У беларусаў у Польшчы новыя праблемы з банкамі. Усё праз тых, хто трапіў пад санкцыі
Канал для айцішнікаў у Польшчы Dzik Pic расказаў пра беларусаў, якія сутыкнуліся з праблемамі ў польскіх банках, бо іх імя-прозвішча гучаць так жа сама, як у чалавека з санкцыйнага спіса. Публікуем два кейсы + каментар юрыста.
Канал для айцішнікаў у Польшчы Dzik Pic расказаў пра беларусаў, якія сутыкнуліся з праблемамі ў польскіх банках, бо іх імя-прозвішча гучаць так жа сама, як у чалавека з санкцыйнага спіса. Публікуем два кейсы + каментар юрыста.
Праблемы з Santander і адмова ў крэдыце ў Millenium
— Я сутыкаюся з праблемамі праз гэты санкцыйны спіс рэгулярна апошні год.
У той момант, калі ЗША ўводзяць супраць кагосьці санкцыі, жыццё ў людзей з такім жа імем у Еўропе трохі ўскладняецца. Хоць у саміх Штатах пры гэтым усё нармальна. Мне даводзілася праходзіць праверку бяспекі фінансавай арганізацыі ў ЗША. Сістэма выявіла мяне ў спісах і паказала негатыўны вынік, але пасля таго, як я адаслаў скан пашпарта, аператар праверыў, і ўсё стала акей.
У ЕС усё куды весялей. Вось некаторыя прыклады, з чым давялося сутыкнуцца:
буйны веласіпедны магазін заблакаваў акаўнт;
амаль кожны раз пры заказе чагосьці з крамаў кур’ерскай дастаўкай DHL яны просяць скан пашпарта. Канчатковы адрас дастаўкі застаецца тым жа, але просяць усё роўна.
З міжнароднымі пераводамі праблем няма. Але ёсць праблемы з банкамі. Santander мне нават рахунку не можа адкрыць, у іх на этапе рэгістрацыі сістэма блакуе працэс.
Я пісаў некалькі зваротаў праз сайт. Мне папяровымі лістамі прыходзілі адказы ў стылі «няма тэхнічнай магчымасці адкрыць рахунак». Падобна, што трэба пісаць у фінансавы нагляд ці нешта накшталт таго. Але я пакуль слаба разбіраюся, як гэта працуе ў Польшчы, трэба вывучаць.
Дзесьці раз на паўгода я зноў спрабую адкрыць у іх рахунак, спадзеючыся, што яны пафіксілі праверкі, але пакуль беспаспяхова.
Нядаўна паспрабаваў узяць іпатэку ў Millenium — заяўка пасярэдніка (крэдытнага дарадцы) фэйліцца на этапе аўтаматычных праверак. Дарадца сказаў, што прычына называецца нешта накшталт «павышаныя меры фінансавай бяспекі». Я пагугліў, знайшоў польскі сайт, дзе напісана, што такая прычына — нешта накшталт «процідзеяння тэрарызму», і ўсё стала зразумела.
Ці буду спрабаваць даказаць Millenium, што гэта не я ў спісе? Так, буду. Пакуль што крэдытны пасярэднік не змог падаць заяўку анлайн, а там не паказваецца ні дата нараджэння, ні Імя па бацьку. Буду спрабаваць сам вырашыць праблему з банкам.
Адмовілі ў адкрыцці рахунку ў Santander
— Прыкладна год таму я звярнуўся па адкрыццё рахунку ў Santander (спачатку напрамую). Там сказалі, што пасля ўводу PESEL узнікае памылка. Звярнуўся да людзей, якія «дапамагаюць» з адкрыццём рахунку ў гэтым банку. Яны тыдзень спрабавалі, а потым сказалі, што мой цёзка беларус ёсць у санкцыйным спісе, і адлуп проста па імені і прозвішчы.
Я пасля гэтага паглядзеў адкрытыя санкцыйныя спісы і даведаўся, што ў маім выпадку транслітарацыя імя адбываецца і з беларускага варыянту, і з расійскага, і яшчэ пара варыянтаў напісання.
Але для мяне гэта не было праблемай. Я хацеў Santander як дадатковы банк. Замест гэтага змог адкрыць у Millenium без асаблівых праблем. Там нават цікавей: яны просяць два дакументы, а на той момант у мяне быў толькі пашпарт. Але на месцы дамовіліся, што ў якасці другога дакумента падыдзе пратэрмінаваны ўкраінскі дазвол на жыхарства. Я тут па PESEL UKR (так, грамадзянін Беларусі з ім).
Праўда, Millenium адкрыў спачатку бізнэс-рахунак, а потым на падставе гэтага — рахунак для фізасобы (так як для фізасобы без ДНЖ было няможна).
Магчыма, з прычыны гэтага спіса мне яшчэ аднойчы не прыйшоў плацеж. Калі пачаў працаваць як ІП, мне кліент адправіў перавод SWIFT-ам, і ён на месяц завіс у нямецкім банку. Потым той нямецкі банк проста вярнуў грошы назад без якіх-небудзь тлумачэнняў.
Але затым плацеж без праблем прыйшоў праз Wise. Цяпер усе кліенты мне шлюць праз Wise без аніякіх пытанняў.
«Трэба патрабаваць у галаўнога офіса банка перагледзець вынікі праверкі»
Сітуацыю Dzik Pic пракаментавала юрыдычная кампанія REVERA Polska.
— Пры адкрыцці рахунку, прадастаўленні крэдыту банк праводзіць абавязковую KYC праверку. Такая праверка праводзіцца не толькі па санкцыйных спісах, але і па спісах тэрарыстаў, экстрэмістаў. Таксама спраўджваецца, ці з’яўляецца заяўнік так званым PEP (палітычна значнай асобай).
Для праверкі звычайна выкарыстоўваюцца спецыяльныя пошукавыя базы накшталт World Check.
Паглядзець, ці ёсць у дачыненні да вас такія даныя, можна тут.
Праблемы звычайна ўзнікаюць з наступных прычын:
У санкцыйных спісах даволі няшмат інфармацыі пра падсанкцыйную асобу: прозвішча, імя лацінкай на беларускай і рускай; месца і дата нараджэння; пасада і абгрунтаванне ўвядзення санкцый.
Шмат што залежыць ад уважлівасці камплаенс дэпартамента банка. Звычайна работнік банка глядзіць у пошукавай базе па імені і прозвішчы. Калі ёсць супадзенне толькі па прозвішчы, то звычайна гэта праблемы не выклікае. Але калі ёсць супадзенне яшчэ і па імені, то сістэма пакажа высокую рызыку. Пасля гэтага работнік можа не захацець спраўджваць даныя, напрыклад, па даце нараджэння або імені па бацьку, і выдаць адмову.
У такім выпадку можна паспрабаваць паспрачацца з банкам і даказаць, што вы гэта вы, а не той чалавек са спіса— часам гэта атрымліваецца.
Але спрачацца са звычайнымі спецыялістамі ў аддзяленні банка неэфектыўна, бо яны не могуць паўплываць на адказ камплаенс дэпартамента банка. Таму ў такой сітуацыі трэба звязацца непасрэдна з галаўным офісам банка і патрабаваць перагледзець вынікі праверкі.
Dev.by раней пісаў пра падобную сітуацыю: распрацоўшчык амаль год не мог атрымаць зп, бо яго цёзка — пад санкцыямі ЗША.
Як растлумачыў адпраўнік пераводаў, iTechArt, праз тое, што чалавек з тым жа імем быў у санкцыйным спісе, зарплатныя пераводы на працягу некалькіх месяцаў падвяргаліся санкцыям у амерыканскім банку. У выніку яны блакаваліся Упраўленнем па кантролі за замежнымі актывамі (Office of Foreign Assets Control, OFAC).
Паводле слоў прадстаўнікоў фірмы, яны неаднаразова рабілі спробы пералічыць грошы наўпрост, падавалі дакументы ў банкі і дзяржустановы, спрабуючы даказаць, што іх супрацоўнік не знаходзіцца пад санкцыямі, але «карані ўзніклай праблемы па-за кантролем кампаніі».
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.