Мінск 23:29

Хрэнін абмеркаваў з намеснікам міністра абароны Ірана пытанні двухбаковага супрацоўніцтва ў ваеннай сферы

Фота: Мінабароны

27 красавіка, Позірк. Пытанні двухбаковага супрацоўніцтва ў ваеннай сферы абмеркавалі міністр абароны Віктар Хрэнін і намеснік міністра абароны і падтрымкі Узброеных сіл Ірана Рэза Сейфалах Талай Нік, паведамляе беларускае абароннае ведамства.

Сустрэча прайшла ў Бішкеку (Кыргызстан), куды Хрэнін прыбыў 26 красавіка на нараду міністраў абароны дзяржаў — членаў ШАС. Адзначаецца, што бакі таксама “абмяняліся думкамі па глабальнай і рэгіянальнай бяспецы”.

Асаблівая ўвага на сустрэчы была ўдзелена сітуацыі на Блізкім Усходзе. Беларускі бок “пацвердзіў сваю паслядоўную і прынцыповую пазіцыю па пытаннях міжнароднай бяспекі”.

Заяўляецца, што “адзіны шлях вырашэння ўсіх супярэчнасцяў — вяртанне ў рэчышча палітыка-дыпламатычнага ўрэгулявання і інтэнсіфікацыя перамоўнага працэсу”.

28 лютага Ізраіль і ЗША пасля правалу перамоваў па ядзернай праграме Тэгерана пачалі ваенныя аперацыі супраць рэжыму аятол у Іране. У выніку быў забіты вярхоўны лідар Ірана Алі Хаменеі, а таксама іншыя прадстаўнікі палітычнага і ваеннага кіраўніцтва Ірана.

Тэгеран наносіў удары ў адказ. Іранскім нападам падвяргаўся не толькі Ізраіль, але і іншыя краіны Блізкага Усходу.

У выніку адной з іранскіх ракетных атак у Ізраілі загінуў ураджэнец Беларусі, які пражываў там, усяго прамымі і ўскоснымі ахвярамі такіх дзеянняў стала 29 чалавек, таксама ў выніку абстрэлаў загінулі чатыры жыхары Палестынскай аўтаноміі.

8 красавіка быў устаноўлены рэжым спынення агню (першапачаткова да 22 красавіка, пасля падоўжаны на перыяд перамоўнага працэсу).

Колькасць ахвяр у Іране дакладна невядомая. Іранскі Чырвоны Паўмесяц паведамляў пра гібель каля 2.000 чалавек і раненні звыш 20.000. Ізраільскія крыніцы заяўляюць пра 7.000 загінулых толькі ў шэрагах сілавых структур Ірана.

Армія ЗША паведаміла пра 13 загінулых амерыканскіх вайскоўцаў у выніку нападаў з Ірана і крушэнні самалёта KC-135 ў Іраку.

Падзяліцца: