
16–17 верасня, Позірк. Па выніках чарговага візіту ў Мінск спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША па Беларусі Джона Коўла (15–16 верасня) з краіны вывезена 25 асуджаных паводле палітычных матываў. Чакаецца памілаванне яшчэ часткі вязняў. Іх колькасць невядомая. Няма пакуль і паведамленняў пра памілаванне.
“Позірк” вёў анлайн-рэпартаж пра падзею.
17 верасня 2026 года
01:40 Сабрана больш за 30.000 еўра. Апошняе на гэтую хвіліну ахвяраванне склала 30 еўра.

01:30 Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра “Вясна” і Беларускай асацыяцыі журналістаў, у зняволенні ўтрымліваецца 886 палітвязняў, у тым ліку 15 супрацоўнікаў СМІ.
01:24 На патрэбы палітвязняў ахвяравана 29.951 еўра пры запыце 25.000 (1.000 на кожнага вызваленага палітвязня). Збор, абвешчаны Фондам салідарнасці BySol, працягнецца да 16 кастрычніка.
00:22 Амерыканская праваабарончая арганізацыя Freedom House вітала вызваленне Таццяны Кузінай — сузаснавальніцы школы маладых менеджараў публічнага адміністравання Sympa, эксперта даследчага праекта bipart. Яна была затрыманая 28 чэрвеня 2021 года пры спробе вылецець у Тбілісі. 17 сакавіка 2023 года Кузіна разам з медыяаналітыкам Валерыяй Касцюговай была асуджаная на 10 гадоў пазбаўлення волі (Касцюгова была памілаваная сёлета 19 сакавіка, пасля папярэдняга візіту Джона Коўла, жыве ў Беларусі).
“Freedom House ганарылася тым, што называла яе (Кузіну. — “Позірк”.) сваім сябрам і партнёрам яшчэ да яе несправядлівага арышту, а нядаўна мы афіцыйна ўзялі яе справу пад сваю апеку ў рамках праграмы імя Фрэда Хаята па вызваленні палітвязняў, далучыўшыся да тых, хто дамагаўся яе неадкладнага і безумоўнага вызвалення. Сёння мы радуемся за Таццяну і іншых беларускіх палітвязняў, якія здабылі свабоду. Ніхто з іх наогул не павінен быў апынуцца за кратамі, а іх свабода ні ў якім разе не павінна была станавіцца прадметам гандлю для рэжыму Лукашэнкі ў абмен на змякчэнне санкцый. У Беларусі за кратамі застаюцца сотні палітвязняў. Мы працягнем патрабаваць іх вызвалення”, — гаворыцца ў заяве.
16 верасня 2026 года
23:55 “Мы неверагодна радыя і адчуваем велізарную палёгку, бачачы, што Андрэй Аляксандраў, Дзмітрый Наважылаў і Кірыл Пазняк нарэшце выйшлі на волю. Яны ніколі не павінны былі апынуцца за кратамі: вітаючы сёння іх вызваленне, мы з болем усведамляем, колькі гадоў жыцця яны страцілі і праз якія жахі ім давялося прайсці толькі за тое, што яны выконвалі сваю прафесійную працу, — заявіла дырэктар Камітэта абароны журналістаў (CPJ) па Еўропе і Цэнтральнай Азіі Фіёна О’Браян. — Мы таксама думаем пра іншых 18 журналістаў, якія ўсё яшчэ застаюцца ў турмах Беларусі. Мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць іх“.
23:07 Прэзідэнт Нацыянальнага фонду ў падтрымку дэмакратыі (NED, ЗША) Дэйман Уілсан заявіў, што “ўдзячны Джону Коўлу за яго нястомную працу па вяртанні беларускіх палітычных зняволеных дадому“: “Важны кожны вызвалены зняволены. І праца працягваецца датуль, пакуль усе, хто быў несправядліва пазбаўлены волі за рэалізацыю сваіх асноўных правоў і свабод, не апынуцца на волі“.
22:55 “Сёння дзякуючы намаганням ЗША было вызвалена 25 палітвязняў. Мы вітаем гэты крок. Больш за 800 чалавек застаюцца пад адвольным арыштам у жахлівых умовах. Рэжым у Беларусі павінен неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітвязняў”, — заявіў прэс-сакратар Еўрасаюза па пытаннях знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі Крысціян Віганд.
21.10 У інтэрв’ю DW Джон Коўл назваў поспехам вызваленне 25 палітвязняў. “Мы рухаемся ў правільным кірунку. <…> Было б выдатна, каб вызваліць 500 чалавек за адзін раз. У дадзены момант, наколькі я ведаю, было вызвалена [агулам] ад 500 да 700 чалавек. А да гэтага нікога не вызвалялі. Нікога. Так што гэта аказалася вельмі паспяховым“. “Прэзідэнт Трамп вельмі задаволены гэтым. І я б сказаў, што ў асноўным ішоў за прыкладам прэзідэнта Трампа: ніякіх папярэдніх умоў для перамоваў, проста перамовы, пачынаць дзейнічаць, не здавацца, працягваць зноў і зноў. І гэта прынесла поспех“, — сказаў Коўл.
“Калі б не гэтыя войны, — працягнуў спецпрадстаўнік, — мы б усіх вывезлі ўжо да наступнага аўторка (22 верасня. — “Позірк“.), але войны ўскладняюць працу нашага ўрада. Яны ўскладняюць працу ўрада Беларусі і ўсіх астатніх у свеце проста зараз. Так што гэта важны фактар. Было б выдатна, калі б гэтыя войны скончыліся проста зараз ці ў бліжэйшай будучыні. Але яны насамрэч моцна ўскладняюць міжнародныя стасункі“.
Паводле слоў Коўла, у канцы сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам ён паціснуў яму руку і спытаў: “Усё яшчэ сябры?” “А ён засмяяўся і адказаў: так”, — заявіў спецпрадстаўнік Трампа.
21:00 У Вільнюсе адбылася сустрэча прэм’ер-міністра Літвы Міндаўгаса Сінкявічуса і Джона Коўла, які вярнуўся з Мінску. Кіраўнік кабінета падзякаваў яму за дыпламатычнае ўзаемадзеянне ЗША з Беларуссю. “Гэта спрыяла вызваленню палітвязняў, а таксама зніжэнню ўзроўню гібрыдных пагроз і напружанасці ў рэгіёне. Урад Літвы падтрымлівае гэтыя намаганні ЗША”, — заявіў Сінкявічус.
20:50 Джон Коўл у сацсетцы Х негатыўна ўспрыняў крытыку зняцця санкцый з Беларусі і патрабаванні адстаўкі прэзідэнта Дональда Трампа: “Хочаце звязацца з кімсьці з тых 700 зняволеных, якія ўжо на волі, і даведацца, што яны адчуваюць?“
20:30 Спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па Беларусі Джон Коўл разлічвае зноў наведаць Мінск “прыкладна праз месяц”, спадзеючыся дамагчыся вызвалення “яшчэ сотняў зняволеных”. Пра гэта ён заявіў у каментары Reuters, які прыводзіць “Позірк“. “Спадзяюся, сотні [будуць вызваленыя]. Не ведаю. Вось на што я спадзяюся. Я ўпэўнены, што мы даможамся значна большага”, — сказаў Коўл.
20:15 Фонд “Краіна для жыцця” тэрмінова збірае сродкі для шэлтэраў у Вільнюсе. Пакуль пералічана 3.350 з 10.000 еўра. Апошнія некалькі гадзін сума не павялічваецца. Тым часам працягваецца збор для вызваленых палітвязняў, абвешчаны Фондам салідарнасці BySol. Ахвяравана на 2 тыс. еўра больш за запрошаную суму (27.081 супраць 25.000 еўра).
20:00 Былы палітвязень, прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта ў 2020 годзе Віктар Бабарыка вітаў вызваленне групы вязняў: “Я на сваім досведзе ведаю, што свабода — абсалютная каштоўнасць. Няма нічога даражэйшага за чалавечую свабоду. Хіба што само чалавечае жыццё. Вызваленне палітычных зняволеных павінна заставацца першараднай задачай. Таму я ўдзячны Джону Коўлу і яго камандзе за намаганні, якія ўжо прынеслі рэальныя вынікі. Іншага інструмента, акрамя перамоваў, не існуе — калі толькі не казаць пра поўную перамогу. Але ў дачыненні да Беларусі пакуль казаць пра гэта немагчыма”. “Безумоўна, перамовы павінны ўлічваць немагчымасць працягу рэпрэсій. Таму што палітвязні — гэта той “тавар“, які рэжым вырабляе самым танным спосабам“, — заявіў Бабарыка, якога вызвалілі і вывезлі ў Германію праз Украіну і Польшчу ў снежні 2025 года.
19:50 Вызваленне і вываз з краіны групы палітвязняў, якая, насуперак прагнозам і чуткам, была нешматлікай, каментуе палітычны аналітык “Позірку“ Аляксандр Класкоўскі ў матэрыяле “25 узников на свободе. Лукашенко боится продешевить, остановить репрессии, но и терять американский трек вряд ли хочет” (на рускай мове).
19:35 Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа сустрэўся з Джонам Коўлам пасля яго вяртання з Мінска. “Літва высока цэніць паслядоўныя намаганні прэзідэнта ЗША [Дональда Трампа], а таксама асабісты ўдзел Коўла ў забеспячэнні вызвалення палітычных зняволеных у Беларусі. Мы працягнем надаваць неабходную падтрымку гэтым гуманітарным місіям“, — адзначыў у Х прэзідэнт, якога цытуе “Позірк”.
19:20 Літоўскія ўстановы “дапамаглі правесці працэдуры перасячэння мяжы“ і забяспечылі бяспечнае прытрымліванне 25 вызваленых беларускіх палітвязняў, паведамляе “Позірк” са спасылкай на МЗС Літвы. “Таксама дзяжураць медыкі, гатовыя ў выпадку неабходнасці надаць медыцынскую дапамогу”, — адзначае ведамства. Удакладняецца, што “ў часткі асобаў не было дакументаў, што сведчаць асобу”.
19:08 Праваабарончая ініцыятыва MAYDAY.TEAM паведамляе, што напярэдадні, 15 верасня, сваякам некаторых палітвязняў тэлефанавалі з калоній і паведамлялі, што раніцай іх родныя будуць на волі. У выніку вязняў не выпусцілі. Абставіны здарэння сваякам не патлумачылі. Вядома пра некалькі такіх выпадкаў. Асацыяцыя былых палітвязняў у выгнанні “ДаВолі” пацвярджае такія тэлефанаванні. Гаворка пра тых, каго павінны былі памілаваць і пакінуць на радзіме. З дасведчаных крыніц “Позірку” вядома, што інфармацыю пра хуткае вызваленне перадавалі і сваякам тых, каго вывезлі за мяжу. Дзяржпрапаганда ў тым, што на волю было адпушчана толькі 25 чалавек, абвінавачвае дэмсілы.
18:46 25.000 еўра на патрэбы вызваленых (па 1.000 кожнаму) і вывезеных у Літву палітвязняў сабрана. Пра экстранную дабрачынную акцыю абвяшчаў Фонд салідарнасці BySol.

18:40 “Рэпарцёры без межаў” апублікавалі пашыраны каментар з нагоды вызвалення групы палітвязняў. Адначасова ўдакладняецца, што сярод вызваленых прадстаўнікоў СМІ не Ірына Злобіна (жонка медыяменеджара Андрэя Аляксандрава, але спецыялізуецца ў іншай сферы), а генеральны дырэктар партала tut.by Людміла Чэкіна.
Арганізацыя вітае вызваленне, але асуджае прымусовую высылку Аляксандрава, Чэкінай, Дзмітрыя Наважылава і Кірыла Пазняка, якія здабылі свабоду “коштам выгнання“. “Іх вызваленне не павінна засланяць той факт, што яны наогул не павінны былі апынуцца за кратамі. Прымусовая высылка з краіны становіцца чарговым актам гвалту, які дапаўняе гады рэпрэсій. Выпадак Дзмітрыя Наважылава, якому заставалася адбыць усяго два месяцы зняволення, асабліва ярка дэманструе жорсткасць гэтай практыкі“, — заявіла загадчык бюро Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі RSF Жанна Кавелье.
Паводле яе слоў, гэтая “карусель рэпрэсій“, пры якой адных палітвязняў вызваляюць, а іншых арыштоўваюць і прысуджаюць да турэмнага тэрміну, павінна спыніцца. Журналістаў “нельга ні саджаць у турму за іх прафесійную дзейнасць, ні выганяць з уласнай краіны“. RSF заклікае беларускія ўлады “неадкладна і безумоўна вызваліць усіх супрацоўнікаў СМІ, якія ўсё яшчэ застаюцца пад вартай“.
На думку арганізацыі, палітвязні выкарыстоўваюцца ў якасці разменнай манеты ў перамовах з краінамі Захаду — у прыватнасці, у абмен на змякчэнне санкцый. “Гэта зусім не азначае спынення рэпрэсій супраць незалежнай прэсы: на сённяшні дзень у Беларусі пад вартай застаюцца 17 работнікаў СМІ“, — адзначае арганізацыя.
18:18 Да канца тэрміновага збору на палітвязняў засталося менш за тысячу еўра: паступіла 24.084 з 25.000 (па 1.000 на кожнага).
17:50 Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка на пытанне “Позірку”, ці варта чакаць, што ў хуткім часе будзе вызвалена больш палітвязняў, адзначыў: “Мы пакуль не ведаем дэталяў [апошніх перамоваў дэлегацыі ЗША з Аляксандрам Лукашэнкам], яшчэ не размаўлялі з амерыканскім бокам”. “Што адбывалася ў Мінску [на гэтых перамовах], для нас, шчыра, невядома — сёння мы прыехалі сустракаць людзей. Але я думаю, што стане ясна — амерыканцы патлумачаць, што адбылося, якія ўмовы там павінны быць выкананыя, пра якія казаў [спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША па Беларусі] Джон Коўл, каб вызвалісь рэшту закладнікаў з турмаў. Мы спадзяемся, што гэта ўсё адбудзецца ў бліжэйшы час — дні, тыдні, не ведаю, колькі гэта пратрывае. Будуць яны амніставаныя ці [будзе выкарыстаная] нейкая іншая працэдура, няважна. Галоўна, каб яны апынуліся на свабодзе. Мы чакаем і людзей з гуманітарнага спісу, мы чакаем і рэшту жанчын, якія сёння не былі вызваленыя. І амерыканцы збіраюцца працягваць гэты трэк, пакуль усе не апынуцца на свабодзе”, — распавёў Вячорка.
17.10 “Я вельмі рады, што на волі, — заявіў журналістам медыяменеджар, лаўрэат прэміі Free Media Awards за 2026 год Андрэй Аляксандраў, які знаходзіўся ў няволі з 12 студзеня 2021 года і асуджаны па “справе БелаПАН“ з абвінавачаннем у “здрадзе дзяржаве“ (14 гадоў пазбаўлення волі). — Наогул, я зразумеў за гэтыя шэсць гадоў, што я вельмі шчаслівы чалавек, таму што такой колькасці добрых людзей ёсць справа да Андрэя Аляксандрава. Столькі цёплых слоў атрымаў за гэтыя шэсць гадоў (пакуль меў магчымасць атрымліваць лісты) ад незнаёмых людзей. Гэта, вядома, досвед, якога я, напэўна, нікому не жадаю, але свае пазітыўныя моманты я адтуль вынес“.
“Людзі там (у няволі. — “Позірк”.) чакаюць [вызвалення]. Ва ўсіх ёсць надзеі на гэты працэс перамоўны, вядома, усе хочуць дадому. Я вельмі спадзяюся, што гэтыя працэсы, якія ідуць, будуць працягвацца і ўсе палітычныя зняволеныя таксама будуць хаця б на маім месцы”.
15:50 Андрэй Аляксандраў уз’яднаўся з Ірынай Злобінай. Пара стала мужам і жонкай у зняволенні. Яны пабраліся шлюбам 1 верасня 2022 года.

15:44 Андрэй Аляксандраў: “Здароўе — выдатна. Трохі схуднеў, пакінуў радзіме 30 кг вагі. Спадзяюся, працэс [вызвалення] будзе працягвацца, засталіся яшчэ палітвязні”.

15:41 Дзмітрый Наважылаў: “У стане эйфарыі. Здароўе — дзякуй; дзякуй богу”.

15:36 Вызваленыя палітвязні прыбылі ў Вільнюс.
15:34 На пытанне, чаму сёння вызвалена толькі 25 чалавек, дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі заявіў: “Кожны раз спісы вызваленых — тых, хто застаецца ў краіне ці выязджае, — абмяркоўваюцца на перамовах. І вынікі могуць быць абсалютна розныя, у залежнасці ад перамоваў, часу. За шэсць мінулых вызваленняў былі розныя прыклады. Найперш трэба парадавацца за 25 чалавек, якіх мы хутка ўбачым. І як спадар Коўл сёння сказаў, адпаведныя меры і крокі павінны быць здзейсненыя, каб вызваленне працягнулася. Будзем спадзявацца, што і далей працягнецца дыпламатычны і гуманітарны трэк”.
15:27 Святлана Ціханоўская з размове з журналістамі выказала надзею, што беларускі рэжым мае намер на працягу бліжэйшых дзён ціха выпусціць палітвязняў на падставе памілавання і пакінуць іх у краіне.
15:25 Сустракаць палітвязняў з Варшавы прыехала Святлана Ціханоўская.
15:16 Дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі паведаміў журналістам, што без пашпартаў із Беларусі былі вывезеныя Павел Белавус (былы дырэктар “Арт-сядзібы”, заснавальнік крамы нацыянальнаый сімволікі Symbal.by), Алесь Чумакоў, Дзяніс Сальмановіч і Яніна Пазняк (дачка журналіста Кірыла Пазняка, які таксама вывезены ў складзе групы).
15:11 Намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Святланы Ціханоўскай, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка падзякаваў Джону Коўлу за вызваленне з дапамогай прэзідэнта ЗША яшчэ 25 чалавек “з турмаў рэжыму Лукашэнкі“. “Вашая праца неацэнная. Нягледзячы на хлусню Лукашэнкі пра тое, што ў Беларусі няма рэпрэсій і палітвязняў, беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі працягваюцца. Паводле звестак праваабарончага цэнтра “Вясна”, у турмах рэжыму застаюцца 886 палітвязняў, а праваабарончая ініцыятыва Dissident.by паведамляе пра 948″, — падкрэсліў Латушка.
14:52 На літоўскай мяжы завяршылася афармленне дакументаў для вывезеных з Беларусі палітвязняў. Група накіравалася ў Вільнюс, паведаміў Офіс Святланы Ціханоўскай.
14:40 На пачатку верасня медыяменеджар, былы намеснік дырэктара БелаПАН Андрэй Аляксандраў быў названы лаўрэатам прэміі Free Media Awards за 2026 год, якую ўручаюць фонды Fritt Ord і Zeit Stiftung Bucerius. Паводле іх, дзякуючы сваёй працы ў незалежным беларускім інфармацыйным агенцтве БелаПАН і Беларускай асацыяцыі журналістаў у мінулыя гады Аляксандраў “дапамог умацаваць прафесійныя стандарты журналістыкі, падтрымаць незалежныя СМІ і пабудаваць міжнародныя сеткі журналістаў і праваабаронцаў”. Уручэнне адбудзецца ў Музеі Мунка ў Осла (Нарвегія) 29 верасня. Чакалася, што замест Аляксандрава ў цырымоніі возьмуць удзел яго калегі-журналісты. Цяпер, калі своечасова будуць аформленыя дакументы, у яго ёсць магчымасць прыехаць у Осла асабіста. Міжнародная прэмія Free Media Awards (да 2016 года вядомая як прэмія імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы”) — адна з найбольш прэстыжных еўрапейскіх узнагарод для журналістаў і незалежных СМІ Усходняй і Цэнтральнай Еўропы.
14:29 Міжнародная арганізацыя “Рэпарцёры без межаў” вітала вызваленне журналістаў Дзмітрыя Наважылава, Кірыла Пазняка, Андрэя Аляксандрава і яго жонкі Ірыны Злобінай. “Аднак прымус іх да эміграцыі ў Літву — гэта жорстка. Усе журналісты, якія ўсё яшчэ знаходзяцца пад вартай, павінны быць неадкладна і безумоўна вызваленыя”, — гаворыцца ў кароткай заяве.
14:20 “Радыё Свабода” адзначае, што ў поўным складзе вызвалены музычны гурт Tor Band (Рагачоў): Яўген Бурло, Дзмітрый Галавач і Андрэй Ярэмчык.
14:17 Для вызваленых палітвязняў сабрана 10.000 з 25.000 еўра.
14:10 Аб’яднаны пераходны кабінет паведаміў, што да прыёму вызваленых у Вільнюсе “загадзя падрыхтаваліся кааліцыі праваабарончых і гуманітарных арганізацый”. “Сярод 25 вызваленых ёсць некалькі чалавек з гуманітарнага спісу — людзі ва ўзросце 60+ і людзі з захворваннямі, якім патрэбная медыцынская дапамога. <…> Для кожнага вызваленага падрыхтаваны набор неабходных на першы час рэчаў: адзенне, сродкі асабістай гігіены, мабільны тэлефон. Ёсць неабходныя лекі і магчымасць аказаць першую медыцынскую дапамогу. <…> Падрыхтаваныя і праграмы рэабілітацыі. Якая менавіта дапамога спатрэбіцца кожнаму чалавеку, будуць вырашаць разам з ім пасля прыезду. Камусьці можа спатрэбіцца асобная кватэра, хтосьці зможа застацца ў шэлтары, а хтосьці — у сяброў, сваякоў ці знаёмых у Вільнюсе. Некалькі вызваленых пасля прыезду ў Літву накіруюцца ў Польшчу”, — адзначаецца ў паведамленні.
14:03 Вызваленне палітвязняў пракаментавала Святлана Ціханоўская: “…Мы <…> бачым, наколькі цяжка ідуць перамовы аб вызваленні людзей. Кожнае вызваленне патрабуе вялікіх намаганняў, і відавочна, што Лукашэнка не хоча адпускаць усіх палітычных зняволеных. Таму я ўдзячная амерыканскаму боку за складаную перамоўную працу, якая працягваецца. Важна, што, нягледзячы на ўсе цяжкасці, яна прыносіць канкрэтны гуманітарны вынік: людзі выходзяць на свабоду. Менавіта таму гэтую працу нельга спыняць. Неабходна, каб Злучаныя Штаты і Еўропа працягвалі каардынаваць свае намаганні і падтрымліваць працэс вызвалення людзей”.
14:00 Фонд салідарнасці BySol абвясціў экстраны збор сродкаў для вызваленых палітвязняў — па 1.000 еўра кожнаму. З 25.000 еўра сабрана 7.558 (30,2%).
13:50 Паводле інфармацыі Офіса Святланы Ціханоўскай, на літоўскай мяжы аформлена 14 з 25 вызваленых. Чатыром пры вывазе з Беларусі не аддалі пашпарт. Вечарам былых палітвязняў чакаюць у Вільнюсе.
13:35 У спісе вызваленых няма журналістаў Дзяніса Івашына (за кратамі з 12 сакавіка 2021 года; асуджаны на 13 гадоў і 1 месяц пазбаўлення волі), Ігара Ільяша (з 22 кастрычніка 2024 года; 4 гады пазбаўлення волі), Паўла Дабравольскага (з 22 студзеня 2025 года; 9 гадоў пазбаўлення волі), Сяргея Сацука (з 8 снежня 2021 года; 8 гадоў пазбаўлення волі).
13:25 Офіс Святланы Ціханоўскай апублікаваў спіс вызваленых і вывезеных у Літву палітвязняў:
1. Андрэй Аляксандраў
2. Павел Белавус
3. Яўген Бурло
4. Ілля Верамееў
5. Дзмітрый Галавач
6. Кірыл Гняздзілаў
7. Ірына Злобіна
8. Дзмітрый Колас
9. Таццяна Кузіна
10. Алена Лазарчык
11. Анастасія Лазарэнка
12. Дзмітрый Наважылаў
13. Павел Петручэня
14. Яна Пінчук
15. Кірыл Пазняк
16. Яніна Пазняк
17. Сяргей Рабцаў
18. Дзяніс Сальмановіч
19. Вольга Строева
20. Андрэй Цалюк
21. Алесь Чумакоў
22. Людміла Чэкіна
23. Яўген Юшкевіч
24. Святлана Якубовіч
25. Андрэй Ярэмчык
12:37 Вызваленыя былы дырэктар інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Дзмітрый Наважылаў (на волю павінен быў выйсці сёлета 7 снежня), былы намеснік дырэктара БелаПАН Андрэй Аляксандраў (тэрмін зняволення да 2034 года), ягоная жонка Ірына Злобіна (да 2029-га).
12:30 Джон Коўл пракаментаваў у Х вынікі перамоваў у Мінску: “Сёння 25 зняволеных выйшлі на волю! Прыхільнасць прэзідэнта Трампа прамой дыпламатыі прыносіць вынікі. Дзякуем прэзідэнту Лукашэнку за гэты крок, а таксама нашым сябрам у Літве — за падтрымку. Мы працягнем развіваць амерыкана-беларускія стасункі і працуем над тым, каб дамагчыся вызвалення яшчэ большай колькасці людзей у найбліжэйшы час. Мы на гэтым не спыняемся!“
12:28 Офіс Святланы Ціханоўскай паведаміў пра адкрыццё “гарачай лініі“ для сваякоў палітвязняў. “Калі вы з’яўляецеся родным ці блізкім палітвязня — звяртайцеся на гарачую лінію @hotline202512. Там можна ўдакладніць усю даступную на дадзены момант інфармацыю аб канкрэтным чалавеку. Звесткі аб вызваленні паступаюць часткамі, і кожнае імя патрабуе праверкі. Папярэднія спісы могуць утрымліваць памылкі, таму мы не публікуем іх, пакуль не пераканаемся ў дакладнасці. Праваабаронцы аператыўна правяраюць інфармацыю, дапамагаюць вызваленым звязацца з роднымі і аказваюць неабходную падтрымку ў першыя гадзіны і дні пасля вызвалення. Інфармацыя будзе абнаўляцца па меры яе паступлення і праверкі“, — гаворыцца ў паведамленні.
11:48 Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі паведаміла аб вызваленні 25 чалавек “у якасці жэсту добрай волі“. У адказ ЗША здымуць санкцыі з двух беларускіх прадпрыемстваў — “Лакафарба“ і “Беллеспаперапрам”. Паводле звестак “Позірку”, гэтых вязняў вывезуць у Літву. Частка палітвязняў (колькасць пакуль невядомая) будзе памілаваная, яны змогуць застацца ў краіне.
10:14 Як стала вядома “Позірку“, каманда Святланы Ціханоўскай прыбыла з Варшавы ў Вільнюс для сустрэчы вызваленых.
15 верасня на сустрэчы з Коўлам Лукашэнка зноў заявіў пра адсутнасць у краіне палітвязняў і адмаўляў новыя арышты з палітычных матываў: “Вельмі шмат размоў перад нашай сустрэчай з нагоды вызвалення, як вы іх называеце, палітвязняў, хоць я яшчэ раз заклікаю вас да таго, каб мы не ўваходзілі ў зман: ніякіх палітвязняў у Беларусі няма, таму што няма такога артыкула ў нашым заканадаўстве. <…> Нашы “збеглыя“ разганяюць тэму на Захадзе, і вас, адчуваю, пераканалі ў тым, паводле маіх звестак, што мы кагосьці тут адпускаем, але, працягваючы рэпрэсіі, на гэтае месца ў два разы больш затрымліваем людзей. Я хачу публічна вам сказаць, што гэта абсалютная няпраўда. У нас няма такой мэты: замест вызваленых людзей адпраўляць новых людзей у папраўча-працоўныя калоніі. Такой у нас праблемы няма, мы гэта не робім і рабіць не будзем”.
У сваю чаргу Коўл, паводле паведамлення прэс-службы Лукашэнкі, на сустрэчы з ім выказаўся за размарожванне ў амерыканскім “Сіцібанку“ грашовых сродкаў у памеры “43-44 млн долараў“, якія нейкая кампанія павінна была пералічыць беларускім уладам, аднак гэтая сума трапіла пад санкцыі.
У канцы жніўня спецпрадстаўнік Дональда Трампа ў інтэрв’ю “Голасу Амерыкі“ заявіў, што дамогся вызвалення 700-800 палітвязняў і спадзяецца неўзабаве давесці гэтую колькасць да 1.000. Такім чынам, на перамовах Вашынгтона і Мінска гаворка магла ісці пра вызваленне 200-300 чалавек.
Па выніках папярэдніх візітаў Коўла ў Беларусь (у якасці спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША па Беларусі, а да лістапада 2025 года — намесніка спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША па Украіне) было вызвалена: 21 чэрвеня 2025 года — 14 чалавек (у т.л. 7 замежнікаў; сярод беларусаў — муж Святланы Тихановской Сяргей Ціханоўскі; усе вывезеныя ў Літву), 11 верасня 2025 года — 52 (у т.л. 14 замежнікаў; усе вывезеныя ў Літву, акрамя Мікалая Статкевіча, які застаўся на мяжы і вярнуўся ў Беларусь), 13 снежня 2025 года — 123 (у т.л. 5 грамадзян Украіны; 114 чалавек вывезена ва Украіну, 9 — у Літву, у т.л. лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру за 2022 год Алесь Бяляцкі), 19 сакавіка 2026 года — 250 (15 вывезена ў Літву, 235 дазволена застацца на радзіме).
У абмен на вызваленне палітвязняў ЗША дазавана здымалі санкцыі з беларускага рэжыму і здзяйснялі ціск на саюзнікаў, у прыватнасці Літву, каб яны пайшлі насустрач Мінску. Пазіцыя саюзнікаў пакуль не змянілася.
Асобна 28 красавіка 2026 года адбыўся шматбаковы “шпіёнскі“ абмен у фармаце “5 на 5“, у які былі ўключаныя двое палітвязняў — палякаў паводле паходжання, Анджэй Пачобут (актывіст польскай меншасці, грамадзянін Беларусі) і Гжэгаж Гавел (польскі манах-кармеліт).
На вызваленых і вывезеных палітвязняў рэжым Лукашэнкі распаўсюдзіў трансгранічныя рэпрэсіі (у т.л. ануляванне пашпартоў), цісне на сваякоў, якія засталіся ў Беларусі.
На раніцу 16 верасня праваабарончая супольнасць прызнае палітвязнямі 912 чалавек.
Вызваленне новай групы палітвязняў супала з 27-й гадавінай выкрадання ў Мінску вядомага апазіцыйнага палітыка, былога сябра каманды Лукашэнкі Віктара Ганчара і ягонага сябра, бізнесмена Анатоля Красоўскага.
Гл. таксама па тэме:
Лукашенко покормил Коула баснями про белый и пушистый режим (на рускай мове)
Лукашенко припас для американцев две наживки — калий и ядерные материалы (на рускай мове)
Посмеиваясь над Лукашенко, Коул вытаскивает его узников (на рускай мове)
Американский трек Лукашенко: Трамп мне друг, но диктатура дороже (на рускай мове)
Анлайн-рэпартаж аб папярэднім вызваленні палітвязняў:
Вызвалены і вывезены ў Польшчу палітвязень Анджэй Пачобут (анлайн-рэпартаж)



