ДДБ Літвы заявіў пра правакацыю — меркавана беларускія спецслужбы падманам схіляюць літоўцаў запускаць шары з Беларусі

9 снежня, Позірк. Літоўская выведка “фіксуе новае правакацыйнае дзеянне, скіраванае на ўцягванне грамадзян і жыхароў Літвы ў злачынную дзейнасць у інтарэсах мінскага рэжыму”, гаворыцца ў заяве Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі (ДДБ) гэтай балтыйскай краіны.
Сабраная інфармацыя, як адзначае ведамства, “дазваляе зрабіць абгрунтаванае меркаванне, што аўтарамі і выканаўцамі гэтай аперацыі з’яўляюцца беларускія органы бяспекі і выведвальныя службы”.
“У апошнія тыдні ў “Тэлеграме” асобы, якія выдаюць сябе за супрацоўнікаў ДДБ, прапануюць людзям заробак у абмен на іх згоду выканаць нібыта заданне літоўскай выведкі — паехаць у Беларусь і з яе тэрыторыі запусціць у Літву кантрабандны паветраны шар, — гаворыцца ў заяве. — ДДБ звяртае ўвагу, што такія дзеянні з’яўляюцца грубай правакацыяй супраць нашай дзяржавы. Падобнымі ініцыятывамі беларускі рэжым імкнецца стварыць бачнасць, быццам літоўская выведка сама арганізуе і ініцыюе гібрыдную атаку супраць Літвы, якая цягнецца ўжо больш за месяц”.
Ведамства папярэдзіла, што “асобы, якія паддаліся на падобныя прапановы ў сацыяльных сетках, рызыкуюць стаць інструментамі прапаганды мінскага рэжыму, а тыя, хто вырашыць выехаць у Беларусь, рызыкуюць сваім здароўем і свабодай”, паколькі “там яны могуць быць затрыманыя і прыцягнутыя да суда беларускім КДБ”.
“Літоўская выведка заклікае не паддавацца названым правакацыям і не ўвязвацца ў шкоднасную дзейнасць замежнай дзяржавы, за якую прадугледжана строгая крымінальная адказнасць, — гаворыцца ў дакуменце. — ДДБ нагадвае, што выведвальныя службы Расіі і Беларусі актыўна выкарыстоўваюць “Тэлеграм” для пошуку патэнцыяльных агентаў, іх вярбоўкі і падтрыманні кантактаў з імі”.
9 снежня ўрад Літвы абвясціў экстрэмальную сітуацыю дзяржаўнага ўзроўню праз “гібрыдную атаку Беларусі”. Рашэнне прынятае “ў сувязі з пагрозай нацыянальнай бяспецы дзяржавы і небяспекай для жыцця і здароўя людзей, а таксама для маёмасці і (або) навакольнага асяроддзя, што ствараецца тым, што на тэрыторыю Літвы з Беларусі запускаюцца паветраныя шары, якія перавозяць кантрабанду”.
У гэты ж дзень Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні Савета бяспекі выказаўся наконт “шароў з цыгарэтамі, якія лётаюць ці то ў Літву, ці то з Літвы”. Паводле яго слоў, адбылося “сур’ёзнае абмеркаванне пытання”, аж да “прыцягнення пілотаў грамадзянскай авіяцыі”. Палітык сцвярджае, што прэтэнзіі, якія выстаўляе Літва, “сапраўднасці не адпавядаюць”.
“Тое, што нам сёння высоўваюць літоўцы, — гэта немагчыма, гэта нерэальна. Нават калі б гэтыя шары, як яны кажуць, па 200 (цяпер быццам ці то 20, ці то 50) туды залятаюць… Я размаўляў з лётчыкамі, пілотамі. Яны кажуць, што гэта ніякай праблемы не прадстаўляе. Праблему пачынаюць нагнятаць, палітызаваць. Навошта, паўстае пытанне”, — сказаў Лукашэнка.
Палітык у чарговы раз заклікаў Вільнюс вырашыць усе пытанні шляхам перагавораў. “Мы з народам Літвы заўсёды дамовімся. Як і з палякамі. Гэта нашы людзі. А калі хочаце нармальных стасункаў — сядайце за стол перагавораў і абмяркоўвайце гэтыя праблемы. Мы да гэтага гатовыя. Іншых варыянтаў няма”, — заявіў ён.
Пры гэтым ён агучыў “пункты, якія цікавяць беларускі бок” на патэнцыйных перамовах з Літвой. “Вярніце нам 17 або 20 аўтамабіляў, якія вы скралі. Пажарныя аўтамабілі, якія пастаўлялі ў Зімбабвэ. Нармалізуйце працу нашага санаторыя, дзе мы лячылі чарнобыльскіх дзяцей. Яны ў дзяцей адабралі фактычна санаторый. І вярніце нам грошы за тое, што мы там будавалі порт”, — пералічыў патрабаванні Лукашэнка.
Экстрэмальная сітуацыя ў Літве бестэрміновая, праз месяц магчымы перагляд — залежыць ад сітуацыі з кантрабандай з Беларусі
МЗС Беларусі папракнуў Літву ў адмове ад дыялогу
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаУ 2025 годзе суседнія краіны ЕС зафіксавалі на 6,4 тыс. больш спробаў нелегальнай міграцыі з Беларусі, чым у 2024-м (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаКурс наяўнага долара ў снежні вырас на 0,8%, за 2025 год — знізіўся на 15,5%, за апошнія 10 гадоў — вырас на 65,2% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаБеларусь заняла другое месца на тэрыторыі былога СССР па зніжэнні афіцыйнага курсу долара ў 2025 годзе (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаУ апошні дзень 2025 года Літва зафіксавала 3 спробы незаконнай міграцыі з тэрыторыі БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства



