Мінск 19:40

Вайскоўцы Беларусі і РФ лічаць неабходным распрацаваць новую супольную праграму абароны чыгунак

Ілюстрацыйнае фота: Johannes Plenio / unsplash.com

17 лістапада, Позірк. Пра неабходнасць распрацаваць “новую праграму Саюзнай дзяржавы ў галіне тэхнічнага прыкрыцця чыгунак” было заяўлена 17 лістапада ў Слуцку (Мінская вобласць) на пасяджэнні аб’яднанага савета транспартных войскаў Беларусі і галоўнага ўпраўлення чыгуначных войскаў Мінабароны РФ.

Паводле інфармацыі беларускага ваеннага ведамства, у сустрэчы, якая прайшла ў 30-й асобнай чыгуначнай брыгадзе, узялі ўдзел першы намеснік начальніка Дэпартамента транспартнага забеспячэння Мінабароны Беларусі Андрэй Раманеня, начальнік галоўнага ўпраўлення чыгуначных войскаў Мінабароны РФ Алег Брагін, начальнік дэпартамента абароннай прамысловасці і вайскова-тэхнічнай супрацы пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Вадзім Дзянісенка ды “іншыя прадстаўнікі транспартнай сферы”.

Бакі таксама “падвялі вынікі двухбаковай супрацы ў 2026 годзе і вызначылі задачы на 2027-ы”.

У Палажэнні аб транспартных войсках Рэспублікі Беларусь, зацверджаным указам № 312 ад 10 траўня 2006 года, тэхнічным прыкрыццём чыгуначных і аўтамабільных дарог, іх участкаў і аб’ектаў называецца “комплекс інжынерных, арганізацыйных ды іншых мерапрыемстваў, якія ажыццяўляюцца ў мірны і ваенны час для ўсебаковай падрыхтоўкі чыгуначных і аўтамабільных дарог <…>, а таксама сіл і сродкаў транспартных войскаў, дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, што адказныя за чыгуначны і аўтамабільны транспарт, да ліквідацыі наступстваў разбурэнняў, атрыманых у выніку ўздзеяння праціўніка”.

На прэзентацыі даклада “Мілітарызацыя Беларусі” 13 кастрычніка ў Варшаве публічны прадстаўнік аб’яднання BelPol Мацвей Купрэйчык заявіў, што Расія апошнім часам “фактычна аплачвае мадэрнізацыю вайсковай інфраструктуры Беларусі”.

Паводле яго сцвярджэння, расіяне сярод іншага “ўмацоўваюць беларускае чыгуначнае палатно”, каб па рэйках пасля магла перамяшчацца вайсковая тэхніка.

Пасля поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну 24 лютага 2022 года, якое адбылося ў тым ліку з беларускай тэрыторыі, на інфраструктуры Беларускай чыгункі пачасціліся дыверсіі. “Рэйкавыя партызаны” пашкоджвалі рэлейныя шафы — абсталяванне, якое аўтаматызуе рух цягнікоў. Некаторых з іх затрымлівалі брутальна — з ужываннем агнястрэльнай зброі. Многія пасля былі пазбаўленыя волі на працяглыя тэрміны.

Паводле звестак праваабарончага цэнтра “Вясна”, на люты 2026 года па справах аб дыверсіях было асуджана не менш за 41 чалавека. Сярод іх людзі, абвінавачаныя ў пашкоджанні чыгуначнай інфраструктуры.

Падзяліцца: