Менш расійцаў, значна больш кітайцаў. Каго бралі на працу кампаніі ПВТ у 2023
Колькасць замежнікаў у ПВТ скарачаецца чатыры гады запар.
МУС абнавіў статыстыку па іншаземцах, працаўладкаваных у Беларусі ў 2023 годзе.
Паводле звестак Дэпартамента грамадзянства і міграцыі МУС, за мінулы год кампаніі ПВТ узялі на працу 267 замежных спецыялістаў. Гэта на 15% менш, чым у 2022 годзе.
Адносна ранейшых перыядаў дынаміка яшчэ горшая. У параўнанні з 2021 годам колькасць працаўладкаваных замежнікаў скарацілася ў 2,5 разы, з 2020 годам — у 3,5 разы, з 2019 годам — амаль у 5 разоў.
Верагодна, гэта звязана ў цэлым з нізкім найманнем на рынку. Кампаніі скарацілі найманне ўсіх спецыялістаў, у тым ліку замежных.
Амаль палова ўсіх працаўладкаваных замежнікаў — з Расіі (131 чалавек). Але ў параўнанні з 2022 годам іх колькасць скарацілася на 20%.
У папярэднія гады рэзідэнты ПВТ таксама наймалі з замежнікаў больш за ўсё расійцаў. Але іх доля плаўна скарачалася. Напрыклад, у 2019 годзе з усіх працаўладкаваных у ПВТ замежнікаў расійцы склалі 63%, летась — ужо 49%.
Нечакана ў топе-3 летась апынуліся спецыялісты з Кітая. Кампаніі ўзялі з гэтай краіны 25 спецыялістаў. Пры гэтым у папярэднія гады асаблівай цікавасці да гэтых спецыялістаў у кампаній ПВТ не было. Ранейшы рэкорд па найманні — 5 чалавек у 2021 годзе.
Верагодна, цікавасць да кітайскіх спецыялістаў будзе і сёлета, улічваючы, што сярод новых рэзідэнтаў ПВТ ёсць кампаніі з інвестыцыямі з Кітая.
Колькі ўсяго замежнікаў працуе ў кампаніях ПВТ, невядома. Паводле апошняй інфармацыі, усяго ў кампаніях Парка працуе больш за 60 тысяч спецыялістаў.
Год таму ў ПВТ працавала больш за 35% кампаній з замежным капіталам. Але з тых часоў з ПВТ сышло некалькі дзясяткаў кампаній, перш за ўсё замежных. Акрамя таго, сёлета ўжо было два наборы рэзідэнтаў, сярод іх ёсць кампаніі з замежным капіталам (Расія, Кітай, ААЭ, Турцыя).
Читать на dev.by