
Сёння, 12 жніўня, споўнілася 70 гадоў Мікалаю Статкевічу — палітыку, чыё імя ў Беларусі даўно стала сінонімам упартасці, якую, здаецца, не здолелі зламаць ніякія турэмныя тэрміны.
Ён нарадзіўся ў 1956 годзе ў вёсцы Лядна ў Слуцкім раёне Мінскай вобласці. На пачатку 1990-х ён, яшчэ афіцэр, выступіў супраць адпраўкі беларускіх салдат у “гарачыя кропкі” паводле дамовы аб калектыўнай бяспецы — і быў звольнены з войска за месяц да абароны доктарскай дысертацыі. Але пасля шырокай публічнай падтрымкі парламент падпісаў дамову аб стварэнні АДКБ з умовай беларусаў у “гарачыя кропкі” не накіроўваць.
У 1995 годзе Статкевіч узначаліў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Народная Грамада). З гэтага часу палітыка стала яго штодзённасцю.
Ужо ў канцы 1990-х Статкевіч стаў, як пісалі пра яго тады, рэкардсменам краіны па колькасці адміністрацыйных арыштаў за арганізацыю вулічных акцый — іх набралася каля трыццаці. Улады заводзілі на яго крымінальныя справы, каб спыніць палітычную актыўнасць.
У 2005-м суд прызначыў палітыку тры гады абмежавання волі за арганізацыю пратэсту супраць вынікаў парламенцкіх выбараў і рэферэндуму, які, паводле звестак Цэнтрвыбаркама, дазволіў Аляксандру Лукашэнку балатавацца на пасаду прэзідэнта неабмежаваную колькасць разоў.
У 2010-м Статкевіч стаў кандыдатам у прэзідэнты. Пасля разгону Плошчы ў дзень выбараў (19 снежня) быў арыштаваны, атрымаў шэсць гадоў зняволення. На волю палітык выйшаў 22 жніўня 2015 года па амністыі, прашэнне аб датэрміновым вызваленні не пісаў. Агулам за кратамі ён тады правёў 1.715 дзён.

Вызваленне ў 2015-м не стала для яго кропкай. Ужо ў наступныя месяцы ён зноў узначальваў вулічныя акцыі, зноў выходзіў з апаратурай і мікрафонам на плошчы. Але і спакою яму не давалі: як пісалі праваабаронцы, пасля 2015-га яго неаднаразова “выкрадалі” і прэвентыўна затрымлівалі перад кожным святам ці масавай акцыяй, саджаючы на “суткі”.
Гады запар, кожнае 29 кастрычніка, Статкевіч арганізоўваў каля будынка КДБ на праспекце Незалежнасці “Ланцуг памяці” — акцыю ў памяць пра больш як сотню беларускіх пісьменнікаў і прадстаўнікоў інтэлігенцыі, расстраляных у 1937 годзе ва ўнутранай турме НКУС. Статкевіч запрашаў людзей праз сваю старонку ў “Фэйсбуку” і кожны раз дзякаваў пасля “ўсім годным людзям” за тое, што прыйшлі.
“Ланцугі памяці” сталі важным рытуалам для неабыякавых і шматгадовай асабістай традыцыяй Стакевіча, які з прыступак змрочнага будынку галоўнай спецслужбы краіны крычаў “Жыве Беларусь!” задоўга да падзей 2020 года.
Апошні арышт Стакевіча адбыўся 30 траўня 2020 года: палітыка затрымалі па дарозе на Камароўскі рынак у Мінску, куды ён ішоў на перадвыбарчы пікет Святланы Ціханоўскай. Арышт перарос у гучную “справу Ціханоўскага”, і ў снежні 2021-га Статкевіча асудзілі на 14 гадоў пазбаўлення волі з утрыманнем у калоніі асаблівага рэжыму. Апошнія перад вызваленнем гады ён правёў амаль у поўнай ізаляцыі — рэжым інкамунікада, без вестак і лістоў, са станам здароўя, якое моцна пагоршылася.
11 верасня 2025 года Лукашэнка “памілаваў” Статкевіча, які яго нібыта збіраўся забіць, разам з 51 іншым зняволеным. Усіх прымусова вывезлі ў Літву. Апроч Статкевіча. Ён на дэпартацыю не пагадзіўся: па дарозе да мяжы выбіў дзверы аўтобуса і выскачыў на нейтральную паласу, а праз некалькі гадзін вярнуўся ў Беларусь — дзе яго адразу затрымалі і зноў этапавалі ў калонію. Гэты ўчынак шмат хто назваў сімвалічным: чалавек, якому прапанавалі свабоду ў абмен на выгнанне, выбраў радзіму. Як выбіраў яе заўсёды.

У лютым 2026-га жонка Статкевіча Марына Адамовіч паведаміла, што ён выйшаў на волю пасля перанесенага ў калоніі інсульту (які лічыць штучна выкліканым) і мае цяжкасці з маўленнем. Нягледзячы на гэта, Статкевіч хутка завёў тэлеграм-канал і пачаў публікаваць аналітычныя артыкулы, першы з якіх быў пра пагрозу расійскай ядзернай зброі ў Беларусі. Нядаўна быў выдадзены зборнік яго турэмных эсэ.
Сёння Мікола Статкевіч — сімвал мужнасці, прынцыповасці, упартасці — сустракае свой 70-ы дзень нараджэння дома, у Мінску, і з’язджаць з радзімы не збіраецца.
Гл. таксама:
Фабрика пыток. Часть узников режима Лукашенко вырвалась из ада, Статкевич бросил вызов адской системе (на рускай мове)



