Мінск 16:08

Колькасць бязвізавых наведвальнікаў Беларусі з краін Еўропы крыху павялічылася

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Дзяржаўнага пагранічнага камітэта

14 верасня, Позірк. З 7 па 13 верасня ў Беларусь у бязвізавым парадку ўехала 4.946 (тыднем раней — 4.656) жыхароў еўрапейскіх дзяржаў, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

Колькасць паездак такіх гасцей крыху павялічылася пасля зніжэння, якое назіралася ўвесь жнівень і першы тыдзень верасня.

За мінулы тыдзень у Беларусь прыбыло 1.899 грамадзян Літвы (тыднем раней — 1.777), 1.331 грамадзянін і неграмадзянін Латвіі (1.063), 797 грамадзян Польшчы (784), 919 грамадзян іншых еўрапейскіх дзяржаў са спіса пашыранага бязвізу (1.032).

З сярэдзіны вясны 2022 года Беларусь наведала 1.432.453 жыхары Еўропы. З Латвіі прыбыло 455.667 замежнікаў, з Літвы — 724.112, з Польшчы — 160.882. У рамках пашыранага бязвізу для 35 еўрапейскіх дзяржаў з сярэдзіны лета 2024 года ў Беларусь уехала 91.792 чалавекі.

Для жыхароў Літвы і Латвіі бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года, Польшчы — з 1 ліпеня таго ж года, яшчэ 35 краін Еўропы — з 19 ліпеня 2024-га.

9 снежня 2025 года Аляксандр Лукашэнка падоўжыў бязвізавы ўезд для грамадзян 38 еўрапейскіх краін да 31 снежня 2026 года ўключна.

Пашыраны бязвіз тычыцца жыхароў Аўстрыі, Андоры, Бельгіі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Ватыкана, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Кіпра, Ліхтэнштэйна, Люксембурга, Мальты, Манака, Нідэрландаў, Нарвегіі, Партугаліі, Румыніі, Сан-Марына, Паўночнай Македоніі, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі ды Эстоніі.

Большасць гэтых краін улады лічаць “недружалюбнымі” за тое, што яны ўвялі санкцыі альбо далучыліся да іх.

Падзяліцца: