Google 15 гадоў патрабуе ад супрацоўнікаў выдаляць перапіскі, якія могуць выкарыстоўвацца супраць яе ў судзе
Каб палегчыць сабе жыццё на выпадак антыманапольных пазоваў, Google сістэматычна прасіла супрацоўнікаў знішчаць паведамленні, не ўжываць пэўных слоў і як мага часцей цытаваць юрыстаў, расказаў New York Times.
Пры канцы 2008 года Google прыцягнула ўвагу антыманапольных рэгулятараў рэкламнай угодай з Yahoo, а таксама атрымала шэраг пазоваў аб парушэнні патэнтаў, гандлёвых марак і аўтарскіх правоў. Тады кіраўніцтва разаслала супрацоўнікам канфідэнцыйную нататку, у якой папярэдзіла, што ўсё, бяздумна сказанае імі адно аднаму ў выпадковых перапісках, можа быць выкарыстана ўладамі або канкурэнтамі.
Каб знізіць рызыку таго, што выкрывальныя каментары гуглераў усплывуць у судовых разглядах, кампанія папрасіла іх устрымацца ад распаўсюджвання чутак і сарказму і «добра падумаць», перш чым пісаць што-небудзь адно аднаму на «гарачыя тэмы»: «Не рабіце каментароў, пакуль не дазнаецеся ўсіх фактаў», — загадала Google супрацоўнікам. Таксама былі змененыя налады ўнутранага месенджара кампаніі — паведамленні сталі аўтаматычна выдаляцца на працягу сутак пасля адпраўкі.
Наступныя 15 гадоў Google займалася зачысткай унутранай камунікацыі, рэгулярна нагадваючы супрацоўнікам, што балбатлівасць можа загубіць нават самую паспяховую кампанію. Пра тое, як яна падтрымлівала гэтую культуру, сведчаць сотні дакументаў і рэчыўных доказаў, паказаных у ходзе трох судовых спраў: адной з удзелам Epic Games і дзвюх — Мінюста ЗША.
Google патрабавала ад супрацоўнікаў заўсёды дадаваць юрыстаў у спіс атрымальнікаў імэйлаў пры перапісцы, нават калі абмяркоўваліся не юрыдычныя пытанні, а юрыст не адказваў. Кампаніі, якія чакаюць разглядаў, абавязаныя захоўваць усю дакументацыю, аднак супрацоўнікам Google, уцягнутым у судовыя працэсы, дазвалялася на жаданне не ўключаць гісторыю перапіскі ў месенджары — і мала хто гэта рабіў.
Як адзначае NYT, Google дамагалася, каб перапіска стала такой жа няўлоўнай, як вусныя размовы паміж супрацоўнікамі, якія распускаюцца ў паветры. Аджа калі яны і захаваюцца ў памяці суразмоўцы, заўсёды можна сказаць, што ён чагосьці не пачуў або не зразумеў.
Google заявіла, што адказна падыходзіць да абавязку захоўваць і перадаваць уладам важныя дакументы, а таксама што адказвае на ўсе запыты і дае інфармацыю ў рамках судоў.
Раней Федэральная гандлёвая камісія ЗША абвінаваціла менеджараў Amazon у тым, што яны наўмысна выкарыстоўвалі Signal з функцыяй аўтавыдалення перапіскі для абмеркавання пытанняў канкурэнцыі — нават пасля таго, як ім было загадана фіксаваць усю камунікацыю па тэме.
Читать на dev.by