Мінск 20:36

Калонія “Віцьба-3”: Рэпрэсіўная машына, выдраная да бляску

Віктар ІВІЦКІ

Ілюстрацыя: "Позірк"

Ілюстрацыя: “Позірк”

Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі 23 чэрвеня выпусціў грамадскае расследаванне “Катаванні і жорсткае абыходжанне ў папраўчай калоніі № 3 Віцебскай вобласці”. Гэтая калонія размешчаная ў пасёлку Віцьба.

Дакумент падрыхтаваны на падставе 29 інтэрв’ю з былымі палітвязнямі, якія ўтрымліваліся ў гэтай калоніі, дзеля спрошчвання названай “Віцьба-3“, з лістапада 2020 года да лістапада 2023-га. Расшыфроўка тэкстаў размоў заняла агулам 1.836 старонак звычайным шрыфтам, непасрэжна ў дакладзе 87 старонак.

Сваім досведам і высновамі на прэзентацыі падзяліўся ДзмітрыйсМіхайлаўс — грамадзянін Латвіі, які правёў у калоніі 1.190 дзён і трапіў у першую партыю вызваленых намаганнямі ЗША 21 чэрвеня 2025 года.

“Надзвычайны ўзровень стукацтва“

“Віцьба-3” ад іншых беларускіх калоній адрозніваецца тым, што туды адпраўляюць г.зв. элітны кантынгент: былых чыноўнікаў, сілавікоў. Гэтыя сцены знаёмыя, напрыклад, Андрэю Уцюрыну — некалі намесніку дзяржсакратара Савета бяспекі, начальніку службы бяспекі Аляксандра Лукашэнкі. Адпаведна ў нейкіх момантах ёсць паслабленні, аднак выкананню патрабаванняў унутраных правілаў надаецца самая пільная ўвага, у калоніі “надзвычайны ўзровень стукацтва“, сістэма даносніцтва выбудаваная з асаблівым стараннем, адзначыў на прэзентацыі расследавання прадстаўнік камітэта па расследаванні катаванняў (імя не раскрываецца ў мэтах бяспекі).

Да 2020 года ў ПК-3 сядзелі некаторыя вядомыя палітвязні тых часоў: Аляксандр Казулін, Андрэй Саннікаў, Аляксандр Атрошчанкаў, Ігар Аліневіч (цяпер адбывае 20-гадовы тэрмін у мазырскай ПК-2020). Сярод вязняў новай хвалі арганізатар прэзентацыі назваў Максіма Знака, Андрэя Дзмітрыева, Сяргея Пятрухіна, Дзмітрыя Наважылава (апошні яшчэ ў няволі). Паводле яго, сыстэма спагнанняў эфэктыўна выкарыстоўваецца для пераследу палітвязняў. Калі яны нічога не парушаюць, парушэнні ім прыдумляюць. У многіх статус злосных парушальнікаў рэжыму. Гэта цягне не толькі перавод у штрафны ізалятар і памяшканне камернага тыпу, але і дае падставы для павелічэння тэрміну паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, які выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі).

Былыя палітвязні, распавядаючы пра дзеянні начальніка калоніі Філіпа Стурчанкі і ягонага папярэдніка Аляксея Старавойтава (памёр у лютым 2024 года ва ўзросце 47 гадоў, неафіцыйна выказваліся здагадкі пра суіцыд), “аднадушныя — абодва <…> стварылі падкрэслена жорсткія ўмовы знаходжання для палітвязняў”, таму “іх дзеянні падлягаюць прававой ацэнцы і не павінны застацца беспакаранымі“.

Пасля прызначэння Стурчанкі начальнікам калоніі “ва ўсёй установе была ўсталяваная сістэма відэаназірання, уключаючы жылыя баракі, што пазбавіла зняволеных апошніх магчымасцяў для некантралюемага адпачынку ці проста адзіноты”.

Замежнікам — руская мова, каталікам — праваслаўе

У гэтую ж калонію этапуюць замежнікаў. Зняволеных не сартуюць паводле нацыянальнасці або веравызнання. Яны вымушаныя суседнічаць у кругласутачным рэжыме пад пагрозай трапіць у крытую турму, калі хтосьці паб’ецца, адзначыў Дзмітрыйс Міхайлаўс.

У расследаванні паведамляецца, што многія замежнікі не разумелі рускай мовы, аднак “усе рэжымныя патрабаванні, уключаючы абавязковы вусны даклад пры пабудове, павінны прад’яўляцца выключна на рускай мове, незалежна ад таго, ці разумее чалавек хоць слова“. “Людзі проста садзіліся, яму дыктавалі, ён пісаў на сваім кітайскім і вучыў. Ён нават не разумее, што вучыць. Вучыць проста набор гукаў, які яму абавязкова трэба сказаць начальніку калоніі“, — распавёў адзін з былых палітвязняў.

На тэрыторыі калоніі ёсць праваслаўная царква, аднак зняволеным іншых канфесій доступ да рэлігійнай практыцы фактычна закрыты. “Каталікі не дапускаюцца да набажэнстваў, іх пісьмовыя заявы з просьбай арганізаваць набажэнствы засталіся без адказу, просьбы запрасіць каталіцкага святара адхіляліся пад рознымі падставамі. Пры гэтым адміністрацыя калоніі, паводле наяўных сведчанняў, мэтанакіравана выкарыстоўвала праваслаўнага святара для ціску на вернікаў іншых канфесій з мэтай іх пераходу ў праваслаўе. Каталікі былі вымушаныя арганізоўваць малітвы самастойна, дамаўляючыся з асобнымі супрацоўнікамі ў святочныя дні”, — гаворыцца ў расследаванні.

Сваім — “праграма лаяльнасці”, палітычным — сістэма “папраўчых мер“

Як адзначаюць сведкі, былым суддзям, пракурорам і міліцыянтам умовы ўтрымання ў “Віцьбе-3“ ніхто не робіць больш жорсткімі — як правіла, яны разбіраюць сабе найбольш “сытыя“ пасады заггасаў, дзённых і іншых набліжаных да адміністрацыі асобаў. Аднак на палітвязняў з прафілактычным улікам — тых, каго пазначаюць біркамі — жоўтымі (схільны да “экстрэмізму“, “тэрарызму“) і чырвонымі (схільны да ўцёкаў, нападу, суіцыду), — абвальваецца ўся сістэма “папраўчых мер“. “Іх штодзённасць складаецца з бесперапыннага ціску і абмежаванняў: неабгрунтаваныя спагнанні ідуць адно за адным, цяжкая фізічная праца становіцца абавязковай і выматвальнай, а доступ да пасылак, медыцынскіх перадач і зносін з блізкімі сістэматычна абмяжоўваецца“, — гаворыцца ў расследаванні.

Наглядныя органы (Дэпартамент выканання пакаранняў МУС, пракуратура, аблвыканкам, грамадская назіральная камісія) правяралі калонію рэгулярна. Эфектыўнасць — нуль. “Напярэдадні кожнай праверкі начальнік атрада збіраў зняволеных і мэтанакіравана інструктаваў іх маўчаць. Падняць скаргу перад правяраючымі азначала гарантавана выракчы сябе на ШІЗА і пазбавіцца любых перспектыў на змякчэнне пакарання. <…> Любыя лісты ў дзяржаўныя органы, у тым ліку са скаргамі, адпраўляліся праз спецыяльны аддзел, які вырашаў, ці сыдзе твой ліст з калоніі“, — адзначае Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі.

Прыводзіцца сведчанне аднаго з былых вязняў: “Напярэдадні ён (начальнік атрада. — “Позірк”.) збіраў нас і казаў: “Заўтра ніводная сука па тэрыторыі не ходзіць. Калі захочуць з вамі пагутарыць — у вас ні ў каго пытанняў няма, у вас усё добра. Калі нейкая сука задасць пытанне — з ШІЗА да Вялікадня не выйдзеце”.

Пакаранне за гістарычную паралель

Дзмітрыйс Міхайлаўс быў затрыманы 1 сакавіка 2022 года. 30 снежня таго ж года Мінскі гарадскі суд у асобе суддзі Святланы Чарапанавай прыгаварыў яго да 4 гадоў пазбаўлення волі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы), 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы), 368 (абраза прэзідэнта) і 369 (абраза прадстаўніка ўлады).

Адзін з сюжэтаў аповеду Міхайлаўса тычыўся своеасаблівага разумення захавання “гістарычнай памяці” супрацоўнікамі калоніі, якія фактычна выйшлі на саміх сябе. У карантыне (там утрымліваюцца новапрыбылыя ў калонію) паказвалі фільм Рамана Паланскі “Піяніст“ пра пакуты яўрэяў у акупаванай гітлераўцамі Варшаве. Яўрэі хадзілі з прымусова нашытымі жоўтымі зоркамі Давіда. “У мяне была такая ж жоўтая бірка, толькі прастакутная“, — адзначыў Міхайлаўс. Ён публічна абурыўся, праз гадзіну пра гэта далажылі начальству, пасля чаго яго вывелі на вуліцу, дзе пратрымалі шэсць гадзін без пальчатак, шаліка, у цеснай целагрэйцы, турэмных чаравіках на тонкую шкарпэтку.

Гэта было 30 студзеня альбо 1 лютага 2023 года, паведаміў былы палітвязень. На наступны дзень яго шпіталізавалі з тэмпературай 39,3.

Прагляд перадач дзяржаўнага тэлебачання (а іншага даўно няма) у ПК-3, як і ў іншых калоніях, абавязковы. Пасля вячэры зняволеныя абавязаныя глядзець навіны ў “ленінскім пакоі”. Па выхадных — наведванне клуба для прагляду “патрыятычных“ фільмаў — савецкіх ваенных карцін і прапагандысцкіх матэрыялаў. У дадатак — індывідуальныя “гутаркі“ з палітвязнямі наконт усведамлення “памылкі”.

49 капеек за тры гады працы

У дакладзе адзначаецца, што акрамя асноўнай працы ў цэхах зняволеных прыцягвалі да “дадатковай прымусовай працы, не прадугледжанай іх фармальнымі абавязкамі“. Найбольш распаўсюджаная форма такой працы — уборка снегу. Адмова пагражала ШІЗА. Зняволеных “таксама прымушалі перавозіць цяжкія грузы на калясках, уручную цягнуць будаўнічае смецце”.

Заробак за паўнавартасны працоўны дзень або месяц “вымяраўся капейкамі“. Паводле даведак, якім удалося захаваць некаторым былым палітвязням, гэта магло быць 11 капеек за месяц, 25 капеек, 1 рубель 2 капейкі, 78 капеек за ўвесь час знаходжання ў калоніі. Адзін са сведкаў за тры гады працы зарабіў 49 капеек сумарна. Пры гэтым паводле дакументаў калонія налічвала зняволеным 150-200 рублёў у месяц, “аднак паказвалася, што ўся сума сыходзіць на “ўтрыманне“ — харчаванне і камунальныя паслугі“.

“Яшчэ жартавалі кантралёры, што грашовае забеспячэнне іх вартавога сабакі ў 8 разоў больш, чым у зняволенага“, — распавёў адзін са сведак.

Пры гэтым у “Віцьбе-3“ паралельна існуе “сістэма нефармальных пабораў”. Асабліва ўразлівыя пенсіянеры, у якіх, у адрозненне ад большасці зняволеных, ёсць грошы дзякуючы пералічэнню пенсій. Адміністрацыя прымушае пісаць заявы аб добраахвотным утрыманні: на рамонт халадзільніка, куплю фарбы, новыя шпалеры.

Нічога новага, нічога не мяняецца

Як было падкрэслена на прэзентацыі, нічога новага ў калоніі ў параўнанні з ранейшымі часамі няма: рэпрэсіўную сістэму, у тым ліку ў месцах пазбаўлення волі, рэжым пабудаваў даўно. І не варта цешыць сябе ілюзіямі, што падключэнне амерыканцаў, вызваленне часткі палітвязняў нешта змяніла ў сценах пенітэнцыярных устаноў. Людзі, якія знаходзяцца там, праходзяць тыя ж выпрабаванні, што і іх папярэднікі.

Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі нагадвае, што арт. 128 КК (злачынствы супраць бяспекі чалавецтва) не мае тэрміну даўнасці.

Падзяліцца: