Мінск 23:57

Наўроцкі: Беларусь не валодае патэнцыялам РФ, але таксама ўяўляе пагрозу для Польшчы

Фота: lrt.lt

9 верасня, Позірк. “Беларусь не валодае патэнцыялам, супастаўным з Расіяй, аднак і яна ўяўляе пэўную пагрозу, будучы саюзніцай <…>, малодшым партнёрам РФ”, — заявіў у інтэрв’ю літоўскаму LRT прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі.

“Для ўсіх гэтых пагроз існуе адзін рэцэпт, да якога я пастаянна вяртаюся: неабходна павялічваць патэнцыял узброеных сіл і развіваць цеснае супрацоўніцтва паміж краінамі, для якіх важныя свабода, суверэнітэт і незалежнасць. Тымі краінамі, якія не згодныя з вынішчэннем гэтай сістэмы каштоўнасцяў”, — сказаў Наўроцкі.

Паводле яго слоў, супраць Літвы і Польшчы “ажыццяўляюцца гібрыдныя атакі з усходняга боку”.

“Мы ведаем, што часткай гібрыднай вайны з’яўляецца і Балтыйскае мора, ведаем, што нашы межы зазнаюць міграцыйны ціск. У той жа час мы адказваем за вельмі важную прастору — Сувалкскі калідор, за які нясём адказнасць і мы, палякі, і літоўцы”, — адзначыў польскі прэзідэнт.

Раней прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск паведаміў, што ў ноч на пятніцу 12 верасня Варшава закрые мяжу з Беларуссю, у тым ліку чыгуначныя пераходы. Рашэнне звязана з запланаванымі беларуска-расійскімі стратэгічнымі вучэннямі “Захад-2025”.

Пра дадатковае ўмацаванне межаў з Беларуссю і РФ падчас вучэнняў “Захад-2025” паведаміла 9 верасня і Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (САДМ).

Маштабныя вучэнні “Захад-2025” пройдуць 12–16 верасня. Падчас вучэнняў будуць адпрацаваныя “планаванне прымянення” ядзернай зброі і комплексу “Арэшнік”, а таксама супрацьпаветраная абарона, абарончыя баявыя дзеянні, падтрымка тактычнай авіяцыі і інш.

Паводле даных літоўскай ваеннай выведкі, у манеўрах возьмуць удзел да 30 тыс. вайскоўцаў.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС працягваецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія памежнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія ідуць у Еўрасаюз праз Беларусь, таму што іх туды нібыта паклікалі.

Падзяліцца: