Мінск 13:26

Лічбавізацыя “кайфу”. Перадача наркотыкаў з рук у рукі сыходзіць у мінулае

Віктар ІВІЦКІ

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 26 чэрвеня 2026 года в 13:09

Фота: "Позірк"

26 чэрвеня — Міжнародны дзень барацьбы са злоўжываннем наркатычнымі сродкамі і іх незаконным абаротам. Ён быў заснаваны Генеральнай Асамблеяй ААН 7 снежня 1987 года “на знак выказвання сваёй рашучасці ўзмацняць дзейнасць і супрацоўніцтва дзеля дасягнення мэты стварэння міжнароднага грамадства, свабоднага ад наркаманіі“.

“Дамінаванне гераіну зведвае выпрабаванні“

“У апошнія дзесяцігоддзі ў свеце назіраецца рост маштабаў наркаспажывання і колькасці наркотыкаў, прадстаўленых на рынку, — адзначае ААН. — Стогадовае дамінаванне гераіну на сусветных рынках незаконных апіоідаў усё часцей зведвае выпрабаванні (так у перакладзе на сайце ААН. — “Позірк”.) у сувязі са зменамі ў сферы незаконных паставак апіоідаў. Вытворчасць, канфіскацыя і спажыванне какаіну працягваюць расці, а нізкі сабекошт вытворчасці і зніжэнне рызыкі выяўлення сінтэтычных наркотыкаў спрыяюць іх росту на рынках незаконных наркотыкаў”.

Пры гэтым “групоўкі, якія займаюцца незаконным абаротам наркотыкаў, шукаюць тэхналагічныя інавацыі, каб ахапіць новыя аўдыторыі і забяспечыць усё больш шырокае распаўсюджванне наркотыкаў сярод спажыўцоў, што спрыяе росту іх бізнесу, абарот якога вылічаецца мільярдамі долараў“.

Наркотыкі — па-ранейшаму ў топ-навінах

Беларусь, якая знаходзіцца на адным з скрыжаванняў еўрапейскіх дарог, мяркуючы па справаздачах нацыянальных і замежных сілавых структур, застаецца краінай — перавалачным пунктам для наркотыкаў і адначасова — пунктам прызначэння. Толькі за апошнія 10 дзён, з 15 па 24 чэрвеня, на навіннай стужцы “Позірку“ з’явілася пяць паведамленняў, звязаных з гэтай сферай: “За тыдзень мытня спыніла сама меней тры спробы ўвозу ў Беларусь з Літвы наркотыкаў“; “Міліцыя перакрыла канал пастаўкі марыхуаны, вынята агулам 7,5 кг наркотыку“; “У Мінску затрыманыя двое замежнікаў: 18-гадовы закладчык наркотыкаў і ўладальнік фальшывага пашпарта, які спрабаваў вылецець у Баку“; “31-гадовы мужчына затрыманы брэсцкай мытняй за спробу ўвозу какаіну“ і “14-гадовы падлетак затрыманы ў Брэсце за распаўсюд наркотыкаў“.

У пачатку чэрвеня стала вядома пра смерць ад наркотыкаў двух мужчын у Мінску і перадачу ў суд крымінальнай справы 21-гадовай іншаземкі, якая распаўсюджвала наркотыкі цяжарнай.

Як паведамляў “Позірк“, паводле даных Вярхоўнага суда, у 2025 годзе колькасць асуджаных па “наркатычных“ артыкулах Крымінальнага кодэкса павялічылася на 7,9% у параўнанні з 2024-м.

За ўчыненне злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў (арт. 327-331, 332), летась было асуджана 2.253 чалавекі — 8% усіх асуджаных (у 2024-м — 2.088; 6,6%). З іх 2.077, або 92,2%, прызнана вінаватымі па арт. 328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў), у 2024 годзе — 1.956, або 93,7%.

У лістападзе 2024 года аб’яднанне BelPol, спасылаючыся на аналітычную даведку МУС, якая трапіла ў яго распараджэнне, адзначала, што наркотыкі і псіхатропы ў Беларусь паступаюць у асноўным з Расіі.

Напярэдадні Міжнароднага дня барацьбы са злоўжываннем наркатычнымі сродкамі і іх незаконным абаротам аб стане нарказлачыннасці на прэс-канферэнцыі зрабілі справаздачу прадстаўнікі сілавых ведамстваў і Міністэрства аховы здароўя.

МУС: Уцягнутасць непаўналетніх зніжаецца

Аляксандр Хіла
Відэазапіс: bpc.by / стоп-кадр: "Позірк"

“Па выніках пяці месяцаў [2026 года] мы назіраем нязначнае зніжэнне ўзроўню нарказлачыннасці, у тым ліку дзіцячай, зніжэнне колькасці нарказалежных, якія знаходзяцца пад наглядам лекараў-псіхіятраў“, — адзначыў начальнік аддзела галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў Аляксандр Хіла.

Паводле яго інфармацыі, выяўлена амаль 1.500 нарказлачынстваў, з іх 682 звязана са збытам наркотыкаў. Да адказнасці прыцягнута 902 асобы.

“З году ў год колькасць дзяцей, якія маюць дачыненне да незаконнага абароту наркотыкаў, зніжаецца. Па выніках пяці месяцаў бягучага года прыцягнута да адказнасці 19 непаўналетніх, па выніках пяці месяцаў 2025 года — 29“, — прывёў лічбы Хіла.

Спыненая дзейнасць 94 памяшканняў, “спецыяльна прыстасаваных для вырошчвання нарказмяшчальных раслін”. Папярэджана 18 буйных паставак наркотыкаў. Ліквідавана 14 інтэрнет-крам па продажы наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў. Пры гэтым штогод ліквідуецца каля 40 інтэрнет-крам па продажы наркотыкаў.

“У 2025 годзе выяўлена амаль у два разы менш нарказлачынстваў, чым у 2014-м (найхутчэй з удзелам непаўналетніх, бо прыведзеная ніжэй іншым спікерам агульная статыстыка адрозніваецца. — “Позірк”.). Да адказнасці за здзяйсненне названых дзеянняў прыцягнута ў 6 разоў менш непаўналетніх. У бальніцы ў сувязі з атручваннем наркотыкамі дастаўлена ў 18 разоў менш падлеткаў“, — паведаміў Хіла.

Гэтыя лічбы, на яго думку, кажуць “што “вектар, абраны нашай дзяржавай, правільны”.

Пад вектарам спікер меў на ўвазе дэкрэт № 6 ад 28 снежня 2014 года “Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў“. Дакумент, у прыватнасці, знізіў узрост прыцягнення да крымінальнай адказнасці за наркотыкі з 16 да 14 гадоў, павялічыў тэрміны пазбаўлення волі за групавыя нарказлачынствы, увёў магчымасць 25-гадовага пазбаўлення волі ў выпадку збыту наркотыкаў, які пацягнуў смерць спажыўца.

Разам з тым прадстаўнік МУС прызнаў, што расслабляцца рана: “Аб захоўванні наркапагрозы сведчаць найперш атручванні наркотыкамі, у тым ліку са смяротным зыходам, уцягванне дзяцей у нарказлачыннасць. Канфіскацыя буйных партый наркотыкаў, якія ідуць у краіну, у тым ліку транзітам, кажа пра тое, што на наркасітуацыю істотны ўплыў аказваюць міжнародныя злачынныя групоўкі“.

Прафілактыка: анлайн з асуджанымі падлеткамі, сустрэчы з іх маці

“У першую чаргу важная комплексная, сістэмная, паслядоўная праца з боку як міліцыі, так і органаў аховы здароўя і адукацыі, працы і сацыяльнай абароны“ — у гэтым МУС бачыць рэцэпт процідзеяння нарказлачыннасці.

Ведамства, паводле слоў Хіла, працуе па трох напрамках: “У першую чаргу гэта дзеці, іх бацькі і педагогі”.

“Правядзенне стрым-семінараў з удзелам асуджаных непаўналетніх за збыт наркотыкаў, калі па адзін бок сядзіць падлетак, па другі — яго равеснік, які ўжо адбывае пакаранне. Такія мерапрыемствы нікога не пакідаюць абыякавым і маюць эфект“, — заявіў прадстаўнік міліцэйскага ведамства.

“Апошнім часам” практыкуецца правядзенне “прафмерапрыемстваў з удзелам маці, чые дзеці асуджаныя за збыт наркотыкаў“. “Калі маці падлетка, які адбывае доўгае пакаранне за ўчыненне нарказлачынствы, ад першай асобы кажа пра свае недапрацоўкі, пра свае праблемы, пра сваю трагедыю, пра свае памылкі“, — апісаў фармат Хіла.

Заўвага “Позірку“: Прызначэнне маладым людзям, у тым ліку непаўналетнім, вялікіх тэрмінаў зняволення пасля набыцця моцы дэкрэтам падштурхнула іх бацькоў да стварэння ініцыятывы “Маці 328“ — па нумары “антынаркатычнага” артыкула КК. Яны спрабавалі дамагчыся перагляду спраў і агулам рэформы заканадаўства ў сферы абароту наркотыкаў, лічачы пакаранне несуразмерным правіну. Аб’яўлялі галадоўкі, сустракаліся з чыноўнікамі, але ў нефармальным статусе: зарэгістраваць грамадскае аб’яднанне не ўдалося. У першай палове 2024 года з імі адмовіліся гаварыць тагачасны генпракурор Андрэй Швед і спікер Савета Рэспублікі Наталля Качанава. Неафіцыйна актывістам руху “далі зразумець, што Качанава раздражнёная тэмай, а ўлады больш не маюць намеру абмяркоўваць непрапарцыйна вялікія тэрміны для непаўналетніх і іншыя праблемы асуджаных за нарказлачынствы“. Аднак у жніўні 2024 года Аляксандр Лукашэнка ўнёс у Палату прадстаўнікоў законапраект “Аб змене кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці“, які прадугледжваў у тым ліку змякчэнне пакарання па арт. 328. Змены былі ўхваленыя (пра гэта ніжэй у цытатах аднаго з спікераў).

На прэс-канферэнцыі Хіла падкрэсліў: “Няма легальных і лёгкіх наркотыкаў, няма мінімальнага аб’ёму, за які не наступае адказнасць альбо наступае адміністрацыйная“.

СК акцэнтуе ўвагу на наркотыках з ЕС

Дзмітрый Лабоцкі
Відэатрансляцыя: bpc.by / стоп-кадр: "Позірк"

“Следчы камітэт не абмяжоўваецца ўстанаўленнем асоб, якія збываюць наркотыкі непасрэдна на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Устанаўліваюцца крыніцы паступлення дадзеных забароненых рэчываў з-за межаў Рэспублікі Беларусь“, — заявіў намеснік начальніка галоўнага следчага ўпраўлення цэнтральнага апарата Следчага камітэта Дзмітрый Лабоцкі.

Як прыклад ён прывёў расследаванне дзейнасці міжнароднай злачыннай арганізацыі “Хімпрам”, у Расіі вядомай як Murmur Shop. “Наркотыкі паступаюць з краін Еўрасаюза, уключаючы Літву і Польшчу. За перыяд з 2025 года па цяперашні час асуджана 6 асоб, якія ажыццяўлялі транзіт дадзеных забароненых рэчываў, на тэрмін ад 13 да 19 гадоў. У дачыненні да дзвюх асобаў крымінальная справа знаходзіцца на разглядзе. Канфіскавана 3 т 200 кг забароненых рэчываў. Ідзе шчыльнае ўзаемадзеянне з праваахоўным блокам Расійскай Федэрацыі“, — адзначыў прадстаўнік СК.

Паводле адкрытых крыніц інфармацыі, наркакартэль “Хімпрам”, створаны выхадцам РФ, пачаў дзейнасць у 2012 годзе, найперш у Расіі і Украіне. Спецыялізацыя — вытворчасць і распаўсюджванне наркотыкаў, стварэнне ашуканскіх кол-цэнтраў, прыватная ахова.

Генпракуратура: непаўналетніх выкарыстоўваюць як расходны матэрыял

Марына Асіпчык
Відэатрансляцыя: bpc.by / стоп-кадр: "Позірк"

Намеснік начальніка ўпраўлення касацыйнай і нагляднай вытворчасці галоўнага ўпраўлення крымінальна-судовага нагляду Генеральнай пракуратуры Марына Асіпчык, як і раней прадстаўнік МУС, пахваліла дэкрэт № 6: “У 2014 годзе прырост нарказлачынстваў складаў больш за 46%. Абстаноўка была стабілізаваная пасля падпісання дэкрэта № 6. Колькасць зарэгістраваных нарказлачынстваў з 2015 года скарацілася больш чым на 30%“.

“У 2025 годзе ў параўнанні з 2024-м іх колькасць знізілася на 2,5%, у т.л. з мэтай збыту — на 4,6%. На 30% скарацілася колькасць нарказлачынстваў, учыненых непаўналетнімі і з іх удзелам. Менш зарэгістравана фактаў атручвання псіхаактыўнымі рэчывамі, а таксама смяротных атручванняў“, — дала справаздачу Асіпчык за мінулы год.

Разам з тым “сітуацыя ў гэтай сферы патрабуе пастаяннага крыміналагічнага маніторынгу і аператыўнага рэагавання”. Доўгая цытата: “Згодна з дакладам ААН пра наркотыкі за 2025 год, у апошнія гады адзначаецца ўсё большая ўцягнутасць насельніцтва ў наркаспажыванне, што спараджае попыт на забароненыя псіхаактыўныя рэчывы. Паводле ацэнкі экспертаў ААН, кожны 25-ы чалавек у свеце хоць раз спажываў наркотыкі. Фіксуецца рост абароту сінтэтычных наркотыкаў, пашырэнне анлайн-рынку ў даркнэце і месенджараў, а таксама ўцягванне ў злачынныя схемы збыту больш маладых узроставых груп. Гэтая сітуацыя не можа не ўплываць на нашу краіну. Нягледзячы на станоўчую дынаміку, захоўваецца распаўсюджванне наркотыкаў у маладзёжным асяроддзі. У 2025 годзе за здзяйсненне незаконных дзеянняў з наркотыкамі асуджана 70 непаўналетніх. 75% з іх здзейснілі гэтыя злачынствы менавіта з мэтай збыту”.

Паводле слоў прадстаўніка пракуратуры, практычна кожны другі з непаўналетніх асуджаны за здзяйсненне злачынства ў складзе арганізаванай групы. “Арганізатарамі інтэрнет-крам непаўналетнія выкарыстоўваюцца як расходны матэрыял. Найчасцей — і гэта паказалі ў тым ліку вынікі праведзенага сёлета Генеральнай пракуратурай абагульнення — у складзе групы непаўналетнія выконваюць функцыі ніжэйшага звяна, закладчыкаў і дробных кур’ераў (94%)“, — адзначыла Асіпчык.

Працягласць удзелу непаўналетніх у злачыннай дзейнасці “ў большасці выпадкаў складае менш за адзін месяц“, “у дачыненні да трох асобаў па вывучаных справах ён склаў адзін дзень, пасля чаго іх дзейнасць была выяўленая”.

“Асноўнымі прычынамі здзяйснення падлеткамі злачынстваў з’яўляецца магчымасць лёгкага заробку ў не заняты вольны ад вучобы час, адсутнасць бацькоўскага кантролю, сямейнае няшчасце“, — заявіла прадстаўнік ведамства.

Яна назвала два асноўныя спосабы ўключэння дзяцей у злачынную дзейнасць “згодна з іх жа тлумачэннямі“: “рэклама ў інтэрнеце (65%), запрашэнне заняцца збытам наркотыкаў ад сяброў і знаёмых (23%)“.

Асіпчык прызнала, што “ў сучасных умовах спосабы здзяйснення злачынстваў імкліва лічбавізуюцца, ускладняюцца мадэлі незаконнага абароту забароненых рэчываў з перавагай сеткавых схем распаўсюду”. Перадача забароненых рэчываў з рук у рукі адбываецца ў рэдкіх выпадках.

У сувязі з гэтым 27 сакавіка 2025 года пленум Вярхоўнага суда прыняў новыя тлумачэнні па справах аб нарказлачынствах і злачынствах, учыненых у складзе арганізаваных груп. Сярод іншага “дадзена вызначэнне моманту заканчэння збыту наркотыкаў”.

“Максімальная строгасць да рэалізатараў наркабізнесу“

Практыка прызначэння пакарання “фармуецца з улікам грамадскай небяспекі гэтых дзеянняў, зыходзячы са звестак пра асобу абвінавачаных“, сцвярджае Асіпчык.

Паводле яе слоў, унесеныя ў 2025 годзе змены ў КК істотна скарэктавалі санкцыі артыкула 328 “з мэтай аптымізацыі і індывідуалізацыі пакарання“. Частка 1, якая прадугледжвае адказнасць за незаконныя дзеянні без мэты збыту, для асабістага спажывання, “дапоўненая новым альтэрнатыўным, больш мяккім пакараннем — арыштам“.

Частка 2 — “збыт у базавай форме“ — тут “у якасці альтэрнатывы пазбаўленню волі ўведзены такі від пакарання, як абмежаванне волі”.

“Зніжаная з 10 да 8 гадоў ніжні мяжа санкцыі ч. 4 арт. 328, якая ўстанаўлівае адказнасць за незаконнае дзеянне, здзейсненае ў складзе арганізаванай групы“, — адзначыла прадстаўнік Генпракуратуры.

Змены ў КК “дазваляюць гнутка падыходзіць да прызначэння пакарання, дыферэнцаваць адказнасць асоб, спатыкнуліся ўпершыню, якія выконвалі другарадную ролю, пры гэтым захоўваючы максімальную строгасць да рэалізатараў наркабізнесу”.

“Па кожнай справе разам са звесткамі пра асобу ацэньваюцца матывы злачынных паводзінаў, аб’ём уцягнутага ў абарот рэчыва. Залежным асобам нароўні з пакараннем у адпаведнасці з арт. 107 КК прызначаецца прымусовае лячэнне ад наркаманіі”, — адзначыла спікер.

Згаданыя змены, падкрэсліла яна, “паўплывалі і на структуру пакарання: калі раней пераважала пазбаўленне волі, то за мінулы год пераважную частку займае абмежаванне волі”. Найбольш часта гэты від пакарання абіраецца асуджаным па ч. 1 арт. 328. Узрасла і ўдзельная вага асуджаных да арышту.

Пры прызначэнні пакарання непаўналетнім “улічваюцца ўмовы іх жыцця і выхавання, ступень псіхічнага развіцця, стан здароўя і асаблівасцяў асобы, а таксама ўплыў на іх паводзіны паўналетніх асоб”.

“Пры наяўнасці выключных абставінаў, раскаяння ў здзейсненым, абставінаў, якія сведчаць аб актыўным спрыянні раскрыццю злачынства, выкрыццю іншых удзельнікаў, на падставе арт. 70 КК абвінавачаным прызначаецца пакаранне ніжэй за ніжэйшую мяжу, прадугледжанага санкцыяй арт. 328, або больш мяккі від пакарання“, — заявіла Асіпчык.

Партрэт наркаспажыўца: малады мужчына з сярэдняй адукацыяй

Жанна Істоміна
Відэатрансляцыя: bpc.by / стоп-кадр: "Позірк"

Сацыяльны партрэт нарказалежных за апошнія гады не змяніўся, паведаміла галоўны ўрач Мінскага гарадскога клінічнага наркалагічнага цэнтра Жанна Істоміна.

“Гэта па-ранейшаму ў большасці выпадкаў малады мужчына 23-35 гадоў, які, як правіла, мае сярэднюю адукацыю, найчасцей не працуе, мае стаж спажывання некалькі гадоў“, — адзначыла ўрач.

***

Паводле слоў Аляксандра Хіла, зараз, як і ў апошнія гады, найбольш распаўсюджанымі наркатычнымі сродкамі і псіхатропнымі рэчывамі на тэрыторыі краіны з’яўляюцца “асабліва небяспечныя псіхатропныя рэчывы 4-СМС (клефедрон), мефедрон, а таксама наркотыкі расліннага паходжання — гашыш і марыхуана“.

Цяперашняе антынаркатычнае заканадаўства адпавядае сітуацыі, якая складваецца, змены не плануюцца, хоць паступаюць прапановы як аб узмацненні жорсткасці, так і аб лібералізацыі, заявіў Хіла.

Падзяліцца: