У тэму ўказа № 278. Як беларусы атрымлівалі замежныя пашпарты ў 2021-2023

Амаль усе пражылі ў замежнай дзяржаве нямала гадоў. Але ёсць і паскораныя кейсы.

50 каментарыяў

Пытанне легалізацыі ў новых лакацыях беларусы звычайна вырашаюць з дапамогай ДНЖ, але некаторыя паступаюць радыкальна і атрымліваюць замежнае грамадзянства. Са з’яўленнем указа № 278 другі варыянт. здаецца, стане больш запатрабаваным. dev.by сабраў гісторыі рэлакантаў пра тое, як і навошта яны атрымалі новыя пашпарты.

Змест

Чэхія

Аляксандр, атрымаў грамадзянства Чэхіі ў 2021 годзе:

— У Еўропе я жыву ўжо 14 гадоў. Грамадзянства Чэхіі атрымаў два гады таму.

Працэс натуралізацыі ў Чэхіі — адзін з самых строгіх у ЕС. Для атрымання грамадзянства ёсць дзве падставы:

— легальнае пражыванне ў краіне як мінімум 10 гадоў;

— пражыванне ў краіне з дазволам на ПМЖ як мінімум 5 гадоў.

Каб прэтэндаваць на ПМЖ, трэба пражыць у Чэхіі пяць гадоў. Ну, альбо менш, калі ў вас у Чэхіі жывуць бацькі з ПМЖ. Ці, наадварот, больш: напрыклад, калі вы знаходзіцеся ў Чэхіі па студэнцкай візе, то з кожнага года пражывання ў залік ідуць толькі паўгода.

Асабіста я падаваўся на грамадзянства пасля 10 гадоў у Чэхіі. Я пайшоў у мясцовы орган кіравання і запоўніў заяву. 

Мне выдалі спіс дакументаў:

  • Даведка аб адсутнасці запазычанасці з падатковай;
  • Даведка аб адсутнасці запазычанасці з сацстраху;
  • Даведка аб адсутнасці запазычанасці страхавання здароўя;
  • Даведка аб адсутнасці запазычанасці з мытні;
  • Дыплом аб вышэйшай адукацыі пры наяўнасці. (У мяне ён ёсць, я скончыў чэшскі ўніверсітэт, што йшло на карысць);
  • Пераклад пасведчання аб нараджэнні ад судовага перакладчыка;
  • Пацверджанне выплаты падаткаў за апошнія 3 гады;
  • Аўтабіяграфія на чэшскай мове.

Калі б я не вучыўся ў чэшскай ВНУ або школе, то давялося б здаваць і два экзамены — на веданне мовы і на веданне чэшскага грамадства. Дзяржаўны ўнёсак за разгляд заявы складае 2000 крон (прыкладна 90 долараў).

Калі ўсе дакументы сабраныя, заяўнік вяртаецца ў муніцыпалітэт. У тамтэйшага супрацоўніка ёсць месяц, каб праверыць вашыя дакументы і тое, ці плацілі вы падаткі на вываз смецця і на сабаку. Пасля гэтага муніцыпалітэт пасылае дакументы ў МУС Прагі, дзе і прымаюць канчатковае рашэнне.

Паводле закону, рашэнне мае быць прынятае да заканчэння наступнага каляндарнага года. У маім выпадку чаканне заняло 20 месяцаў, бо я падаваўся ў часы кавіду, калі многія дзяржорганы перавялі на аддаленую працу.

Часта бывае, што нейкіх дакументаў не хапае — на тое, каб іх данесці, даецца тры месяцы, на гэты час разгляд ставіцца на паўзу. Потым застаецца толькі чакаць.

Урэшце мне даслалі імэйл, што грамадзянства ўхвалілі. Пасля гэтага са мной звязаліся і прапанавалі найбліжэйшую дату для прыняцця прысягі. У вас ёсць год для гэтага, у адваротным выпадку рашэнне анулюецца. Я ў гэты час знаходзіўся ў Беларусі, так што прысягу давялося пераносіць некалькі разоў.

Прысяга праходзіць у цырыманіяльнай зале: трэба выйсці на сцэну і паўтараць «я клянуся», калі зачытваюць тэкст. Пры канцы вам выдаюць дакумент, які пацвярджае прыняцце грамадзянства, і маленькі сувенір. Дакумент патрэбны для таго, каб зрабіць чэшскае пасведчанне аб нараджэнні, на падставе якога афармляюцца два галоўныя дакументы: ID-карта і замежны пашпарт. 

Вось так выглядае тэчка з дакументам і сувенір — шкляная пірамідка з гербам Паўднёвай Маравіі.

Хачу адзначыць, што стаўленне дзяржслужбоўцаў на працягу ўсяго працэсу прыязнае.

У адрозненні ад многіх іншых краін ЕС, Чэхія не патрабуе адмовы ад старога грамадзянства, таму мне не прыйшлося здаваць пашпарт РБ. Падчас кавіду, калі патрабавалася падстава для выезду з Беларусі, я паказваў памежнікам чэшскі пашпарт, і ніякіх праблем не ўзнікала. Заязджаў у Беларусь я па пашпарце РБ.

Германія

Сяргей, атрымаў грамадзянства Германіі ў 2023 годзе:

— На момант падачы заявы я пражыў у Германіі шэсць гадоў, скончыў там універсітэт і валодаў нямецкай на ўзроўні B2. Гэта давала мне статус высокай інтэграванасці ў нямецкае грамадства і скарачала мінімальны парог пражывання ў краіне перад падачай на грамадзянства.

Але так як я вучыўся на англійскай, дыплом не пазбавіў мяне ад неабходнасці здаваць тэст на веданне культуры, законаў і гісторыі Германіі (Einbürgerungstest), а таксама экзамен па нямецкай мове. Здаць нямецкую пасля шасці гадоў у краіне было нескладана, экзамен па гісторыі і культуры таксама быў лёгкім: проста трэніруешся ў праграме, як перад тэстам па тэорыі кіравання.

Працэс натуралізацыі пачаў з кансультацыі з работнікам спецыяльнага ведамства — ён выдаў спіс дакументаў. Асаблівых цяжкасцяў з паперамі я не згадаю, пасля шасці гадоў у краіне яны набіраюцца самі сабой. Праз два месяцы пасля падачы давялося запоўніць яшчэ паперы, што я не знаходжуся ў якіх-небудзь тэрарыстычных або экстрэмісцкіх арганізацыях. Спіс быў на шэсць лістоў, насупраць кожнай арганізацыі трэба было паставіць галачку — знаходзішся ці не. Праз пару месяцаў прыйшло пацверджанне, што мой запыт прыняты. 

Яшчэ месяцы праз тры прыйшла гарантыя атрымання нямецкага грамадзянства (Einbürgerungszusicherung). Гэта ключавы дакумент, які сведчыць, што пры адсутнасці крытычных змяненняў Германія дасць мне грамадзянства.

У Германіі забароненае падвойнае грамадзянства, калі гэта не грамадзянства краін ЕС, Швейцарыі або Ізраіля ў некаторых выпадках, таму паралельна я разбіраўся з беларускімі пытаннямі. Мне трэба было стаць на консульскі ўлік, аформіць дазвол на пастаяннае пражыванне па-за межамі Беларусі (ППРБ), атрымаць пашпарт РР і толькі пасля гэтага падацца на выхад з грамадзянства РБ.

Аднак на моманту афармлення ППРБ працэдура змянілася, і атрымліваць пашпарт РР больш не патрабавалася. 

Прызначыць прыём у берлінскай амбасадзе было няпроста: на лісты мне адказвалі нармальна, але слухаўкі не падымалі. У выніку падачу заявы на выхад з грамадзянства РБ мне прызначылі толькі праз паўгода. Я думаў, гэта вельмі позна, але нямецкая бюракратыя пераплюнула беларускую.

Выявілася, што Einbürgerungszusicherung мне даслалі з памылкай у прозвішчы, і мой запыт на карэкціроўку апрацоўвалі яшчэ чатыры месяцы. Потым дакумент трэба было апастыляваць і перавесці на рускую.

У амбасаду ў Берліне я прывёз тую самую Einbürgerungszusicherung і цэлую кучу дакументаў у трох экзэмплярах. Мне сказалі, што ППРБ аформлены, але так як я не стаю на консульскім уліку, то прыняць мае дакументы не могуць. Хоць паставіць на ўлік можна адразу ж. Мне ўдалося ўгаварыць іх прыняць заяву на выхад з грамадзянства — з умовай, што яны спачатку стэлефануюцца з генконсульствам у Мюнхене. Гэта заняло два тыдні. Пашпарт са штампам аб пастаноўцы на консульскі ўлік і згодай апрацаваць заяву на выхад з грамадзянства мне даслалі па пошце. За кожную аперацыю даводзілася плаціць, у суме выйшла каля 500 еўра. Нямецкаму боку заплаціў каля 200 еўра.

Ад моманту падачы заявы выхад з грамадзянства РБ заняў чатыры месяцы. Даведку аб выхадзе і яе пераклад я атрымаў у абмен на адпраўлены па пошце пашпарт. Гэтую даведку я пераслаў у нямецкае ведамства па грамадзянстве, і праз два месяцы мяне запрасілі за сертыфікатам аб грамадзянстве (Einbürgerungsurkunde). Там мне задалі пару пытанняў, я падпісаў дакумент аб тым, што паважаю законы Германіі і не буду парушаць канстытуцыйны лад, і выдалі сертыфікат. Менавіта ён, а не пашпарт, з’яўляецца пацвярджэннем набытага грамадзянства.

Усяго ўвесь працэс заняў у мяне два гады: паўгода пасіўнай працы і паўтара года актыўнай. Нічога складанага ў гэтым няма, але ўвагу адымае.

Польшча

Ксенія, атрымала грамадзянства Польшчы ў 2022 годзе:

— Мой тата — polak z krwi i kości, я вырасла на самай мяжы з Польшчай, таму карта паляка была лагічным працягам сямейных традыцый. 

Я прыехала ў Польшчу 3 гады таму па шэнгенскай візе (так атрымалася). У мяне была праца на польскую кантору, з якой я прыйшла падавацца на kartu stałego pobytu. Прыкладна праз паўгода ў мяне быў запаветны пластык. 

Правілы такія: год жывеш па КСП і можаш падавацца на грамадзянства. Гэты год я прысвяціла падрыхтоўцы дакументаў: зрабіла польскае пасведчанне аб нараджэнні (у маім ваяводстве патрэбнае было толькі маё пасведчанне + ягоны натарыяльны пераклад), здала іспыт на B1, дачакалася вынікаў. 

Бяда прыйшла адкуль не чакалі: я ў разводзе, пасведчанне пра развод пры пераездзе згубілася. Мой былы муж таксама згубіў свой экзэмпляр. Пра тое, што яно патрэбнае, я даведалася толькі пры падачы докаў на грамадзянства. 

Потым у мяне былі слёзы, шок, боль, спроба зразумець, што цяпер рабіць (у Беларусь мне ехаць небяспечна).

У выніку я зрабіла штосьці накшталт даверанасці на сяброўку, яна перадала мне сюды копію + паперку са звесткамі пра заключэнне шлюбу (мы разводзіліся праз ЗАГС, у Польшчы так няможна — толькі праз суд, таму патрабуюць такую паперу). Гэта ўсё я пераклала на польскую мову і занесла ва Urząd Stanu Cywilnego.

Мяне палохалі, што гэтага будзе недастаткова, што прыйдзецца яшчэ раз разводзіцца ў Польшчы, бо працэдуры адрозніваюцца. Гэта няпраўда, прынамсі для Познані. Супрацоўніца ўжонду сказала, што яны ведаюць пра адрозненні ў працэдуры, таму ўсё будзе добра. Прыкладна праз месяц я забрала польскую версію пасведчання пра развод, і данесла яе ва ўжонд. Агулам працэс заняў прыкладна 5 месяцаў. 

І вось праз месяц мне прыйшла дэцызія. Я выходзіла з пошты і плакала ад асэнсавання, што ўсё скончылася. Я пад абаронай Польшчы, маю адзін з наймацнейшых пашпартоў у свеце. Ну і што тут таіць, класна было разумець, што гэтая папералогія скончылася.

Потым трэба было адразу запісацца на атрыманне dowodu osobistego ва urządzie stanu cywilnego. Ён робіцца бескаштоўна недзе тыдзень. Калі забіраеш dowód, мусіш аддаць КСП. 

Выраб самога paszportu (накшталт загранпашпарта) — неабавязковы, але я мусіла паляцець у Мексіку, а туды няможна na dowód. Гэта мне каштавала 150 злотых, заняло 2 тыдні. 

Зазначу, што польскі пашпарт адрозніваецца ад беларускага. Там ёсць фразы накшталт «уладальнік гэтага пашпарта знаходзіцца пад абаронай Рэчы Паспалітай Польшчы», «Калі ўладальнік гэтага пашпарта ў бядзе, дапамажыце яму». Не тое, што «пашпарт з’яўляецца ўласнасцю Рэспублікі Беларусь».

Беларускі пашпарт ад таго часу ляжыць у шуфлядзе, бо новы пашпарт закрыў тэму з легалізацыяй у Польшчы і яшчэ 30 краінах, даў магчымасць працаваць у Еўрасаюзе + Швейцарыі/Ісландыі/Ліхтэнштэйне і неймавернае пачуццё ісці ў чаргу на пашпартным кантролі для грамадзянаў ЕС (якая звычайна карацейшая ў 15 разоў). 

З польскім пашпартам я пакуль не галасавала, але налета пайду абавязкова. Планую паспрабаваць у выбарчую камісію трапіць або назіральніцай пайсці. Цікава паглядзець, як выглядае выбарчы працэс у дэмакратыях.

P. S. Пасля выхаду ўказа №  278 я зразумела, якая я малайчына, што не лавіла мух, а адразу хутка пачала рабіць пашпарт. Бо ведала, што нешта такое можа з’явіцца.

Вялікабрытанія

Сяргей, атрымаў брытанскае грамадзянства ў 2021 годзе:

— Дзесяць гадоў таму кампанія перавезла мяне з сям’ёй з Мінска ў Вялікабрытанію. Я люблю падарожнічаць, не хацелася атрымліваць візы кожны раз, таму я зацікавіўся брытанскім грамадзянствам. Працэдура нескладаная: пасля пяці гадоў пражывання па рабочай можна падавацца на пастаянны ДНЖ, а праз год жыцця з гэтым дазволам — на грамадзянства. Сямейнікі падаваліся разам са мной на тых жа падставах.

Атрымалася пацешна. Мой шасцігадовы тэрмін заканчваўся на пачатку красавіка 2020 года. Я ўжо збіраў дакументы, разлічваючы падаць іх дзень у дзень, каб не страціць ніводнай магчымасці пакатацца па свеце. І вось за два тыдні да дня Х у Брытаніі ўсталёўваюць лакдаўн. Прыйшлося расслабіцца: зразумеў, што ўсё роўна нікуды не палячу.

Спачатку яны паўгода наогул не прымалі дакументаў на грамадзянства, потым толькі ў тых, хто загадзя забраніраваў візіты. У мяне рукі дайшлі толькі праз год.

Сабраць пакет дакументаў было нескладана. Пацвярджаць знаходжанне ў краіне не прыйшлося, бо мы гэта рабілі пры падачы на ПМЖ. Экзамен па англійскай на ўзровень В1 і на веданне гісторыі Вялікабрытаніі здавалі тады ж (дзецям не трэба). TOEFL для гэтых мэтаў, наколькі я ведаю, не падыходзіць, IELTS — падыходзіць. Прычым можна здаваць як паўнавартасны IELTS з чатырох блокаў, так і IELTS Life Skills for UK — прасцейшы, вусны экзамен.

Гісторыю мы з жонкай здавалі па-рознаму. Для падрыхтоўкі выдаюць брашурку са сціслым выкладаннем матэрыялу — у ёй шмат імёнаў і фактаў. Жонка сказала, што так нічога не запомніць і што ёй цікава разабрацца. У выніку яна карысталася брашурай як метадычкай: чытала назву тэмы і далей гугліла. А я проста прачытаў метадычку і натрэніраваўся на анлайн-тэстах у праграме. 

Заяву разглядаюць да шасці месяцаў, у маім выпадку гэта заняло чатыры месяцы. Калі яе апрувяць, вы яшчэ не грамадзянін — трэба даць прысягу. Гэты фінальны крок хутчэй фармальны: каб яго заваліць, трэба вельмі пастарацца.

Вы проста тэлефануеце ў свой council (выканкам) і дамаўляецеся пра дату прысягі. Да кавіду прысягу прымалі ва ўрачыстай абстаноўцы 1-2 разы на месяц. Людзі прыходзяць, чытаюць клятву, атрымліваюць сертыфікаты аб натуралізацыі і разыходзяцца. 

У кавід жа ўсё рабілі ў зуме: мы з жонкай сядзелі дома, нам патэлефанавала працаўніца «выканкама», выслухала нашу клятву, зачытала віншавальную прамову і адправіла сертыфікаты па пошце. 

Ад моманту атрымання сертыфіката вы — грамадзянін. Пасля гэтага трэба падацца на пашпарт, афармленне займае два тыдні, цана — 65-75 фунтаў.

І гэта ўжо капейкі. Легалізацыя ў Вялікабрытаніі наогул затратная штука. Падача заявы на працоўную візу і на ДНЖ каштуе каля 3000 фунтаў на чалавека, уключаючы маленькіх дзяцей. На грамадзянства ўжо танней — 1600-1700 фунтаў. Выдаткаў на экзамены і перасылку дакументаў па пошце я не лічу.

У маім выпадку працадаўца закрываў многія пытанні, інакш было б балюча. У нас двое дзяцей, прычым малодшы нарадзіўся ў Вялікабрытаніі, калі маёй рабочай візы заставалася на паўгода. І дзіцяці візу зрабілі таксама на паўгода замест звычайных трох гадоў, прычым каштавала яна тыя ж 3000 фунтаў. Потым мы зноў на ўсіх чацвярых рабілі новыя працоўныя візы. Дзякуй богу, кампанія гэта пакрывала, але было непрыемна. 

У Вялікабрытаніі дзіця не атрымлівае грамадзянства па месцы нараджэння, толькі па грамадзянстве бацькоў. Калі ж у бацькоў ёсць ПМЖ, яго можна падаць на грамадзянства па спрошчанай працэдуры (кошт таксама «прасцейшы» — 1000 фунтаў). Мы гэтай магчымасцю скарысталіся, і малодшае дзіця стала першым брытанцам у нашай сям'і. У яго, дарэчы, яшчэ чырвоны, «дабрэкзітаўскі пашпарт». У астатніх ужо сінія, бо мы падаваліся пасля пандэміі.

Брытанія не патрабуе адмовы ад грамадзянства іншых краін. Таму пашпарты РБ пакуль з намі.


dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 210 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі.

У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў. 

Дапамагчы нам можна праз Patreon. 

З Беларусі — праз Donorbox.

І яшчэ крыптой, тут гаманцы.

Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.

Новы ўказ забараняе мяняць пашпарт і прадаваць нерухомасць без візіту ў Беларусь
Па тэме
Новы ўказ забараняе мяняць пашпарт і прадаваць нерухомасць без візіту ў Беларусь
Як айцішніку хутка і легальна купіць пашпарт: вось спіс краін і цэны
Па тэме
Як айцішніку хутка і легальна купіць пашпарт: вось спіс краін і цэны
Польшча дапаможа беларусам з часовым дазволам на жыхарства, якія згубілі пашпарт (або ён пратэрмінаваны)
Па тэме
Польшча дапаможа беларусам з часовым дазволам на жыхарства, якія згубілі пашпарт (або ён пратэрмінаваны)

Читать на dev.by