Місія дэмсіл ва Украіне і BySol адкрылі збор на генератары для трох устаноў у Чарнігаўскай вобласці (дапоўнена)

25 лістапада, Позірк. Місія дэмакратычных сіл Беларусі ва Украіне і фонд салідарнасці BySol адкрылі збор “Цяпло для Украіны” на генератары для трох устаноў у Чарнігаўскай вобласці.
Як адзначаецца, да 25 снежня плануецца сабраць 15 тыс. еўра.
Генератары атрымаюць ліцэй імя Соф’і Русавай і Цэнтр першаснай медыка-санітарнай дапамогі “Здаровая сям’я” ў пасёлку Рэпкі, а таксама навучальны цэнтр міжнароднага легіёна Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны, дзе праходзяць падрыхтоўку замежныя добраахвотнікі.
“Расійская армія працягвае ўдары па сістэме энергазабеспячэння Украіны, — гаворыцца ў рэлізе ініцыятараў збору. — Падчас адключэнняў спыняюцца помпы і абсталяванне, ад якога залежыць праца ўстаноў. З генератарамі ліцэй, медыцынскі цэнтр і навучальны цэнтр змогуць працаваць і без цэнтралізаванага электразабеспячэння”.
Генератары набудуць па патрэбах, узгодненым з атрымальнікамі.
Як адзначыла на брыфінгу 25 лістапада прадстаўніца BySol Маша Анімія, фонд працуе з падтрымкай Украіны практычна з першага дня пачатку поўнамаштабнай вайны.
У прыватнасці, паводле яе слоў, у першыя гады ўзаемадзеянне вялося з рознымі ўкраінскімі партнёрскімі арганізацыямі: “Пасля засяродзіліся на працы з беларускімі добраахвотнікамі, іх сем’ямі і валанцёрамі”.
Як адзначыла Анімія, указаная ў зборы сума — гэта мінімум, бо “няма такой канчатковай лічбы, якая б закрыла ўсе патрэбы Украіны ў генератарах або нейкіх прыстасаваннях, якія дапамагаюць вырабляць электраэнергію, дапамагаюць здабываць ваду, святло і гэтак далей”.
Яна падкрэсліла, што мэта сабраць не 15 тыс. еўра, а “моцна-моцна больш”. Усё будзе залежаць ад таго, наколькі “беларусы, дыяспары і, магчыма, тыя, хто спачувае”, здольныя збіраць сродкі.
“Мне здаецца, што гэта будзе вельмі класны жэст салідарнасці для беларусаў, — лічыць прадстаўнік фонду. — Бо я ведаю, што ёсць вельмі шмат людзей, якія спачуваюць, але яны па тых ці іншых сваіх поглядах і прычынах не могуць падтрымліваць усё, што звязана з вайной наўпрост, з нейкімі закупкамі, з вайскоўцамі і гэтак далей. Але такога роду сацыяльныя праекты, яны вар’яцкі важныя”.
Анімія падкрэсліла, што сёння ва Украіне “генератары — гэта далёка не пра камфорт, гэта пра тое, што можна функцыянаваць”: “Я, як чалавек, які жыве ва Украіне ўжо не адзін год, выдатна ведаю, што такое застацца без электрычнасці, без вады, без ацяплення. Я гэтага не жадаю абсалютна нікому. Усё, што мы зможам зрабіць у гэтым кірунку, мы зробім”.
Яна таксама паведаміла, што цана на тыя віды генератараў, якія могуць закрыць патрэбы названых устаноў, складае каля 5 тыс. еўра, таму заяўленая сума збору — 15 тыс.
24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшую ў Еўропе пасля Другой сусветнай. Рэжым Лукашэнкі прадаставіў арміі РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а затым цягам многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў.
21 ліпеня 2022 года ў інтэрв’ю французскаму інфармацыйнаму агенцтву “Франс Прэс” Лукашэнка паведаміў, што з Беларусі ва Украіну была ўведзеная 20-тысячная групоўка расійскіх войскаў. Пасля паўночныя тэрыторыі былі вызваленыя.
Паводле звестак журналістаў-расследвальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы цяпер актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- ГрамадстваЗа дзесяць месяцаў у Беларусі выяўленыя 784 выпадкі ВІЧ-інфекцыіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства



