
Атлантыка, якая сыходзіць на тысячы кіламетраў за гарызонт, цудоўная кухня, каларытная архітэктура і годны сэрвіс — Партугалія і яе сталіца Лісабон нездарма ў топе турыстычных напрамкаў у Еўропе.
Для беларусаў горад, папулярны ў турыстаў з усяго свету, горад, які замер на сямі пагорках ля зліцця ракі і акіяна, — нібы кніга, даступная амаль без перакладу.
Яе лёгка чытаюць некалькі тысяч нашых суайчыннікаў, якія аселі тут пасля 2020 года: праграмісты і журналісты, прадпрымальнікі і мастакі, маладыя сем’і з дзецьмі, народжанымі ўжо пад партугальскім небам.
Гэтая кніга зразумелая і тым, хто прыязджае на кароткі час, што называецца, пагартаць.
Шпацыр па Лісабоне — гэта заўсёды больш, чым турыстычны маршрут. Асабліва калі трымаць у розуме, што перажылі горад і краіна.

Тут гуляў зорны БАТЭ
Але спачатку — экскурс у нядаўняе мінулае. Аднаму з аўтараў гэтага тэксту ў верасні 2009 года пашчасціла злятаць з барысаўскім футбольным клубам БАТЭ на матч групавога раўнда Лігі Еўропы УЕФА супраць лісабонскай “Бенфікі“. Паралельна з Барысава ў сталіцу Партугаліі праз усю Еўропу — а гэта каля 4 тыс. кіламетраў — быў арганізаваны аўтобус з заўзятарамі і іншымі журналістамі. Адзін з іх сустрэў борт у аэрапорце. Са словамі “тут сёння бясплатны праезд” (у гонар Еўрапейскага тыдня мабільнасці) ён безапеляцыйна запатрабаваў паехаць з ім асвойваць горад, які ў чаканні прылёту каманды ўжо паспеў агледзець і ўразіцца.
Мы хадзілі практычна без прыпынку, нягледзячы на круты рэльеф і стомленасць. Калега, які валодае энцыклапедычнымі ведамі, усё казаў і казаў пра Лісабон, пра які чытаў да паездкі і які чытаў вачыма ўжо без пасярэднікаў — аўтараў даведнікаў. Скарысталіся журналісцкімі пасведчаннямі і бясплатна (альбо са зніжкамі — ужо і не ўзгадваецца) наведалі некалькі музеяў, а таксама знакамітую вежу Белен (Torre de Belém), пабудаваную ў 16-м стагоддзі ў гонар адкрыцця партугальцам Васка да Гамай марскога шляху ў Індыю.
А ўвечары на стадыёне “Эштадыу да Луш“ (Estádio da Luz, у перакладзе — “стадыён святла”) БАТЭ праводзіў перадматчавую трэніроўку. Гаспадар клуба Анатоль Капскі, які нямала паездзіў па свеце, выйшаў на зялёны газон і з блажэннай усмешкай вымавіў: “Вось гэта краіна, у якой хочацца жыць“. Мо, і жыў бы цяпер, калі б не заўчасны сыход у 2018-м…
БАТЭ тады прайграў 0:2, і, здаецца, гэта было адно з вельмі нешматлікіх паражэнняў, якое Капскага не моцна знервавала.

Saudade і журба
Наступным разам аднаму з нас у Лісабон удалося трапіць у 2014 годзе, калі сталіца Партугаліі прымала фінал футбольнай Лігі чэмпіёнаў. Тады быў час не толькі гульню паглядзець, але і больш грунтоўна вывучыць як горад, так і яго жыхароў. Агульных рыс характару выявілася нашмат болей, чым адрозненняў.
Першае, што кінулася ў вочы: у мясцовых, як і ў нас, няма комплексу велічы, перавагі над іншымі. У табе бачаць роўнага. І цябе спачатку вывучаюць і толькі потым адкрываюцца.
Партугальцы, як і беларусы, схільныя рэфлексаваць, а не эпатаваць. Яны падобныя на хутаран, якія, аднак, жыва цікавяцца навакольным светам. Гэты свет на працягу стагоддзяў быў жорсткі да іх.
У партугальскай мове ёсць слова saudade. Яно не перакладаецца адназначна: гэта нешта паміж сумам, настальгіяй і вострым адчуваннем таго, чаго больш няма. Філосафы называюць яго ключавым словам партугальскай душы, важным элементам мясцовага менталітэту.
Беларусам гэтае слова зразумела без доўгіх тлумачэнняў. Бо ў роднай мове ёсць практычна эквівалент saudade — журба.
Як калісьці партугальцаў, так і цяпер беларусаў грызе туга па незваротна страчаным часе, які скрала дыктатура. У Партугаліі яе пабудаваў эканаміст (і па сумяшчальніцтве юрыст) Антоніу ды Салазар, у Беларусі — эканаміст (і па сумяшчальніцтве гісторык) Аляксандр Лукашэнка, які па працягласці кіравання праз чатыры гады (калі нічога не зменіцца) дагоніць “калегу“.

Беларус партугальцу — свой
І ўсё ж у пытанні вывучэння мясцовага менталітэту, таксама як і горада, лепш даверыцца воку і вуху ня турыста, а чалавека, які ўжо тут пажыў.
Наш суайчыннік, назавем яго Сяргей, у Лісабоне больш за чатыры гады. Займаецца кампутарным дызайнам, што як раз прадугледжвае мысленне параўнаннямі і вобразамі.
“Мне партугальцы адразу чымсьці нагадалі беларусаў. Дагэтуль не магу зразумець, якая менавіта частка характару нагадвае пра гэта, але для сябе вырашыў, што гэта агульная траўма дыктатуры. Яшчэ яны добрыя і спагадлівыя і прыемна адрозніваюцца ад больш шумных і паверхневых іспанцаў. Людзі поўначы Партугаліі могуць здавацца больш грубымі і прамалінейнымі, выхадцы з былых калоній — больш адкрытымі і вясёлымі“, — адзначае наш суразмоўца.
LX Factory — “Кастрычніцкая па-лісабонску”
Ёсць у Лісабоне, пад двухкіламетровым чырвоным мостам 25 Красавіка (Ponte 25 de Abril), які раней насіў імя Салазара, месца, якое падасца беларусам да болю знаёмым, асабліва калі яны ў сталіцы Партугаліі ўпершыню. Гэта LX Factory, былы тэкстыльны завод XIX стагоддзя, пераўтвораны ў культурны квартал. Або, як па-навуковаму кажа Сяргей, “джэнтрыфікаваны раён”.
Тут каворкінгі суседнічаюць з галерэямі, рэстараны — з майстэрнямі, а кнігарня з найвялікшым у Лісабоне выбарам літаратуры займае прастору былога цэха. Проста мінская вуліца Кастрычніцкая ў свае лепшыя часы, не менш.
LX Factory — месца, якое любіць дыяспара, і ўсё роўна, якой гэтыя людзі нацыянальнасці. Тут адчуваеш сябе часткай горада, не будучы абавязаным у яго ўбудавацца. Можна працаваць, сустракацца, слухаць музыку, атрымліваць асалоду ад традыцыйнага партугальскага дэсерту паштэл-дэ-ната (pastel de nata) за столікам на вуліцы — і пры гэтым размаўляць на беларускай, украінскай, расійскай, і ніхто не абернецца.

Падабенства на ўзроўні пачуццяў
Усе аналогіі паміж галоўнымі славутасцямі і лакацыямі Лісабона і Мінска будуць вельмі нацягнутымі, усё ж занадта розная гісторыя і культура, падкрэслівае наш суайчыннік. “Але паводле функцый і адчуванняў падабенства ёсць”, — удакладняе ён.
Алфама (Alfama) — ці ледзь ні адзіны гістарычны раён Лісабона, ацалелы пасля землетрусу 1755 года. Гэта лабірынты сярэднявечных вузкіх вулачак на ўзгорку, да падножжа якога па рацэ Тэжу (Tejo) кожны дзень прыбываюць велізарныя турыстычныя лайнеры. Тэжу — вялікая суднаходная рака, на якую ўсё больш надыходзіць салёная вада акіяна. У ёй можна сустрэць дэльфінаў, велізарных медуз, часам заплываюць кіты. У Мінску падобным па духу месцам маглі б быць Траецкае прадмесце са Свіслаччу і Верхні горад, праводзіць паралель Сяргей, які ў свой час вывучыў кожны закутак беларускай сталіцы.
Гандлёвая плошча Лісабона (Praça do Comércio), яна ж Палацавая (да землетрусу 1755 года на яе месцы быў палац Рыбейра) — адна з самых вялікіх у Еўропе, месца забойства перадапошняга караля Партугаліі Карлуша I у 1908 годзе.
“Яна падобная на Кастрычніцкую плошчу: такая ж пустая і ў плітцы”, — выносіць вердыкт суразмоўца.

Плошча, якая памятае ўсё
Пачаць падарожжа па Лісабоне звычайна раяць адсюль — з плошчы Росіу (Praça do Rossio, яна ж Praça de D. Pedro IV), галоўнай плошчы Лісабона, брукаванай чорна-белым брукам calçada portuguesa, які ўтварае эфект хвалістага ўзору або “хваляў, якія падаюць”.
Сяргей бачыць падабенства з мінскай плошчай Незалежнасці: “Цэнтральная, прадстаўніцкая гарадская плошча. Месца сустрэч, транспарту, архітэктурны фасад сталіцы. Хоць Росіу нашмат старэйшая і больш жывая як пешаходная прастора, яна ўтульная, тады як плошча Незалежнасці — больш манументальная і несуразмерная чалавеку”.
Фантаны, трамвайчыкі, кафэ з плеценымі крэсламі на вуліцы, турысты-адзіночкі і невялікія экскурсійныя групы. Усё гэта існуе тут дзесяцігоддзямі, а нешта і стагоддзямі, і ў гэтым пастаянстве ёсць нешта амаль непрыстойнае — асабліва калі ведаць, што менавіта на гэтай плошчы і ў кафэ вакол яе разгортваліся трагічныя сцэны еўрапейскай гісторыі.
У Сярэднявеччы тут пакарала смерцю габрэяў і ерэтыкоў інквізіцыя. А 1940-41 гадах, калі нейтральная Партугалія апынулася адзіным месцам у Заходняй Еўропе, адкуль можна было сесці на параход і сплысці ў Амерыку, Бразілію, Канаду і іншыя бяспечныя кропкі на планеце, менавіта сюды ішлі дзясяткі тысяч яўрэйскіх уцекачоў з Германіі, Аўстрыі, Нідэрландаў, Польшчы, якія ратаваліся ад нацысцкай акупацыі.
На Росіу з вуснаў у вусны перадаваліся чуткі пра візы, свабодныя месцы на караблях. Тут не проста чакалі бяду, тут чакалі выратавання. Мабыць, у гэтым ёсць незвычайна моцны сімвалізм для сучасных беларусаў, якія чакаюць лепшых часоў.
Сёння на Росіу п’юць каву турысты і мясцовыя, галубы дзяўбуць крошкі ля фантанаў, працуюць найстарэйшыя ў горадзе аптэкі і тытунёвыя крамы. Нішто не паказвае, што тут адбывалася. Але калі ведаць — плошча глядзіць на цябе інакш…
Байру-Алту — Зыбіцкая здаровага чалавека
І яшчэ штрыхамі пра падабенства двух сталіц ад уважлівага Сяргея.
Раён Белен (Santa Maria de Belém) з яго паркамі і музеямі трохі нагадваюць праспект Пераможцаў.

Рэстаранны раён Байру-Алту (Bairro Alto) на высокім узгорку — “Зыбіцкая здаровага чалавека“. Але пры гэтым у Лісабоне, як, уласна, ва ўсёй Партугаліі, ёсць тое, чаго, на жаль, няма ў Мінску: “Тут вельмі шмат сямейных бізнэсаў, рэстаранаў, цырульняў, у якіх працуюць цэлымі пакаленнямі людзі адной сям’і. Яны дзесяцігоддзямі, стагоддзямі працуюць пад адной і той жа шыльдай, таму, гуляючы, можна сустрэць усё, ад драўляных разьбяных шыльдаў 18-га стагоддзя, неону 1930-х гадоў і ар-дэко да мадэрнізму“.
Замак Святога Георгія (Castelo de São Jorge) — бачны сімвал старажытнага горада, на жаль, не мае аналага ў беларускай сталіцы, дзе Мінскае замчышча не захавалася. Аднак некаторыя адміністрацыйныя будынкі сярэдзіны мінулага стагоддзя вельмі падобныя на беларускія.
А парк Міру (Parque da Paz) ў Алмадзе, якая ўваходзіць у агламерацыю Вялікі Лісабон, “даставаў з памяці ўспаміны пра Сляпянскую водную сістэму“, кажа Сяргей і прапануе зірнуць вось на гэтае фота.

Ларгу-ду-Карму: руіны як помнік
Калі падняцца на пагорак Байру-Алту, трапляеш на невялікую ціхую плошчу — Ларгу-ду-Карму (Largo do Carmo). Тут стаіць гатычны манастыр кармелітаў, пабудаваны ў XIV стагоддзі і разбураны тым жа землетрасеннем 1755 года. Тут нічога не аднаўлялі. Неф царквы да гэтага часу стаіць без даху — адкрыты небу, парослы травой паміж плітамі. У многіх краінах помнікамі важным падзеям становяцца разбураныя святыні, якія проста не сталі аднаўляць.
Гэта месца памятае і іншую падзею, якая пры бліжэйшым разглядзе абавязкова адгукнецца ў беларусах чымсьці роднасным, вельмі сваім. 25 красавіка 1974 года ў Партугаліі адбылася мірная рэвалюцыя. Тут вайскоўцы выбралі замест куль кветкі, як калісьці заклікалі яркія плакаты на вуліцах летняга Мінска-2020. Тут амаль бяскроўна абрынулася партугальская дыктатура — такі вось ідэальны сцэнар пратэстаў, якія камусьці аднойчы ўдаліся.
“Рэвалюцыя гваздзікоў” стала, бадай, самай прыгожай палітычнай падзеяй XX стагоддзя, бо дыктатура ўпала не ад бомбаў, а ад кветак, і беларусы могуць з гонарам казаць пра тое, што таксама спрабавалі. Партугалія памятае пра сваю перамогу над злом: кожны год 25 красавіка тут адзначаюць Дзень свабоды. У краіне, якая ведае, што такое дзесяцігоддзі без выбараў і свабоднай прэсы, слова “свабода” мае асаблівае значэнне, і беларусы разумеюць гэта як ніхто.
Перыяд праўлення Салазара ў Партугаліі называецца Estado Novo (“новая дзяржава”). Ён пакінуў шмат інфраструктурных аб’ектаў, але ніводзін адназначна не звязваецца менавіта з жаданнем і ініцыятывай дыктатара.
Рэжым Салазара падтрымліваў цесны саюз дзяржавы з царквой і выкарыстаў вобраз каталіцкай і мірнай Партугаліі для сваёй легітымацыі (нічога не нагадвае?). Таму манумент Крышту-Рэй (Cristo Rei) — “Хрыстос, амаль як у Бразіліі“, размешчаны ў Алмадзе недалёка ад моста 25 Красавіка, — гэта візуальны сімвал культурна-рэлігійнай атмасферы “новай дзяржавы”, але яго стварэнне ініцыявалі біскупы, а не асабіста Салазар.
Галоўная спадчына — не настальгія па“ партугальскім парадачку”, а памяць аб аўтарытарнай дзяржаве, аднапартыйнасці, цэнзуры, палітычных судах, сачэнні і рэпрэсіях, каланіяльных войнах, падкрэслівае Сяргей.
Запрашальны квіток
Лісабон прапануе тым, хто апынуўся тут не паводле плану на даўжэй або паводле плану з экскурсіяй: не асіміляцыю і не гета, а нешта трэцяе. Права быць сабой у чужым горадзе, які з часам — і ўсё роўна, як надоўга вы ў ім, — перастае быць чужым, таму што надта шмат паралеляў, надта шмат агульнага, нягледзячы на адлегласць і нейкую парадаксальнасць ўсіх гэтых супадзенняў.
Лісабон — горад, які шмат паспеў і навучыўся жыць, прыняўшы свой досвед і вобраз. Ён памятае ўцекачоў ваеннага часу і рэвалюцыянераў з гваздзікамі. Ён прыняў тысячы людзей, якія з’ехалі з розных месцаў з розных прычын, і зрабіў з іх нешта накшталт асобнай з’явы — “лісабонцаў паняволі”. Ён прымае тысячы і тысячы турыстаў, якія прагнуць уражанняў і прыгожых фота.

Лісабон — гэта горад, дзе партугальская saudade цесна пераплятаецца з беларускай журбой — і хіба можна перавесці гэтыя словы, высечаныя на сэрцы пакаленняў?
Тут 25 красавіка — сапраўднае свята, як наша 25 сакавіка; свята, у якім столькі сэнсу, што часам расказаць пра яго важнасць недасведчанаму так складана, што не хапае слоў.
У гэтым горадзе беларускі досвед знаходзіць нечаканыя адлюстраванні амаль на кожным кроку, а значыць, пабываць у ім — пэўна must do.
Адчуць гэта можна самастойна. Але лепш — з правадніком, які ведае горад знутры. І мы гэта пастараліся паказаць на прыкладзе аднаго з нашых шматлікіх суайчыннікаў, якія закахаліся ў Лісабон.
My Portugal Moments — гэта турыстычная кампанія, заснаваная беларусамі, якія таксама жывуць у Лісабоне. Для іх саміх Партугалія стала не проста турыстычным напрамкам, а новым пунктам адліку ў жыцці. Яны ведаюць, дзе лепшы паштэл-дэ-ната і як называецца вунь той завулак, чаму ён важны і што пра яго трэба ведаць. Але галоўнае: яны разумеюць і бачаць горад не як дэкарацыю для прыгожых фота, а як месца, поўнае сэнсаў. Карацей, заходзьце:
🔹Website: https://myportugalmoments.pt
🔸Facebook: https://www.facebook.com/myportugalmoments/
🔸Instagram: https://www.instagram.com/myportugalmoments
🔸TikTok: https://www.tiktok.com/@myportugalmoments
🔸LinkedIn: https://linkedin.com/company/my-portugal-moments
🔸YouTube: https://www.youtube.com/@MyPortugalMoments
* Партнёрскі матэрыял



