«Сказалі, з беларускімі машынамі звязвацца не будуць». Досвед продажу аўто ў Польшчы
Канал Dzik Pic пагутарыў з чытачом, які змог спачатку замяніць беларускія нумары на польскія, а потым прадаць аўтамабіль фірме-перакупу.
— Я пераехаў у Польшчу ў 2021 годзе. На пачатку 2022 замяніў беларускія нумары на польскія — размытніў аўто з нулявой стаўкай як маёмасць перасяленца. Змог гэта зрабіць, бо тады аўто знаходзілася на тэрыторыі Польшчы менш за год. Калі б больш, паўстала б праблема.
Яшчэ ўмова, каб аформіць маёмасць перасяленца — аўто мае вам належаць не менш за год ці паўгода, дакладна не памятаю (каб не плаціць пошліны на аўто, вы маеце валодаць ім не менш за 6 апошніх месяцаў на тэрыторыі краіны, з якой вы яго перавозіце — заўв.).
Чаму вырашыў змяніць нумары? Доўга збіраўся гэта зрабіць, каб ездзіць у іншыя краіны ЕС, не парушаючы правілаў увозу аўто.
Штуршком паслужыў адзін выпадак неўзабаве пасля пачатку вайны, то-бок у лютым 2022-га. Я ехаў па дарозе, калі мяне падрэзаў «абцасік» на польскіх нумарах, і кіроўца нешта крычаў у акно і паказваў сярэдні палец. Тады я вырашыў: «Пара!».
Да гэтага знаёмы змог перарэгістраваць сваю машыну, таму я прыкладна разумеў, адкуль пачынаць. Спачатку трэба аформіць размытнёўку (тут самае складанае — знайсці агенцыю для размытнёўкі, якая ўмее рабіць rejestracja samochodu jako mienie przesiedleńcze). Затым варта правесці тэхагляд «для першай рэгістрацыі ў Польшчы». Потым ужо робіце рэгістрацыю на польскія нумары ва ўжонде і афармляеце страхоўку.
Так, я ведаў, што калі паеду на польскіх нумарах у Беларусь, то давядзецца аформіць часовы ўвоз, то-бок пакінуць на мяжы суму, роўную кошту размытнення аўто. Але я і не планаваў вяртацца ў Беларусь.
Трэба сказаць, што машыну з уліку ў Беларусі на той момант я не зняў, а пасля пераезду плаціў за яе транспартны падатак. Але па сканчэнні трох гадоў, калі ты не «свяціўся» на дарогах у Беларусі, можна звярнуцца ў ДАІ для ўтылізацыі, поўнага зняцця аўто з уліку (для гэтага патрэбная даверанасць альбо асабістая прысутнасць уладальніка).
Продаж аўто
— Пры канцы 2023 года я вырашыў прадаць сваё аўто (яго няможна прадаваць на працягу года пасля размытнёўкі, таму вычакаў час).
Па польскіх дакументах усё было ў парадку, бо машына аформленая на мяне, на польскіх нумарах. Адзінае, што яна была набытая ў Беларусі, і гэта, насамрэч, выявілася праблемай.
У Volkswagen спачатку сказалі, што нават звязвацца не будуць. Потым неяк дамовіліся, што я магу выбраць новую машыну. Але выставілі такую цану, што проста смешна было. Для іх гэта вельмі вялікія рызыкі, і яны хацелі іх прыкрыць цаной.
А вось афіцыйны дылер прапанаваў больш-менш нармальную цану, і іх нават не збянтэжыла, што першая рэгістрацыя была беларуская.
Я яшчэ спрабаваў прадаць праз Otomoto. Выставіў аб’яву, але, мабыць, гэта быў «мёртвы» сезон (кастрычнік–лістапад). Хоць мая цана была ніжэйшай на 10-15%, чым у аналагічных прапаноў, за месяц не паступіла ніводнага званка.
Я вырашыў паспрабаваць шчасця і паездзіць па аўтаперакупах. AAA Auto таксама сказаў, што з беларускімі машынамі звязвацца не будуць. А вось Papis выставіў цану, якая была вышэйшай, чым ва ўсіх афіцыйных дылераў.
У выніку я ім аўто і прадаў. Проста прыехаў, мы аформілі дамову куплі-продажу, і мне перавялі грошы. Ніякіх дакументаў або формаў больш не патрабавалася.
Потым я яшчэ апавясціў ужонд, што машына прададзеная, прыклаў дамову куплі-продажу (ранейшы ўладальнік абавязаны паведаміць уладзе аб продажы аўто цягам 30 дзён, інакш яму/ёй пагражае штраф сумай 200-1000 злотых — заўв.). Плюс напісаў у страхавую, што ў машыны новы ўладальнік, каб страхоўка перайшла яму.
Читать на dev.by