Мінск 16:55

Амбасадар Амбразевіч абмеркаваў з папам Ільвом XIV супрацу Беларусі і Ватыкана, у тым ліку “гуманітарныя ініцыятывы”

Амбасадар Юрый Амбразевіч і папа рымскі Леў XIV
Фота: прэс-служба МЗС Беларусі

21 чэрвеня, Позірк. Амбасадар Беларусі пры Святым Пасадзе Юрый Амбразевіч 21 чэрвеня ўручыў даверчыя граматы папе рымскаму Льву XIV, паведамляе прэс-служба Міністэрства замежных спраў.

Паводле інфармацыі знешнепалітычнага ведамства, пасля цырымоніі беларускі дыпламат і пантыфік абмеркавалі “актуальныя тэмы міждзяржаўнага парадку дня, уключаючы сітуацыю ў рэгіёне”, а таксама “пытанні далейшага развіцця двухбаковай супрацы Ватыкана і Беларусі на розных узроўнях, гуманітарныя ініцыятывы, праекты ў сферы адукацыі і культуры”.

У снежні 2024 года Савет міністраў пастанавіў адкрыць амбасаду Беларусі пры Святым Пасадзе да 1 верасня 2025-га.

Амбразевіч — раней намеснік кіраўніка МЗС — прызначаны амбасадарам пры Святым Пасадзе сёлета 27 сакавіка. 22 траўня ён дадаткова атрымаў паўнамоцтвы амбасадара пры Суверэнным вайсковым ордэне Шпітальераў святога Іаана Іерусалімскага, Радоса і Мальты, пастаяннага прадстаўніка пры Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН ды іншых міжнародных арганізацыях у Рыме, а таксама пастаяннага прадстаўніка пры ЮНЕСКА.

Фактычна пачаў выконваць абавязкі кіраўніка дыпмісіі напрыканцы вясны — 30 траўня дыпламат уручыў копіі даверчых грамат намесніку Дзяржаўнага сакратара Святога Пасаду па агульных справах Эдгару Пенья Пара.

Дыпламатычныя стасункі паміж беларускай дзяржавай і суверэнным каталіцкім суб’ектам усталяваныя 11 лістапада 1992 года. З таго ж года ў Беларусі дзейнічае дыпламатычнае прадстаўніцтва Святога Пасаду — апостальская нунцыятура.

Інтарэсы Мінска ў Ватыкане дагэтуль прадстаўлялі па сумяшчальніцтве дыпламаты, акрэдытаваныя ў іншых еўрапейскіх краінах або міждзяржаўных структурах. Доўгі час амбасадарам пры Святым Пасадзе быў Сяргей Алейнік, які сумяшчаў гэтую функцыю ў тым ліку з пазіцыяй намесніка міністра замежных спраў (захоўваў статус амбасадара як мінімум да прызначэння кіраўніком МЗС у снежні 2022 года; цяпер з’яўляецца членам Савета Рэспублікі).

8 траўня Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Ільва XIV з выбраннем папам рымскім і запрасіў яго ў Беларусь.

21 траўня афіцыйнае запрашэнне наведаць беларускую зямлю перадаў пантыфіку старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Амбразевіч разам з старшынёй ніжняй палаты беларускага парламента Ігарам Сергеенкам, які ўзначальваў беларускую дэлегацыю, 26 красавіка браў удзел у цырымоніях пахавання ранейшага папы рымскага — Францішка, а 18 траўня — у інтранізацыі Льва XIV.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года стасункі дзяржавы і касцёла ў Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія іерархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія рушылі ўслед за масавымі пратэстамі супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання на карысць Лукашэнкі.

Ад пачатку восені 2020 года да 28 красавіка сакавіка 2025-га, паводле даных ініцыятывы “Хрысціянская візія”, з рэпрэсіямі ў той ці іншай форме сутыкнуліся 34 прадстаўнікі рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі, пяць — грэка-каталіцкай царквы.

Разам з тым, рэжым Лукашэнкі ўсяляк спрабуе прадэманстраваць нармалізацыю стасункаў як з касцёлам у Беларусі, так і з сусветным каталіцызмам у цэлым. Беларускія ўлады неаднаразова заяўлялі пра блізкасць пазіцый Мінска і Ватыкана. Шэраг экспертаў мяркуе, што рэжым выкарыстоўвае кантакты са Святым Пасадам для наладжвання дыялогу з Захадам у цэлым.

Падзяліцца: