штучны інтэлект бачыць. Вось у гэтым і прыгажосць нашага часу, што з’яўляюцца прарыўныя тэхналогіі і прылады. Медыцынскі танометр з манжэткай — гэта па-ранейшаму самая дакладная прылада, але цяпер на рынак выходзяць таксама сэнсары, якія можна прымацаваць да скуры, татуіроўкі-налепкі, сядушка для туалета, кашулі, якія вымяраюць ціск. 

У нас ёсць каманда: два распрацоўшчыкі, два дызайнеры (усе беларусы, жывуць у Польшчы), доктар і некалькі эдвайзераў — у Даніі, Вялікабрытаніі і Венгрыі. 

Мы бачым гэты кірунак як вельмі перспектыўны. З аднаго боку, ужо ёсць сфармаваны рынак праграм для адсочвання ціску. Гэта проста календары, яны не даюць рэкамендацый, тым не менш іх «рэтэншан» вышэйшы, чым у індустрыі здароўя ў цэлым, і гэта добра. З другога боку, ёсць індустрыя праграм у галіне ЗЛЖ, але ніхто пакуль не робіць праектаў на скрыжаванні ціску і ЗЛЖ (харчаванне, практыкаванні, стрэс).

У свеце 1,4 млрд чалавек з высокім ціскам. Гіпертанія — адная з галоўных прычын смерці. На Захадзе не так проста трапіць да доктара, прыёму ў кардыёлага іншы раз даводзіцца чакаць некалькі месяцаў. І што ж чалавеку рабіць у гэты час? Доктар проста кажа: вядзіце ЗЛЖ, харчуйцеся правільна. А як гэта? Як даведацца, ці шкодная перад табой ежа, ці не; як не перавышаць 5-грамовага ліміту солі на дзень; якія практыкаванні рабіць і колькі, каб не павысіць, а панізіць ціск; як справіцца са стрэсам? Для адказаў на гэтыя пытанні мы і распрацавалі праграму.

Нашыя рэкамендацыі не медыцынскія, але канкрэтныя. Мы дапамагаем дактарам, а не замяняем іх. Ужо цяпер праграма скажа, колькі солі змяшчае пэўная ежа (дастаткова навесці камеру на гатовую страву або прадукт у пакунку), параіць, што карыснага для сэрца прыгатаваць з прадуктаў у халадзільніку. А яшчэ разлічыць рызыка інфаркту або інсульту, прапануе персаналізаваны план практыкаванняў, раскажа пра пабочныя эфекты лекаў. Heartery.ai дапаможа нават даць рады дрэннаму настрою, пастаяннаму спадарожніку перападаў ціску.

На што разлік у крызіс

Вонкавых інвестыцый у Heartery.ai яшчэ не было, мы «бутстрэпілі». Пакуль у нас усё на крохкай стадыі, але мы разлічваем, што сваімі сіламі запусцім маркетынг, пачнем прыцягваць карыстальнікаў, а потым і фінансаванне. Праграма — платная.

Ці глядзяць інвестары на грамадзянства фаўндараў? Здаецца, пашпарт меў значэнне толькі на пачатку вайны.

Цяпер інвестары звяртаюць увагу больш на рэзідэнцтва і — галоўнае — на рост стартапа.

Можа, для расійскіх фаўндараў тэма пашпарта ўсё яшчэ актуальная, а для беларусаў — не.

Калі пачынаеш новы праект, глуздамі разумееш, што шанцаў на поспех 2-3%, але думаеш, што няўдача — гэта пра іншага. А потым сутыкаешся з рэальнасцю, у якой, як бы ні стараўся, усё можа абваліцца праз вонкавыя або ўнутраныя фактары, нейкую памылку або проста няўдалыя час/месца. Я фаўндарка са стажам, ад 24 гадоў штосьці ствараю, мне хапіла часу зразумець і прыняць гэта. Так што для мяне пачатак працы над Heartery.ai быў як глыток свежага паветра.

Так, у сферы інвестыцый па-ранейшаму «ядзерная зіма». Прыцягнуць грошы на этапе ідэі або ранняга прадукту вельмі цяжка — спачатку трэба паказаць прадукт і плацежаздольных карыстальнікаў.

У той жа час рабіць прадукты і маркетынг стала значна танней — дзякуючы тэхналогіям і крызісу на рынку з’явіліся людзі, з якімі можна дамовіцца на прымальных умовах. Такое бывае рэдка, за гэта я люблю крызісы. І гэта пытанне не толькі грошай, а ў прынцыпе даступнасці людзей з каштоўным вопытам. У іх з’явіўся час, яны цікавяцца тым, што адбываецца вакол, а не проста працуюць на буйныя кампаніі за зп. Выдатны момант для запуску.

«Баялася ці захаваю розум». Фаўндарка правяла год у няволі — цяпер у яе новы дом і бізнэс але ўжо ў іншай краіне
«Баялася, ці захаваю розум». Фаўндарка правяла год у няволі — цяпер у яе новы дом і бізнэс, але ўжо ў іншай краіне
Па тэме
«Баялася, ці захаваю розум». Фаўндарка правяла год у няволі — цяпер у яе новы дом і бізнэс, але ўжо ў іншай краіне
«Цяпер найлепшы час каб пачынаць стартап». Пра што Юрый Мельнічак размаўляў з камюніці ў Варшаве?
«Цяпер найлепшы час, каб пачынаць стартап». Пра што Юрый Мельнічак размаўляў з кам’юніці ў Варшаве?
Па тэме
«Цяпер найлепшы час, каб пачынаць стартап». Пра што Юрый Мельнічак размаўляў з кам’юніці ў Варшаве?

Хочаце паведаміць важную навіну? Пішыце ў Telegram-бот

Галоўныя падзеі і карысныя спасылкі ў нашым Telegram-канале

Абмеркаванне
Каментуйце без абмежаванняў

Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.

zabelarus14
zabelarus14 Инженер в НИИ им. Баца
-4

Потом началась война, а с ней в Данию пришёл кризис и безработица

это правда. всегда тех, кто влезет в войну будет ждать голод холод и нищета. хорошо что наш Президент нас от этого бережет и не реагирует на военные провокации

2

А я думал, что это люди у нас просто мирные и не хотят воевать фиг пойми за чтои за кого. При чем здесь президент?

Каментарый скрыты за парушэнне правілаў каментавання.

Правила тут, их всего 5

Каментарый скрыты за парушэнне правілаў каментавання.

Правила тут, их всего 5

zabelarus14
zabelarus14 Инженер в НИИ им. Баца

Каментарый скрыты за парушэнне правілаў каментавання.

Правила тут, их всего 5

0

Уже сейчас приложение скажет, сколько соли содержит такая-то еда (достаточно навести камеру на готовое блюдо или продукт в упаковке)

Значит ли это, что если в одну тарелку положить рис, сваренный без соли, а во вторую положить рис, сваренный в подсоленной воде, то ваше приложение различит эти блюда и определит количество соли, попавшее во время варки во вторую порцию?

Карыстальнік адрэдагаваў каментарый 7 кастрычніка 2024, 23:10