Мінск 13:10

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 11 чалавек

Ілюстрацыйнае фота: Marco Chilese / unsplash.com

15 верасня, Позірк. Беларуская праваабарончая супольнасць 15 верасня прызнала палітвязнямі яшчэ 11 чалавек, вынікае з сумеснай заявы, апублікаванай, у прыватнасці, на сайце цэнтра “Вясна”. Цяпер у спісе гэтай арганізацыі 912 чалавек з такім статусам.

Праваабаронцы адзначаюць, што прыцягненне да крымінальнай адказнасці паводле арт. 130 КК “следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна для абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады”.

Ім вядома пра асуджэнне Эдуарда Курляндчыка (арт. 130, 361, 3614; 8,5 года пазбаўлення волі); Ігара Панкова (арт. 130, 368; 1,5 года); Дзяніса Адаміна (арт. 188, 130, 3614, 367, 368; 8 гадоў); Міраслава Бандарэнкі (арт. 130, 361, 368; 3 гады); Сяргея Зінчанкі (арт. 368, 130, 356; 10 гадоў); Яўгена Руммо (арт. 130, 361, 3611; 4 гады); Івана Кавальчука (арт. 130, 368, 3614; пазбаўленне волі, тэрмін невядомы).

“Таксама стала вядома пра зняволенне Канстанціна Харытоненкі паводле ч. 2 арт. 3613 КК за “фінансавую падтрымку ўзброенай барацьбы” за незалежнасць Украіны — на 5 гадоў пазбаўлення волі”, — адзначылі праваабаронцы.

У заяве адзначаецца, што “адвольныя абвінавачанні ў асабліва цяжкіх злачынствах супраць дзяржавы працягваюць выкарыстоўвацца ў інтарэсах падаўлення правоў і свабод”. У прыватнасці, абвінавачваючы грамадзян паводле арт. 365 КК у “здрадзе дзяржаве” за цалкам правамерныя дзеянні, “улады эксплуатуюць недасканалыя, празмерна размытыя фармулёўкі дыспазіцыі пазначанага артыкула і вяртаюць юрыдычныя практыкі ў самыя змрочныя часы сталінскай дыктатуры”.

Праваабаронцам вядома, што Ягора Сацішуру (арт. 356); Яраслава Галоўчанку (арт. 356, 295 і 289); Уладзіміра Капузу (арт. 295, 289, 356) асудзілі “з грубымі парушэннямі міжнародных стандартаў і права на справядлівы суд”. Усе трое прыгавораныя да зняволення, тэрміны невядомыя.

Прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці запатрабавалі перагледзець вынесеныя гэтым людзям прыгаворы, вызваліць іх, а таксама ўсіх палітвязняў, “перагледзець палітычна матываваныя выракі і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны”.

Апрача “Вясны” дакумент падпісалі Lawtrend, “Прававая ініцыятыва”, Беларускі ПЭН, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава і Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Даведка “Позірку”:

  • арт. 130 — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы;
  • арт. 188 — паклёп;
  • арт. 289 — акт тэрарызму;
  • арт. 295 — незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў;
  • арт. 356 — здрада дзяржаве;
  • арт. 361 — заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;
  • арт. 3611 — стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім;
  • арт. 3613 — удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка альбо падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу;
  • арт. 3614 — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці;
  • арт. 367 — паклёп у дачыненні да прэзідэнта;
  • арт. 368 — абраза прэзідэнта.
Падзяліцца: