Каго шукаюць і якую зарплату прапануюць EPAM, Wargaming і іншыя ў Літве на пачатку 2024

Паглядзелі, як у Літве за год змянілася колькасць супрацоўнікаў у ІТ-кампаніях з беларускімі каранямі / буйнымі офісамі распрацоўкі ў РБ (паводле звестак rekvizitai.vz.lt), якіх спецыялістаў шукаюць і колькі плацяць.

76 каментарый

Штат: колькі людзей працуе ў EPAM, Wargaming, Flo і іншых кампаніях у Літве?

На пачатку 2023 года ў Літве ў ІТ-кампаніях з беларускімі каранямі (буйнымі офісамі ў Беларусі) працавала больш за 4,4 тысячы чалавек. На пачатку гэтага года агульны штат супрацоўнікаў нязначна скараціўся да больш як 4,2 тысячы спецыялістаў. 

Глабальны штат супрацоўнікаў у Літве паменшыўся ў асноўным за кошт EPAM. Кампанія на працягу большай часткі мінулага года скарачала колькасць спецыялістаў у віленскім офісе. Калі на пачатку 2023 года ў гэтай лакацыі працавала каля 1440 чалавек, то цяпер толькі 1280, або на 11% менш (на момант падрыхтоўкі матэрыялу). Магчыма, частка супрацоўнікаў пераехала ў падраздзяленне ў Коўне. Тут цяпер зарэгістраваныя 124 супрацоўнікі, або ў два разы больш, ніж у студзені 2023 года.

Усяго ў літоўскім EPAM зарэгістраваныя на гэты момант 1404 спецыялісты, або амаль на 10% менш, ніж на пачатку студзеня 2023 года.

70+ супрацоўнікаў за год «страціў» літоўскі офіс Wargaming. Цяпер тут зарэгістраваныя 914 спецыялістаў, хоць на працягу мінулага года штат кампаніі ў Літве даходзіў да 1000+ супрацоўнікаў, 

У працэнтных суадносінах лідарам па скарачэнні літоўскага офіса за год стала кампанія Softeq Development. Калі на пачатку мінулага года ў кампаніі працавалі 146 чалавек, то цяпер усяго 99 (-32%). У Літву пераехала частка супрацоўнікаў мінскага офіса, які з красавіка 2023 года ліквідуецца.

Паводле слоў суразмоўцаў, топ-менеджмент Softeq Development «прыняў пастанову закрыць офіс распрацоўкі пасля 24 лютага 2022 — пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Кампанія настойвала на рэлакацыі супрацоўнікаў. Дапамагала з візамі і давала невялікую рэлакацыйную кампенсацыю — каля 1000 долараў».

Амаль на 20% скараціўся за год штат геймдэў-студыі Melsoft. Калі на пачатку мінулага года ў кампаніі працавала амаль 320 супрацоўнікаў, то цяпер толькі каля 260. Нязначна паменшылася каманда распрацоўшчыка праграмы для жаночага здароўя Flо — ад 245 да 234 супрацоўнікаў.

Больш за 10 кампаній, наадварот, змаглі павялічыць штат работнікаў у Літве

Так, штат супрацоўнікаў у Літве павялічылі з пачатку года Belka Games і Wannaby.

Самы вялікі рост — у Gurtam. За год колькасць супрацоўнікаў вырасла на 41% ад 140 да амаль 200 чалавек. У Літве працуе асноўная каманда кампаніі. Раней асноўны офіс распрацоўкі быў у Беларусі, але ўласнікі прынялі рашэнне сысці з краіны і ліквідаваць юрыдычную асобу. Пры канцы мінулага года беларускі офіс «Гуртам Софт» быў выключаны з адзінага дзяржрэгістра. 

Амаль на 23% вырас за год штат літоўскага офіса Vention Development (iTechArt) — ад 170 да 210. Кампанія летась не закрыла цалкам рэлакацыі з Беларусі. Але, паводле слоў супрацоўнікаў, усіх ахвотных «даўно не перавозяць. Цяпер неабходна не проста быць на праекце, а на праекце з добрым рэйтам, альбо там, дзе заказчык гатовы падняць рэйт пасля рэлакацыі». 

Заробкі: колькі плацяць у літоўскіх офісах? 

Паглядзелі заробкі кампаній у Літве. На сайце rekvizitai.vz.lt апошняя абноўленая інфармацыя пра заробкі — за лістапад 2023 года.

Лідарам па сярэднім заробку ў лістападзе мінулага года стала кампанія Gurtam — больш за 8,3 тысяч еўра (брута). Для параўнання: у верасні і кастрычніку сярэдні заробак супрацоўнікаў кампаніі быў крыху вышэйшы за 5 тысяч еўра (брута). Магчыма, у лістападзе супрацоўнікам выплацілі прэміі/бонусы.

На другім месцы па ўзроўні сярэдняй зарплаты — Wannaby (6,2+ тысячы еўра), на трэцім — Flo (амаль 6 тысяч еўра брута).

Толькі ў 10 кампаній сярэдні заробак за лістапад перавысіў 5 тысяч еўра брута. Сярод іх ёсць як прадуктовыя, так і аўтсорсінгавыя кампаніі. У гэтым спісе не знайшлося EPAM — у лістападзе мінулага года сярэдні заробак у кампаніі склаў 4,6 тысячы еўра (брута). Гэта толькі 13 месца ў зарплатным рэйтынгу.

Самая нізкая сярэдняя зарплата — у Andersen і SoftTeco LT — меншая 3 тысяч еўра брута.

Вакансіі: каго шукаюць беларускія кампаніі ў Літве?

Паглядзелі, якіх спецыялістаў на пачатку гэтага года шукаюць асобныя беларускія кампаніі з офісамі ў Літве, і колькі гатовыя плаціць. 

На сайце EPAM размешчана каля 90 вакансій для працы ў Літве. Кампаніі патрэбныя інжынеры, SAP-спецыялісты, распрацоўшчыкі, аналітыкі. Некаторыя вакансіі маюць на ўвазе пераезд у Швейцарыю, Калумбію або Мексіку.

Некалькі вакансій кампанія размясціла на сайце cvonline.lt. 

  • Senior/Lead Functional Consultant with Power Apps EPAM гатовы прапанаваць зарплату 4200-5700 еўра на месяц (брута).
  • Key Engineer with Power Apps кампанія прапаноўвае зарплату 4950-5750 еўра брута.
  • У Senior HR Advisor заробак значна ніжэйшы — усяго 3 тысячы еўра брута. 

Wargaming

На сайце кампаніі размешчана 27 вакансій для працы ў Літве. Кампанія шукае інжынераў, дызайнераў, распрацоўшчыкаў. Напрыклад: 

  • Data & Analytics Director (WoT Blitz) — 6000-9000 еўра (грос)
  • Kubernetes Developer — 6000 еўра (грос)
  • Senior Game Designer (World Of Tanks) — 4300-5800 еўра (грос)
  • Big Data Engineer — 4250-5500 еўра (грос)
  • Analytics Engineer — 4000-5000 еўра (грос)
  • Marketing Analyst — 4000-5000 еўра (грос)
  • Server Developer (World Of Tanks — 3030-6660 еўра (грос)
  • UX Designer (WoT PC) — 3000-3800 еўра (грос)
  • Live Operations Manager (World Of Tanks Blitz) — 3000-4000 еўра (грос)
  • HR OPS Administrator — 2000-2500 еўра (грос)

Vention Development

На сайце кампаніі размешчана больш за 20 вакансій для працы ў Вільні. Vention шукае інжынераў і распрацоўшчыкаў (Java,. NET, iOS, Android, Node.js), у асноўным мідлоў і сеньёраў.

Вось некаторыя зарплатныя прапановы:

Senior DevOps Engineer — 4000-6200 еўра (грос)
Senior. Net Developer — 4800-6000 еўра (грос)
Senior React Native Engineer — 4500-5000 еўра (грос)
Senior QA Automation Engineer — 3600-5400 еўра (грос)
Middle. Net Developer — 3500-4500 еўра (грос)

Flo Health

Распрацоўшчык праграмы для жаночага здароўя размясціў на сайце больш за 20 вакансій, дзе ў якасці лакацыі пазначаная Літва. Кампанія шукае дызайнераў, інжынераў, маркетолагаў.

  • Backend Engineer — 6600-9300 еўра (грос)
  • Fullstack/Website Engineer — 4500-7500 еўра (грос)
  • Motion Designer — 3000-4000 еўра (грос)
  • Visual Designer — 2800-3350 еўра (грос)
  • Customer Support Specialist — 1200-1400 еўра (грос)

LeverX Group

На сайце кампаніі размешчана амаль 40 вакансій, дзе сярод лакацый фігуруе Літва. Кампанія шукае распрацоўшчыкаў, інжынераў, SAP Consultant, Resource/Project Manager.

Exadel

Кампанія размясціла на сайце больш за 10 вакансій, дзе ў якасці лакацыі фігуруе Літва. Для працы ў віленскім офісе кампанія шукае інжынераў, распрацоўшчыкаў, CDO Assistant, Data/Service Architect.


Чытачы! Мы перажылі яшчэ адзін складаны год. У 2023 наша каманда працягвала сачыць за беларускім ІТ і трымала вас у курсе самага важнага.

Без вас у нас бы не атрымалася! Вы дзеліцеся з намі досведам і інсайдамі, расказваеце гісторыі, смешныя і сумныя, ствараеце дыскусіі — робіце ўсё, каб беларускае ІТ працягвала жыць нягледзячы на межы і адлегласці. dev.by быў і застаецца месцам сустрэчы нашых чытачоў, дзе б яны не знаходзіліся. 

Мы працягваем працаваць, у тым ліку дзякуючы вам. Сёлета нам заданацілі 678 чалавек. Гэта неверагодна кранальна і значна дапамагае нам працаваць далей і верыць у будучыню dev.by. Але нам усё яшчэ патрэбная падтрымка. Вашыя данаты дапамагаюць выплачваць заробкі журналістам.

Даб’ём да 700? Падтрымайце нас:

— Праз Patreon
— Праз Donorbox (калі вы ў Беларусі)
— Крыптой, тут гаманцы.

Дзякуй. З Новым годам!

900 евро «чистыми», на собесах спрашивают о политике. Как джуну найти работу в Литве
По теме
900 евро «чистыми», на собесах спрашивают о политике. Как джуну найти работу в Литве
Колькі ІТ-бізнэсаў адкрылі беларусы ў Польшчы, Літве і Латвіі пасля 2020. І як яны маюцца
Па тэме
Колькі ІТ-бізнэсаў адкрылі беларусы ў Польшчы, Літве і Латвіі пасля 2020. І як яны маюцца
«Мой заробак ужо пазамежавы». Як маюцца супрацоўнікі Wargaming (з’ехала) і Lesta (засталася)
Па тэме
«Мой заробак ужо пазамежавы». Як маюцца супрацоўнікі Wargaming (з’ехала) і Lesta (засталася)
EPAM і Wargaming прынеслі бюджэту Літвы ў 2,5 разы больш падаткаў, ніж у 2022
Па тэме
EPAM і Wargaming прынеслі бюджэту Літвы ў 2,5 разы больш падаткаў, ніж у 2022
Горш (не) будзе? Чаго айцішнікам чакаць ад 2024
Па тэме
Горш (не) будзе? Чаго айцішнікам чакаць ад 2024
Якім ІТ увайшоў у 2024: заробак у $ упаў, адток запаволіўся, рэзідэнтаў ПВТ менш
Па тэме
Якім ІТ увайшоў у 2024: заробак у $ упаў, адток запаволіўся, рэзідэнтаў ПВТ менш

Читать на dev.by