«Візы выдалі, а ПВТ усё роўна ў Мінску». Вядучы падкасту «Зроблена ў Польшчы» пра перспектывы мігрантаў
PiS любіць беларусаў болей, чым урад Туска («пры PiS такога не было!»)? Ва ўсім вінаватыя PBH-шнікі? Беларусы не змогуць падавацца на абарону?
Канал для айцiшнiкаў у Польшчы Dzik сабраў некаторыя папулярныя меркаванні ды страхі з свайго чату і папрасіў Кірыла — аднаго з вядучых падкасту «Зроблена ў Польшчы» пра польскую палітыку — іх пракаментаваць.
«PiS дазваляў беларусам болей, чым цяперашні ўрад Дональда Туска»
— Беларусам уласцівая такая рыса як «панікаваць». Разумею, нікому не хочацца аказацца ў сітуацыі, як у беларусаў у Літве. Але пакуль не бачу нічога, што паказвала б, што Польшча рухаецца ў «літоўскі» бок.
Пару тыдняў таму я напісаў у твітары, што з прыходам новай улады падыход да беларусаў змяніўся з уласцівага PiS-у сентыменталізму на больш прагматычны. Ну і ўвогуле, для «Грамадзянскай платформы», для Дональда Туска кірунак усходу значна менш цікавы, чым для папярэдняга ўрада.
Хаця слова «цікавы» тут не зусім дакладнае. Хутчэй, для PiS гэта была такая мара, «Międzymorze» (гэта канцэпт, які прадугледжвае стварэнне альянсу краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, ад Літвы і да Румыніі — прым. рэд.).
У адным з бліжэйшых выпускаў мы будзем размаўляць пра канвенцыю PiS. І яны там падпісалі праграмную дэкларацыю, дзе адным з пунктаў было «międzymorze». Такі стратэгічны праект, дзе б на чале краін нашага рэгіёну стаяла менавіта Польшча.
Не, новая ўлада нас, беларусаў, не ненавідзіць. Я манітору навіны і яшчэ не бачыў ні аднаго нацыяналістычнага выпаду ў бок беларусаў. Напрыклад, у тым знакамітым твіце Туска пра «айцішнікаў» трэба было звяртаць увагу на арфаграфію! А менавіта, на двукоссе вакол слова «informatyki». То бок, меліся на ўвазе не сапраўдныя праграмісты.
«Пасля таго, як прымуць новую міграцыйную стратэгію, беларусы не змогуць падавацца на абарону ў Польшчы»
— Калі я пачуў выступ Туска ўпершыню, то ў мяне была падобная рэакцыя: «Ух ты ж, ніфіга сабе!». Бо калі Польшча прыпыніць прымаць заявы на абарону, то парушыць шэраг важных міжнародных законаў, у першую чаргу, Жэнеўскую канвенцыю.
Але потым, калі я пачытаў сам тэкст праекту (там 36 старонак), то зразумеў, што Польшча проста мяняе падыход на, скажам так, больш жорсткі. Аднак нейкай крамолы я там не пабачыў, і беларусы ў гэтым дакуменце ўвогуле далёка не на першым месцы (дарэчы, мы будзем пра гэта размаўляць у наступным выпуску ў сераду, таму сачыце за анонсамі).
Калі коратка, то там гаворыцца, што за апошнія 10 год Польшча сутыкнулася з вялікім наплывам мігрантаў. Пачалося ўсё з увядзення бязвізу для ўкраінцаў (у 2017-м — Dzik). Потым, прыкладна праз два гады, была хваля індусаў. Пасля дадаліся беларусы, ну і зараз праз вайну ідзе новая вялікая хваля ўкраінцаў.
Цяпер у Польшчы прыкладна 2,5-3 мільёна мігрантаў. Гэта шмат, улічваючы, што да 2015-га краіна была вельмі монанацыянальнай. У перспектыве гэта можа прывесці да сур’ёзнай эскалацыі ў грамадстве. Таму польская дзяржава вырашыла зрабіць першы крок сама, а не чакаць, пакуль праз 10 год у гарадах з’явяцца нацыянальныя гета.
Але пакуль, наколькі я разумею, гаворка ідзе менавіта пра знешнюю мяжу з Беларуссю і нелегальных мігрантаў. Гэта ўскосна пацвердзілася і пад час слуханняў у Сейме, калі Анджэй Дуда сказаў, што прыпыненне права на азыл закране беларусаў. На што Туск адказаў, што не бачыў яшчэ ніводнага беларуса, які б пераходзіў мяжу з Польшчай нелегальна.
Думаю, адносна надання азылю беларусам змены будуць хіба што ў бок большага кантролю, каб людзі не хлусілі. То бок, для падачы на міжнародную абарону, хутчэй за ўсё, трэба будзе падаваць яшчэ нейкія доказы акрамя сваіх слоў.
«Візавы скандал пачаўся з афрыканцаў, а звалілі ўсё на PBH-шнікаў»
— Я пісаў у сваім трэдзе, што на такія пытанні няма простых адказаў. Няма нейкай адной прычыны, што справакавала візавы скандал.
Хутчэй, гэта PiS пабудаваў сістэму розных праграм, але не стварыў ніякіх механізмаў, як гэта павінна было працаваць. Класічны факап PiS-у. Яны заўсёды прыдумлялі вялікія пафасныя ідэі, якія потым дрэнна працавалі. Прыгадайце толькі ўвядзенне «Польскага ладу» і які хаос гэта выклікала.
Мне ў каментарах пісалі, што ў адмене праграмы Poland.Business Harbour вінаватыя самі беларусы, якія ездзілі на закупы з візамі PBH. Але я з гэтым не пагаджуся. Тут вельмі шмат фактараў, ад пытанняў бяспекі краіны і да карупцыі ў МЗС. Гэта ўсё можна пачытаць у адпаведным рэпорце NIK.
Дарэчы, мяне ў гэтай справаздачы больш за ўсё ўразіла, што ў праграмы PBH нават не было пісьмовай версіі. Як так можна — зрабіць новую вялікую праграму, мэтай якой з’яўляецца прыцягненне каштоўных кадраў у краіну, і нават не падрыхтаваць паперы?!
Але падобныя правалы вельмі ўласцівыя партыі PiS.
«Незразумела, чаму да PBH-шнікаў прэтэнзіі, што выдалі шмат віз, а прыехала мала людзей. Віза≠абавязацельства прыехаць»
— Я магу гэта пракаментаваць, з аднаго боку, як чалавек з польскім грамадзянствам, а з іншага — як беларус.
То бок, палякі прыдумалі праграму, мэтай якой было прыцягнуць у краіну цэнныя кадры. Умоўна, каб увесь Парк высокіх тэхналогій пераехаў у Варшаву. Але дастатковую колькасць віз выдалі, а ПВТ усё роўна застаўся ў Мінску. І ў палякаў узнікла пытанне «якога фіга».
Да таго ж званочкі, што візы выкарыстоўваюцца не па мэце, былі ўжо некалькі год таму. Напрыклад, калі кагосьці, умоўна, лавілі з працоўнай польскай візай на нямецка-галандскай мяжы і давалі забарону на ўезд на тры гады.
Як беларус, я разумею, што візу зрабіць складана і не абвінавачваю людзей. Але з пункту гледжання грамадзяніна Польшчы правілы ёсць правілы.
«У нас аднімуць віды на жыхарства, якія выдалі на падставе PBH»
— Наогул не разумею, адкуль гэта ўзялося. Проста аднаго дня адкрываю твітар, а там людзі разважаюць, што будзе, калі ў іх забяруць часовы від на жыхарства.
На дадзены момант я не бачу і не чакаю такога развароту ў адносінах Польшчы да беларусаў. Пакуль таму няма ніякіх прыкмет. І нават калі Польшча пачне адзываць ВНЖ, гэта створыць ёй шэраг праблем. Бо на яе змогуць падаць у той жа ЕСПЧ.
«Будзе цяжэй атрымаць грамадзянства, ужо з’явіўся праект, каб не прымаць пасведчанне паліцыялкі ў якасці пацвярджэння мовы»
— Так, пра гэта згадваецца ў праекце міграцыйнай стратэгіі. То бок, калі яго прымуць, то ўзровень мовы не будуць пацвярджаць ні пасведчанне аб сканчэнні паліцыяльнай школы, ні нават дыплом універсітэта.
Кожны прэтэндэнт павінен будзе здаць два тэсты. Адзін — на веданне культуры, законаў, традыцый, прыкладна як на карту паляка. І іншы — моўны тэст.
Мне гэтая сістэма знаёмая. Яны, здаецца, яе «злізваюць» з Вялікабрытаніі. Там таксама ёсць падобны тэст на грамадзянства з пытаннямі кшталту «Што Генрых VIII любіў есці на сняданне?».
Яшчэ я б звярнуў у міграцыйнай стратэгіі ўвагу на іншы поінт — што трэба ўзмацняць сістэму працы з замежнікамі. Бо зараз сістэма абслугоўвання іншаземцаў вельмі моцна буксуе. Не рабіліся адпаведныя інвестыцыі, не пашыраўся штат. Не было бонусаў для супрацоўнікаў, каб яны не звальняліся праз 3 месяцы (ва ўжондах вялікая цякучка).
Буду спадзявацца, што гэта выправяць, і гэта не скончыцца на традыцыі проста нешта там пафасна напісаць, а потым забіць. Бо я маю надзею на вяртанне тых слаўных часоў, калі карту пабыту выдавалі за 45 дзён.
Замест вынікаў
— Пакуль што я б раіў беларусам не хвалявацца і stay calm.
Адзінае, што, хутчэй за ўсё, у будучыні можна будзе забыцца на нейкія «схемы» па атрыманню віз. У горшым выпадку такія варыянты будуць проста прыкрывацца.
То бок, калі вам дадуць навуковую візу, значыць, яе трэба выкарыстоўваць менавіта для навукі. А не калі ты падаўся на візу нібыта для напісання доктарскай, а потым цябе злавілі з торбамі на базары ў Беластоку.
Таксама верагодна, што будуць больш пільна назіраць за дакументамі на падачу на карту паляка. Бо ў дакуменце пра міграцыйную стратэгію было прапісана, што расце колькасць сітуацый, калі людзей ловяць з фальшывымі дакументамі.
Таму вось вам мая парада: беларусы і беларускі, вучыце мову, інтэгруйцеся ў грамадства і не парушайце закон (бо пра павелічэнне кейсаў злачынстваў з боку іншаземцаў, без дзялення на народы, у дакуменце таксама згадваецца).
Читать на dev.by