Мінск 23:57

У Мінскай вобласці 10 верасня зноў будзе праверана сістэма апавяшчэння

9 верасня, Позірк. Чарговую “планавую тэхнічную праверку” сістэмы апавяшчэння насельніцтва ў Мінскай вобласці анансавала Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Праверка будзе праведзена 10 верасня з 9:00 да 13:00, падчас яе “будуць уключацца электрасірэны”, гаворыцца ў паведамленні.

МНС заклікала грамадзян “захоўваць спакой” і не рабіць “ніякіх дзеянняў”.

Гэта будзе другая праверка сістэмы апавяшчэння гэтай восенню. Раней паведамлялася пра аналагічныя мерапрыемствы ў Брэсцкай вобласці 9 верасня.

У Гомельскай вобласці аналагічныя праверкі праводзіліся 21 жніўня, 17 ліпеня, 19 чэрвеня, 20 сакавіка і 30 студзеня; у Мінскай — 13 жніўня, 11 чэрвеня і 16 красавіка; у Магілёве — у межах вучэнняў 15–17 красавіка, у Брэсцкай — 12 жніўня, 21 і 8 ліпеня, 30 і 10 чэрвеня, 27 траўня, 22 і 8 красавіка.

13 сакавіка планавую праверку сістэмы апавяшчэння правялі па ўсёй Беларусі.

Пра прычыны такой частай праверкі сістэм апавяшчэння МНС не паведамляе. Разам з тым звяртае на сябе ўвагу той факт, што праверкі праводзяцца ў тым ліку ў абласцях, якія мяжуюць з Украінай, куды рэгулярна ўрываюцца беспілотныя лятальныя апараты, якія меркавана належаць Расіі.

У Беларусі зафіксавана некалькі выпадкаў падзення дронаў на будынкі (у тым ліку ў Мінску), аднак інфармацыі пра тое, што пры гэтым актывавалася сістэма апавяшчэння, няма.

Ад пачатку поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны праверкі сістэм апавяшчэння сістэматычна праходзяць, напрыклад, у Літве, Польшчы, Чэхіі. Для гэтага выкарыстоўваюцца рэпрадуктары на вуліцах, праз якія перадаецца паведамленне і гучыць сірэна.

Падзяліцца: