Мінск 21:14

Лукашэнка абурыўся засіллем рэкламы азартных гульняў, хоць ускосна сам можа быць да гэтага датычны

Аглядальнік "Позірку"
Ілюстрацыйнае фота: Niek Doup / unsplash.com

Аляксандр Лукашэнка абрынуўся на чыноўнікаў з крытыкай праз рэкламу азартных гульняў, якая запаланіла Беларусь. Абурыўшыся тым, што з гэтым бізнесам звязваюць яго блізкае кола, ён загадаў кіраўніку сваёй адміністрацыі Дзмітрыю Крутому “сур’ёзна заняцца” пытаннем анлайн-казіно. Разам з тым расследавальнікі неаднаразова знаходзілі пацвярджэнні таму, што набліжаныя да Лукашэнкі сапраўды курыруюць прынамсі звычайныя казіно, пра што абураны палітык наўрад ці можа не ведаць.

“Паўсюль вы паразвешвалі гэтыя рэкламы [казіно]”, — заявіў Лукашэнка 10 верасня на нарадзе па пытаннях ліцэнзавання асобных відаў дзейнасці.

“Ужо дайшло да таго, выяўляецца, [што] гэтым займаецца мая сям’я. Мая сям’я акурат мяне грызе кожны дзень, яны мяне душаць, каб я на гэта ўвагу звярнуў, што робіцца ў краіне. У нас усе гэтую гусь круцяць (“круціць гусь” заклікаў, у прыватнасці, беларускі спявак Аляксандр Саладуха ў рэкламе анлайн-казіно MaxLine. — “Позірк”.) ці як там называецца ў вас? Што гэта такое?” — звярнуўся ён да прысутных.

Нягледзячы на тое, што анлайн-казіно і падобныя арганізацыі плацяць падаткі ў Беларусі, “адступлення ад інтарэсаў дзяржавы быць не павінна”, папярэдзіў прамоўца. Акрамя таго, паводле яго слоў, “там велізарныя грошы сыходзяць за межы [беларускай] дзяржавы”.

“Звярніце ўвагу на гэтыя “Фонбет” (адна з найбуйнейшых расійскіх букмекерскіх кампаній, якая прымае стаўкі на спартыўныя і кіберспартыўныя спаборніцтвы. — “Позірк”.) і казіно. Так, яны недзе плацяць грошы, так, яшчэ нешта. Але гэта не значыць, што ўся краіна [мае быць] завешаная і абвешаная — асабліва ў [старшыні Мінгарвыканкама Уладзіміра] Кухарава [ў сталіцы] — усімі гэтымі плакатамі і гэтымі рэкламамі”, — сказаў Лукашэнка.

Беларусь, паводле яго слоў, “чыстая, прыгожая для народа краіна, але, напэўна, там сёе-тое не для народа”.

Кантроль з боку дзяржавы

1 студзеня 2025 года ў Падатковы кодэкс унесеныя дапаўненні, якія закранаюць дзейнасць букмекерскіх кантор і казіно. Асноўныя новаўвядзенні тычыліся ставак падатку на ігральны бізнес — яны павялічаныя ў сярэднім на 5,4%.

У Беларусі ігральны бізнес рэгулюецца дзяржавай, для легальнай працы неабходна атрымаць ліцэнзію. Анлайн-казіно, букмекерскія канторы ды іншыя ігральныя ўстановы павінны выконваць заканадаўства, у тым ліку ў частцы выплаты падаткаў.

У адпаведнасці з указам “Аб дзейнасці ў сферы гульнявога бізнесу” ад 6 чэрвеня 2025 года банкі і нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі не могуць пераводзіць грошы фізічных асоб на карысць замежных арганізатараў азартных гульняў. Арганізатарам гульняў забаронена прадастаўляць электронныя карты, грошы ды іншыя сродкі разліку пры адсутнасці ў наведвальнікаў неабходнай сумы.

У пастанове Савета міністраў “Аб парадку ажыццяўлення дзейнасці ў сферы гульнявога бізнесу”, прынятай у студзені 2026 года, гаворыцца, што ўладальнікі віртуальных казіно павінны мець на спецыяльным рахунку суму, эквівалентную не менш як 90 тыс. базавых велічынь (на гэты момант — не менш як 4 млн 50 тыс. рублёў).

Для арганізацыі або правядзення толькі букмекерскіх анлайн-гульняў або анлайн-гульняў таталізатара трэба мець эквівалент прынамсі 20 тыс. б.в. (900 тыс. рублёў).

20 лютага Лукашэнка падпісаў указ № 64 “Аб удасканаленні латарэйнай дзейнасці”, які забараняе ўдзельнічаць у электронных імгненных латарэях асобам, маладзейшым за 18 гадоў, а таксама тым, хто абмежаваны ў наведванні гульнявых устаноў (у тым ліку віртуальных) і ўдзеле ў азартных гульнях.

21 жніўня Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю паведаміла пра падрыхтоўку змяненняў у закон аб рэкламе, якія сярод іншага закрануць і казіно. У прыватнасці, прапануецца “абмежаванне па часе на размяшчэнне (распаўсюд) рэкламы латарэй, гульняў, у т.л. рэкламных, азартных і электронных інтэрактыўных гульняў, гульнявых устаноў, у т.л. віртуальных, на тэлебачанні і радыё”.

Сувязь рэжыму Лукашэнкі з казіно і не толькі

У 2025 годзе Беларускі расследавальніцкі цэнтр (БРЦ) раскрыў схему адмывання грошай, якія паступаюць ад нелегальных анлайн-ставак у беларускіх казіно, і знайшоў сувязь яе стваральнікаў з КДБ, беларускімі чыноўнікамі і Лукашэнкам. Схема рэалізоўвалася ў “H Casino”, якое адкрылася ўлетку 2021 года ў шматфункцыянальным цэнтры Galleria Minsk. Журналісты звязваюць гэтую ўстанову з турэцкім бізнесменам Эгеменам Мустафой Шэнерам. У 2023 годзе яна стала самым прыбытковым казіно Беларусі.

Гульнявы бізнес у Беларусі строга кантралюецца дзяржавай. БРЦ знайшоў верагоднае тлумачэнне, чаму пры такім строгім падыходзе дзейнасць “H Casino” не прыцягнула ўвагі органаў. Было выказана меркаванне, што сілавікі ведаюць пра незаконныя схемы, але працы не перашкаджаюць: працу, як сцвярджалася, курыруе былы супрацоўнік Службы бяспекі Лукашэнкі Віталь Маціс.

Датычнасць ахоўніка Лукашэнкі да казіно — гэта “сувязь рэжыму Лукашэнкі з усімі гэтымі справамі”, заявіў БРЦ прадстаўнік ініцыятывы BelPol Уладзімір Жыгар. Былы дырэктар няўрадавай арганізацыі па барацьбе з карупцыяй “Трансперэнсі Інтэрнэшнл — Расія ў выгнанні” Ілля Шуманаў у сваю чаргу адзначыў, што “няма ніводнай сферы дзейнасці ў Беларусі, якая тым ці іншым чынам не звязаная з сям’ёй Лукашэнкі або сілавым апаратам”.

Адметна, што, згодна з інфармацыяй расследавальнікаў, кампанія Мустафы Шэнера набыла бізнес-джэт, якім карысталася сям’я Лукашэнкі, пасля таго як на самалёт былі накладзеныя заходнія санкцыі.

У 2019 годзе ў Беларусі з’явілася анлайн-казіно “Белбэт”. Яно ўваходзіць у структуру РУП “Беларускія латарэі”, якое падпарадкоўваецца Кіраўніцтву справамі прэзідэнта. Паводле даных БРЦ, у 2023 годзе “Беларускія латарэі” планавалі атрымаць каля 2 млрд долараў выручкі, пры гэтым 99,8% даходаў прыпадала менавіта на “Белбэт”.

Афіцыйна “Белбэт” лічыцца анлайн-латарэяй, што дазваляе яму пазбягаць шэрагу патрабаванняў, якія выстаўляюцца да віртуальных казіно.

Кіраўнік БРЦ Станіслаў Івашкевіч адзначаў у каментары DW, што да стварэння “Белбэта” ўскоснае дачыненне таксама меў “кашалёк Лукашэнкі” Аляксей Алексін. Распрацоўкай ІТ-інфраструктуры для яго займалася кампанія Synesis, уладальнікамі якой у той час былі Алексін і Аляксандр Шатроў. Synesis знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі за распрацоўку сістэмы распазнавання і адсочвання твараў Kipod.

Прэзідэнцкі спартыўны клуб (ПСК), які ўзначальвае сярэдні сын Лукашэнкі Дзмітрый, з’яўляецца заснавальнікам ЗАТ “Спорт-пары” (электронныя латарэі “Спортлато”, “Кено” ды інш.). У расследаванні BelPol, якое выйшла ў 2025 годзе, гаварылася, што праз РУП “Беларускія латарэі” і камерцыйныя латарэйныя структуры пад патранажам ПСК акумулююцца сотні мільёнаў долараў. Гэтыя сродкі, як сцвярджалася, ідуць на фінансаванне асабістых патрэбаў эліты (ад закупкі люксавых аўтамабіляў да будаўніцтва рэзідэнцый).

Чыноўнікі, якія ўзялі пад казырок на нарадзе, відавочна не будуць марудзіць з выкананнем найвышэйшых даручэнняў. Бліжэйшы час пакажа, на карысць якога “казіно” будуць скіраваныя іх дзеянні.

Падзяліцца: