За два крокі ад “Еўраоскара”. Фільм “Лісты” беларускага рэжысёра Куцілы — у шорт-лісце Еўрапейскай кінаакадэміі

Дакументальны фільм беларускага рэжысёра Андрэя Куцілы “Лісты “(англійская версія Letters from the Silenced Country, “Лісты з краіны маўчання”) увайшоў у шорт-ліст прэміі Еўрапейскай кінаакадэміі ў катэгорыі “Найлепшы еўрапейскі дакументальны фільм”.
Пра гэта рэжысёр паведаміў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”.
Карціна трапіла ў спіс з 15 дакументальных фільмаў, адабраных для далейшага разгляду кінаакадэміяй.
Фіналісты стануць вядомыя 14 лістапада. Цырымонія ўручэння 39-й прэміі пройдзе 16 студзеня 2027 года ў Афінах.
Пра што фільм
Фільм Куцілы распавядае пра сучасную Беларусь праз гісторыі людзей, якія перажылі палітычныя рэпрэсіі і вымушаную эміграцыю.
Сярод герояў — былы супрацоўнік праваахоўных органаў, які пакінуў сістэму і з’ехаў з краіны, студэнтка, асуджаная за ўдзел у пратэстах, і палітвязень Вітольд Ашурак, які памёр у шклоўскай калоніі пры нявысветленых абставінах.
У карціне выкарыстоўваюцца сведчанні герояў, архіўныя матэрыялы, асабістая перапіска і анімацыя, заснаваная на малюнках, створаных у зняволенні. Вытворчасцю фільма займаліся кампаніі з Польшчы, Літвы і Германіі.
Дзе ўжо адзначылася карціна
Сёлета ў верасні праца Куцілы стала адным з лаўрэатаў 83-га Венецыянскага міжнароднага кінафестывалю. Фільм быў удастоены прэміі the Impact Golden Globes Prize for Documentary (узнагарода “Залатога глобуса” за ўплыў у дакументальным кіно).
“Мы не разлічвалі, што можам трапіць на такі фестываль. Зараз наогул нават няма ні хвіліны, бо працуем дзень і ноч. Усе мы ведаем, што ў свеце тры галоўныя кінафестывалі — гэта Канскі, Венецыянскі і Берлінскі. Таму мы маглі пра такое толькі марыць”, — заявіў “Позірку“ ў ліпені Андрэй Куціла.

Як ацанілі фільм у аргкамітэце Венецыянскага кінафестывалю
“З Беларусі — краіны, пра якую мы ведаем вельмі мала — у нас ёсць фільм <…> Андрэя Куцілы, рэжысёра, які быў вымушаны эміграваць па палітычных прычынах”, — адзначыў на прэзентацыі праграмы фестывалю яго мастацкі дырэктар, вядомы італьянскі кінакрытык Альберта Барбера.
Ён звярнуў увагу на тое, што ў фільме закранаецца “надзвычайны гвалт самай працяглай і найбольш адкрытай дыктатуры на еўрапейскім кантыненце, якая без ваганняў звяртаецца да катаванняў і забойстваў сваіх палітычных апанентаў”.
Прэмія, якой быў удастоены фільм “Лісты“, уручаецца ў якасці незалежнага прыза. Ёй адзначаюцца карціны, што маюць высокі мастацкі ўзровень і адначасова падымаюць вострыя сацыяльныя праблемы.
Хто такі Андрэй Куціла
Нарадзіўся 3 ліпеня 1983 года ў Баранавічах (Брэсцкая вобласць). У 2007 годзе скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 2009-м — Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Зняў больш за 10 фільмаў, лаўрэат шэрагу міжнародных кінапрэмій. Заснавальнік Беларускай незалежнай кінаакадэміі. У 2021 годзе эміграваў з-за пагрозы палітычнага пераследу.
Хто яшчэ прэтэндуе на прэмію Еўрапейскай кінаакадэміі
У шорт-ліст намінацыі “Найлепшы еўрапейскі дакументальны фільм” таксама ўвайшлі:
“NAZA” — рэжысёры Юваль Абрахам і Рахель Шор (абодва — Ізраіль);
“Rehearsals for a Revolution — Пегах Ахангарані (Іран);
“Everybody to Kenmure Street — Фэліпэ Бустас Сьера (Чылі/Бельгія);
“Amazomania” — Натан Гросман (Швецыя);
“Citizen Osama” — Ахмед Хасуна (Палестына);
“Traces” — Аліса Каваленка і Марыся Нікіцюк (абедзве — Украіна);
“Closure” — Міхал Марчак (Польшча);
“Whispers in the Woods — Венсан Мюнье (Францыя);
“A Fox Under a Pink Moon” — Мехрдад Аскуі (Іран) і Сарая Ахлакхі (Афганістан);
“Bugboy” — Лукас Палеакрасас (Грэцыя);
“Rescue” — Сіне Пламбех (Данія);
“Queer Edward II” — Тэа Роласан (Вялікабрытанія);
“La Belle Année” — Анжаліка Руф’е (Швецыя/Францыя);
“To Hold a Mountain” — Біляна Тутараў (Сербія) і Петар Гламазіч (Чарнагорыя).
Беларускія фільмы не першы раз у шорт-лісце Еўрапейскай кінаакадэміі
Але не перамагалі ні разу.
Рэжысёр Мара Тамковіч была намінаваная на прэмію Еўрапейскай кінаакадэміі год таму ў катэгорыі European Discovery — Prix FIPRESCI (“Еўрапейскае адкрыццё“) за дэбютны поўнаметражны фільм “Пад шэрым небам“.
Фільм прысвечаны лёсу беларускай журналісткі Кацярыны Андрэевай, асуджанай за асвятленне пратэстаў 2020 года, і яе мужа Ігара Ільяша, які спрабаваў дамагчыся яе вызвалення (цяпер наадварот: Андрэева на волі, але высланая з краіны, патрабуе вызваліць мужа, асуджанага з палітычных матываў).
У 2023 годзе на прэмію ў катэгорыі “Найлепшы еўрапейскі дакументальны фільм“ быў намінаваны фільм “Радзіма“ беларускіх рэжысёраў Аляксандра Міхалковіча і Ганны Бадзяка. Карціна распавядае пра дзедаўшчыну ў беларускім войску і яе наступствы для маладых людзей. Фільм увайшоў у фінальную пяцёрку намінантаў, аднак узнагароду тады атрымала эстонская дакументальная стужка “Сястрынства лазні па-чорнаму” Ганны Хінтс.
У 2020 годзе ў шорт-ліст прэміі Еўрапейскай кінаакадэміі ў катэгорыі “Кароткаметражнае кіно” увайшоў фільм “Возера радасці” рэжысёра Аляксея Палуяна. Фільм, створаны паводле рамана Віктара Марціновіча, распавядае пра дзевяцігадовую дзяўчынку Яну, якая пасля смерці маці трапляе ў дзіцячы дом, а затым пераязджае ў вёску да сваякоў.
У 2022 годзе ў шорт-ліст той жа катэгорыі трапіў фільм “Метадычка” Паўла Мажара. Ён заснаваны на сведчаннях людзей, якія перажылі палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі, і даследуе механізмы дзяржаўнага гвалту.
У 2003 годзе Віктар Аслюк атрымаў намінацыю ад Еўрапейскай кінаакадэміі ў катэгорыі кароткаметражных фільмаў за дакументальную карціну “Мы жывем на краі“. Фільм быў зняты ў 2002 годзе студыяй “Летапіс“ і кінастудыяй “Беларусьфільм“, прысвечаны беларускай вёсцы на беразе Нёмана. Рака паступова размывае бераг і пагражае звыкламу жыццю. Маладыя з’язджаюць, пажылыя паміраюць, а тыя, што засталіся, сутыкаюцца з наступствамі чарнобыльскай катастрофы, алкагалізмам, знікненнем традыцый і разбурэннем звыклага ўкладу.
Як з’явілася прэмія Еўрапейскай кінаакадэміі
Прэмія Еўрапейскай кінаакадэміі (да 1997 года называлася “Фелікс”) — штогадовая ўзнагарода, заснаваная для прызнання дасягненняў еўрапейскага кіно і ў процівагу амерыканскай прэміі “Оскар”. Першая цырымонія адбылася ў 1988 годзе.
Узнагароды ўручаюцца ў розных катэгорыях, у тым ліку за найлепшы еўрапейскі фільм, дакументальную і анімацыйную карціны, кароткаметражнае кіно, рэжысуру і акцёрскія працы.



