«Не абгрунтавалі мэты знаходжання». Беларусам сталі адмаўляць у студэнцкіх візах у Польшчу

Беларускім студэнтам апошнімі днямі сталі адмаўляць у польскіх візах з фармулёўкай «не абгрунтавалі мэты або ўмоў меркаванага знаходжання» (пункт 8 рашэння аб адмове ў выдачы нацыянальнай візы). Хоць, паводле слоў студэнтаў, яны падавалі стандартны пакет дакументаў або нават звыш таго. 

У сітуацыі разбіраўся канал для айцішнікаў у Польшчы Dzik Pic. 

21 каментарый

«Апеляцыі пакуль не падала»

— Я падавала дакументы ў Гомелі 15 жніўня. Атрымала пашпарт 27 жніўня. У пашпарце стаіць штамп 19 жніўня, а ў рашэнні аб адмове — 22 чысло, як у большасці людзей, якія атрымалі адмову, — расказала адная са студэнтак. 

Апеляцыі дзяўчына не падала, бо чакае новае запрашэнне з універсітэта.

— Я патэлефанавала ў консульства. Мне сказалі, што ніхто не знае прычыны адмовы. Параілі папрасіць яшчэ адное запрашэнне, зрабіць скан легітымацыі (студэнцкага білета — заўв.) і раздрукаваць яго.

«Буду падавацца паўторна»

— Я другакурсніца. Падавалася на студэнцкую візу для другога і наступных гадоў, пры дзейнай старой візе. Летась ніякіх праблем не ўзнікала.

Запіс у візавы цэнтр быў на 15 жніўня ў Магілёве. Пашпарт прывезлі 28-га, а сама адмова датуецца 22 чыслом. Па восьмым пункце. 

Настрыфікацыі атэстата не прыкладала, бо гэтага не патрабавалася ў мінулым годзе, і мой універсітэт таксама нічога падобнага не запытваў. Падавала стандартны пакет, і яшчэ быў дакумент з інтэрната, які пацвярджае аплату за кастрычнік, ксеракопію і нават PESEL.

Ездзіла ў польскае консульства дазнацца дакладнейшай інфармацыі. Там была даволі вялікая чарга з людзей майго ўзросту з такімі ж адмовамі па студэнцкай візе.

Да акенца так і не дайшла, бо працуюць яны ўсяго гадзіну і наўрад ці б я паспела. 

У тых, што сядзяць у чарзе спытала цікавую для мяне інфармацыю: кошт, прыкладны час, якія дакументы дадаткова прыклалі.

Адная дзяўчынка сказала, што запрасіла з універсітэта выпіску аб аплачаным семестры. Я такую таксама запрасіла, як толькі атрымала адмову. Думаю падацца на візу зноўку, і калі будзе другая адмова, то пайду на апеляцыю.

«Адмову паставіў міністр замежных спраў Польшчы»

 Dzik Pic паглядзеў, што пішуць у чатах з нагоды праблем з візамі

— «Была сёння на Крапоткіна, 91А (па гэтым адрасе размешчаны консульскі аддзел амбасады Польшчы ў Мінску — заўв.), стаяла вялікая чарга на падачу апеляцый. Сітуацыі розныя, але для першага года навучання — масава адмаўляюць на падставе п. 8 і п. 10.

Кансультантка сама не ведае, што трэба яшчэ падаць, каб паверылі, што едзеш навучацца, а не працаваць. Ва ўсіх быў поўны камплект дакументаў, пацверджанне ВНУ аб залічэнні, аплата семестра навучання, аплата інтэрната і 5000 еўра і больш на рахунках».

— «Асабіста ў нас усе дакументы правяралі ў візавым цэнтры і тое, што было лішнім, вярнулі, узялі толькі тое, што ім было неабходна па спісе, пацвердзілі, што поўны камплект. Прычына не ў гэтым. Адмовы былі і ў дзяржаўных ВНУ, і ў прыватных, і хлопчыкам, і дзяўчатам». 

— «Падаваліся 15 жніўня ў Магілёве, дакументы ўсе былі на месцы. Прыйшла адмова па пункце 10 („ёсць абгрунтаваныя сумневы наконт дакладнасці зробленых вамі заяў пра мэту знаходжання на тэрыторыі Польшчы“ — заўв.). Заўважыла, што адмова была пастаўленая не консулам Польшчы, а міністрам замежных спраў Польшчы». 

— «У мінулую пятніцу ў візавы цэнтр прыйшла папера ад консульства аб тым, што цяпер для падачы на візу патрэбныя сертыфікат ведання мовы і настрыфікацыя (хоць па фармулёўцы яны самі не да канца зразумелі, ці дакладна гэта настрыфікацыя).

Сталі абзвоньваць тых, хто ўжо падаўся, каб данеслі свае дакументы, але зразумелі, глупства нейкае, і ўвечары і консульства, і ВЦ гэтыя патрабаванні скасавалі. Цяпер якраз за гэтыя дні прылятаюць адмовы, у асноўным па пункце 8, таму ўсе думаюць, у гэтым прычына. Хоць тут таксама дзіўная сітуацыя, бо людзі падаваліся яшчэ на пачатку тыдня, і гэтых патрабаванняў блізка не было».

— «У консульстве Гродна мне адказалі, што з навін — наяўнасць банкаўскага рахунку, на якім мае быць 2200 злотых на месяц (каля 570 долараў). Настрыфікацыі і сертыфіката не трэба. Я падавала толькі даведку пра даходы за 3 месяцы і аплату за навучанне за семестр, і адмова».

Што адбываецца

Яшчэ 12 жніўня на сайце МЗС з’явілася паведамленне, што «апошнімі гадамі студэнцкімі візамі злоўжываюць як інструментам працаўладкавання замежнікаў».

І таму адным з інструментаў праверкі намераў абітурыентаў з’яўляецца пацвярджэнне пасведчання аб заканчэнні сярэдняй школы, выдадзенага за мяжой.

У прыватнасці, патрабаванні аб прызнанні атэстата ў польскім кураторыуме 12 жніўня з’явіліся на сайце пасольства ў Нью-Дэлі. І на сайце амбасады ў Алжыры гаварылася, што адсутнасць гэтага дакумента прывядзе да адмовы ў выдачы візы. Пазней гэта паўтарылі і польскія дыпламатычныя місіі ў Іраку, Эфіопіі і Паўднёвым Судане.

Акрамя таго, у візе могуць адмовіць, калі паставіць ранейшую дату, чым за два тыдні да пачатку заняткаў.

«Самыя вялікія праблемы ў Варшаве»

Моладзевая актывістка, генеральная сакратарка беларускай нацыянальнай моладзевай рады «РАДА» Ліза Пракопчык кажа, што адмовы па студэнцкіх візах пачалі прыходзіць «зусім нядаўна».

— Хутчэй за ўсё, у тых, хто падаўся прыкладна да 10-15 чысла жніўня, яшчэ будзе станоўчае рашэнне. А вось у тых, хто пазней, ідуць адмовы проста на ўзроўні міністэрства. Калі паглядзець дакументы, то там будзе напісана, што адмовы дае не консул, а менавіта МЗС.

Пакуль я бачыла толькі адмовы па восьмым пункце. У чаце «Польскі студэнт» дзяўчына пісала, што тэлефанавала ў брэсцкае консульства. І там ёй параілі прынесці сертыфікат пра веданне мовы і зробленую настрыфікацыю. Але гэта было ў рамках прапановы. Не «проста дадайце такія і такія дакументы да свайго пулу дакументаў», а «магчыма, гэта дапаможа». Ніякай інфармацыі няма.

Так, універсітэты маюць права патрабаваць настрыфікацыю. І да гэтага ў нас ішла барацьба з кураторыумамі ў Польшчы, бо яны пачалі патрабаваць сертыфікаты ЦТ або цэнтралізаваныя экзамены для настрыфікацыі. 

У цэлым, праблема была амаль вырашаная ў многіх кураторыумах. Ведаю, што ў Лодзі спакойна праходзяць настрыфікацыю без ЦТ-сертыфікатаў, проста па атэстаце. Здаецца, яшчэ ў Гданьску і Беластоку. Самыя вялікія праблемы ў Варшаве, але над гэтым пытаннем таксама працуем. 

Навучальны год у Польшчы пачынаецца з кастрычніка. То-бок, калі што, яшчэ ёсць час атрымаць візу. Але далёка не факт, што нешта атрымаецца.

«Дорага». Як дапамагатары зарабляюць на польскіх візах з новай сэлфі-верыфікацыяй
Па тэме
«Дорага». Як дапамагатары зарабляюць на польскіх візах з новай сэлфі-верыфікацыяй
Польские визовые центры ввели изменения для студентов и тех, кто подает документы в Гродно и Лиде
По теме
Польские визовые центры ввели изменения для студентов и тех, кто подает документы в Гродно и Лиде
Для школьнікаў і студэнтаў увялі асобную рэгістрацыю на атрыманне польскай візы
Па тэме
Для школьнікаў і студэнтаў увялі асобную рэгістрацыю на атрыманне польскай візы

Читать на dev.by