Мінск 12:49

40 гадоў трагедыі. Як Лукашэнка “надаваў па мардасах” Чарнобылю

Аглядальнік “Позірку”
Крыніцы выяў: сайт Аляксандра Лукашэнкі, Wendelin Jacober (pxhere.com) / калаж: "Позірк"

26 красавіка 1986 года выбухнуў рэактар на Чарнобыльскай АЭС. Ля паўднёвых межаў Беларусі здарылася найбуйнейшая радыяцыйная катастрофа ў гісторыі чалавецтва. Праз 40 гадоў яе рэха не сціхае насуперак намаганням рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. А страх перад радыяцыяй — з ім беларусам давядзецца жыць яшчэ дзесяцігоддзі.

Геаграфічна і адміністрацыйна Чарнобыль — гэта не Беларусь. Да 1991 года АЭС была савецкай станцыяй, пасля — стала ўкраінскай. Але гэта мала што вызначае з пункту гледжання наступстваў катастрофы: больш за 70% радыенуклідаў пасля выбуху прызямлілася ў Беларусі. З тых часоў Чарнобыль рыфмуецца менавіта з нашай краінай у першую і галоўную чаргу.

Колькасць ахвяр Чарнобыля — велічыня дынамічная і дыскусійная з-за спецыфікі падліку і асаблівасцяў ўздзеяння радыяцыйнага выпраменьвання на арганізм чалавека. Эксперты сыходзяцца на тым, што адразу пасля выбуху і на працягу наступных дзесяцігоддзяў маглі сканаць дзясяткі тысяч людзей.

Больш дакладныя лічбы гавораць аб маштабах забруджвання беларускай тэрыторыі. Пасля аварыі ў зоне радыеактыўнага ўздзеяння апынулася 23% зямель — 3.678 населеных пунктаў і 2,2 млн жыхароў.

Найбольш пацярпела Гомельская вобласць, асабліва прыгранічныя з Украінай раёны. Некаторыя тэрыторыі ўвайшлі ў зону адчужэння. У той ці іншай ступені Чарнобыль закрануў усе рэгіёны Беларусі — найменш Віцебскую вобласць.

Свежыя афіцыйныя даныя па людзях і землях былі прадстаўленыя на гэтым тыдні на спецыяльнай прэс-канферэнцыі ў Мінску. Заяўлена, што на 1 студзеня 2026-га ў зоне забруджвання заставалася 2.013 населеных пунктаў і 922 тыс. жыхароў.

Паводле афіцыйнай версіі, за 40 гадоў маштабы заражэння прыкметна зменшыліся: у 1,83 раза па плошчы і ў 2,39 раза па людзях. Але наколькі аб’ектыўныя гэтыя звесткі?

На працягу многіх гадоў Лукашэнка і яго чыноўнікі паслядоўна перамяншаюць шкоду ад Чарнобыля, адсоўваюць тэму на перыферыю, а то і зусім заяўляюць, што праблема фактычна вырашаная дзякуючы бліскучым дзеянням улады.

На першым плане — сельгасабарот, а не людзі

Пра безумоўныя поспехі на чарнобыльскім фронце гарант беларускай стабільнасці найбольш красамоўна заявіў у 2022 годзе. Тады з нагоды 36-й гадавіны катастрофы ён прыбыў у Чачэрскі раён (Гомельская вобласць), дзе палез за словам у кішэню і паклаў руку на сэрца: “Не буду казаць, што мы перамаглі Чарнобыль, але па мардасах яму надавалі моцна. Мы далі рады рашэнню гэтай задачы”.

У тым выступе кіраўнік выпраменьваў аптымізм. Па-першае, сказаў, пацярпелыя раёны “добра аднаўляюцца”, а “захворванне грамадзян нават ніжэй, чым у іншых рэгіёнах”. Па-другое, дадаў, улада будзе “рабіць усё, каб людзі маглі тут працаваць”. Нарэшце, рэзюмаваў: “Мы будзем жыць тут” — і з’ехаў у Мінск.

У прынцыпе, у гэтым і складаецца стратэгія Лукашэнкі ў чарнобыльскім пытанні. Раней закансерваваныя зямлі актыўна вяртаюцца ў сельскагаспадарчы абарот — каб на іх вырошчвалася тое, што мае добрую рынкавую цану. Раней забруджаныя лясы прызнаюцца “чыстымі” — гэта значыць прыдатнымі да нарыхтоўкі драўніны для камерцыйных мэтаў. Адпаведныя дзяржпраграмы накіраваныя на рэалізацыю эканамічнага патэнцыялу рэгіёнаў, адводзячы на другі план пытанні радыяцыйнай бяспекі і падтрымкі людзей.

Увогуле, няма нічога дзіўнага ў тым, што заражаныя мясцовасці паступова вяртаюцца да ранейшага жыцця. Прайшлі гады, дзесяцігоддзі — тыя ж працэсы ідуць і на закранутых катастрофай прасторах Расіі і Украіны, дзе “фаніць” стала значна менш.

Аднак экспэрты крытыкуюць Лукашэнку менавіта за фарсіраванне працэсу, за грэблівае стаўленне да вылічэнняў незалежных экспэртаў, да беларусаў і іх здароўя.

Улады паквапіліся нават на “трунныя“

На людзях беларускі ўладар стаў эканоміць з самага пачатку, неўзабаве пасля прыходу да ўлады. Адно з першых рашэнняў — абрэзаць ільготы для ліквідатараў і жыхароў заражаных раёнаў.

Былі скарочаныя або зусім скасаваныя выплаты (так званыя “трунныя”), перавагі пры атрыманні шэрагу медпаслуг, банкаўскіх пазык, права бясплатнага праезду ў грамадскім транспарце. Дэкларуючы сацыяльную арыентаванасць дзяржавы, яе кіраўнік яшчэ ў 90-я гады зняў з “чарнобыльцаў” тоўстую габлюшку.

І на гэтым не спыніўся. Прымаліся ўсе новыя законы, ільгот станавілася ўсё менш. З часам быў скасаваны афіцыйны статус ліквідатара наступстваў аварыі на ЧАЭС, а пасля падзей 2020 года рэжым так захапіўся зачысткай правоў і свабод, што дэ-факта заблакаваў нават паездкі “дзяцей Чарнобыля” на аздараўленне ў краіны Еўрасаюза.

Усё гэта не перашкаджала самадзержцу-дабрадзею заяўляць аб сваёй перадавой ролі ў “канчатковым вырашэнні чарнобыльскага пытання”. З асаблівым натхненнем Лукашэнка практыкаваўся ў пафаснай рыторыцы 26 красавіка 2021-га — падчас паездкі ў Брагін (Гомельская вобласць) з нагоды 35-годдзя трагедыі.

Выступаючы перад спецыяльна сабранымі мясцовымі жыхарамі, прамоўца называў бясстатусных ліквідатараў “героямі, якія ведалі, што яны памруць у мірны час”, і якія, аднак, “ішлі і паміралі”. Заявіў, што “чарнобыльскі ўдар згуртаваў беларусаў у імкненні захаваць гэты край”. І, нарэшце, выказаўся пра сваю сціплую ролю ў барацьбе з радыяцыяй: “Чарнобыльская катастрофа прайшлася катком па маім лёсе, як і па многіх лёсах людзей, якія стаяць тут. Тады вы думалі пра сябе, свой лёс, будучыню, а мне давялося думаць не толькі пра вас — пра краіну, пра велізарную тэрыторыю”.

Як менавіта гэтая трагедыя прайшла катком па лёсе экс-кіраўніка саўгаса “Гарадзец”, удакладнена не было. Гэтага і не патрабавалася, бо прапагандысцка-палітычнае гучанне тэмы да таго часу ўжо мала каго здзіўляла.

Як затыкалі рот прафесару Бандажэўскаму

Беларускае грамадства ў красавіку 1986-га атрымала наймацнейшую калектыўную траўму. І яшчэ вельмі доўга заставалася адчувальным да ўсяго, што звязана з тэмай ЧАЭС. У сярэдзіне 90-х гэта наклалася на першыя аўтарытарныя практыкі маладога Лукашэнкі і прывяло да адраджэння “Чарнобыльскага шляху” — масавых шэсцяў у цэнтры Мінска ў гадавіну трагедыі.

Найбольш шматлюдны “шлях” адбыўся ў 1996-м — да дзесяцігоддзя катастрофы. Мірная акцыя сабрала тады ў сталіцы, паводле розных ацэнак, ад 30 да 60 тыс. чалавек, і ўлады не змаглі спакойна глядзець на такое масавае несанкцыянаванае мерапрыемства. Была дадзеная каманда сілавікам, і пасля таго як тыя выбудавалі кардон на шляху руху калоны, пачаліся сутычкі.

У выніку было затрымана больш за 200 чалавек, уключаючы апазіцыйных палітыкаў. Офіс БНФ штурмавала міліцыя, лідар партыі Зянон Пазьняк здолеў пакінуць штаб-кватэру праз запасны выхад і 8 траўня з’ехаў з краіны. Вярнуцца бяспечна ён не можа дагэтуль.

У тыя дні Лукашэнка ў думках унёс “Чарнобыльскі шлях” у спіс непажаданых мерапрыемстваў, і ў наступныя гады яго заўзятыя сілавыя структуры кожны раз вінцілі ўдзельнікаў шэсцяў. Пакуль не былі забароненыя красавіцкія маршы дэ-факта.

Дапякала ўладам тады не толькі вуліца, але і незалежная публіцыстыка. І на гэты ўчастак таксама былі кінутыя “пададдзелы зачысткі”.

Найбольш пацярпеў Юрый Бандажэўскі — навуковец-радыёлаг, прафесар, рэктар Гомельскага дзяржуніверсітэта. Гэты даследчык ўплыву малых доз радыяцыі на здароўе чалавека адкрыта крытыкаваў дзяржаўную палітыку вяртання забруджаных зямель у гаспадарчы ўжытак.

Супраць яго ў 1999 годзе згатавалі крымінальную справу аб хабарах і асудзілі на восем гадоў пазбаўлення волі. Пасля датэрміновага вызвалення ў 2005-м Бандажэўскі пакінуў Беларусь. Пасля гэтага займаўся чарнобыльскай праблематыкай ва Украіне.

Гэтаксама кіраўнік глядзеў і на каранавірус

Лукашэнка, як правіла, не вучыцца на сваіх памылках — ён іх паўтарае з яшчэ большай стараннасцю. Дзіўна, але на падобныя граблі ён наступіў у 2020-м, і справа не ў выбарах і пратэстах. Справа ў пандэміі каранавіруса.

Да нападу смяротнай хваробы на суграмадзян гарант паставіўся прыкладна гэтак жа, як да чарнобыльскай небяспекі. Тое ж пераменшванне праблемы — а ў першы час і яе адмаўленне, той жа ўпор на эканоміку з рызыкай для здароўя жыхароў краіны, тыя ж невуцкія практыкі і пераможныя рэляцыі.

“Тут няма вірусаў ніякіх! Вось ты ж не заўважыла, што яны лётаюць? І я таксама не бачу!” — заявіў ён некалі каля хакейнай пляцоўкі, даючы “па мардасах” ужо пандэміі. Тое ж самае мог сказаць і пра радыяцыю, розніцы ў падыходзе ніякай.

Колькі чалавечых жыццяў каштавала палітыка Лукашэнкі ў адносінах да Чарнобыля, сказаць цяжка, калі магчыма наогул. Афіцыйная статыстыка смяротнасці ад кавіда відавочна заніжаная — незалежныя ацэнкі, заснаваныя на ўскосных звестках, кажуць пра страту дзясяткаў тысяч людзей.

Разлічваць на іншае стаўленне да экзістэнцыйных рызык і чалавечага жыцця пры гэтым рэжыме беларусам ужо не даводзіцца. Цяперашняя ўлада толькі памнажае патэнцыйныя пагрозы, то збіраючыся будаваць другую АЭС, то куражачыся ў сувязі з завозам з Расіі ядзернай зброі.

Здаровы аналіз персанальнага “Чарнобыльскага шляху” Лукашэнкі будзе дадзены толькі пасля яго сыходу.

Падзяліцца: