МЗС Беларусі папракнуў Літву ў адмове ад дыялогу

9 снежня, Позірк. Літва “зноў адмовілася ад дыялогу, нават калі сустрэча была літаральна на адлегласці выцягнутай рукі”, заявіў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Ігар Сакрэта на палях 10-й Кансультатыўнай рады па справах беларусаў замежжа.
Паводле слоў чыноўніка, якія 9 снежня распаўсюдзіла прэс-служба знешнепалітычнага ведамства, Беларусь “паспрабавала выкарыстаць міністэрскую сустрэчу АБСЕ ў Вене для канструктыўнай размовы з літоўскім бокам”.
Дэлегацыя з Мінска, паведаміў Сакрэта, прапанавала Літве “паўнавартасныя кансультацыі: па мяжы, транзіце, лагістыцы, гуманітарных пытаннях — усяму таму, што тычыцца тысяч людзей”.
Сцвярджаецца, што “фінскае старшынства ў АБСЕ прапанавала сваю дапамогу”, узроўні дэлегацый “супадалі — ніякіх перашкодаў”, аднак “Літва адмовілася”.
У Мінска, паводле слоў Сакрэты, складваецца ўражанне, што “любы кантакт з Беларуссю” Вільнюс трактуе “як пройгрыш”, нават калі гаворка “пра вырашэнне паўсядзённых праблем грамадзян”.
Беларусь жа, адзначыў чыноўнік, “цалкам гатовая да прадметнай, сур’ёзнай і доўгатэрміновай працы”. Ён выказаў спадзеў на тое, што ў Літве “пераважаць разумныя галасы профільных ведамстваў, якія разумеюць кошт рэальнага дыялогу”.
9 снежня ўрад Літвы абвясціў ЭС дзяржаўнага ўзроўню праз “гібрыдную атаку Беларусі”. Рашэнне прынятае “ў сувязі з пагрозай нацыянальнай бяспецы дзяржавы і небяспекай для жыцця і здароўя людзей, а таксама для маёмасці і (або) навакольнага асяроддзя, што ствараецца тым, што на тэрыторыю Літвы з Беларусі запускаюцца паветраныя шары, якія перавозяць кантрабанду”.
Урад гэтай балтыйскай краіны нагадаў, што праз пагрозу, якую ствараюць для грамадзянскай авіяцыі паветраныя шары, што прылятаюць з кантрабандай, Вільнюскі аэрапорт з кастрычніка быў закрыты агулам больш за 60 гадзін. Праблема закранула больш за 350 рэйсаў, каля 51 тыс. пасажыраў.
Пазней у гэты ж дзень Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні Савета бяспекі заклікаў Літву да перагавораў.

- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаПры ўдзеле Ціханоўскай у Фларэнцыі адкрыўся Цэнтр беларускай супольнасці, будзе адкрыты прытулак для палітуцекачоў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Бяспека, Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка


