Замена дактароў проста ў Telegram. Прадпрымальнік і медык з Гродна запусцілі бот падбору практыкаванняў ЛФК
Удзельнікі і лаўрэаты конкурсу Social Weekend у 2017 і 2019 гадах, гродзенцы Дзяніс і Дар’я Цішыны нядаўна запусцілі новы праект — «Фізіябот». Гэта чат-бот у тэлеграме, які падбірае практыкаванні ЛФК — і вучыць карыстальнікаў правільна іх выконваць.
Прадпрымальнік і бізнэс-аналітык Дзяніс Цішын і яго жонка Дар’я — доктар-неўролаг і рэабілітолаг — не першы год займаюцца праектамі дапамогі людзям, якія маюць патрэбу ў рэабілітацыі пасля інсульту, траўмаў і аперацый.
У 2017 і 2019 годзе праекты Дзяніса і Дар'і прызнаваліся найлепшымі ў намінацыі «здароўе і адукацыя» на конкурсе Social Weekend. Адным з гэтых праектаў была платформа «feezio — практыкаванні па рэцэпце».
Шмат гадоў feezio быў даступны выключна для прафесіяналаў — дактароў і інструктараў па рэабілітацыі. З дапамогай платформы тыя складалі праграмы практыкаванняў для сваіх пацыентаў. Аднак сам пацыент не мог самастойна выбраць практыкаванні ў праграме — толькі па прамой спасылцы ад спецыяліста.
— Але попыт на рэабілітацыю значна вышэйшы, чым прапанова, — кажа Дар’я. — У Беларусі знайсці інструктара або рэабілітолага — цэлы квэст.
У нейкі момант Дзяніс і Дар’я вырашылі: трэба адкрыць ахвотным доступ да сваіх праграм. Якраз гэтым часам у Расіі пачалі блакаваць YouTube — і пара вырашыла, што гэта знак: бот з практыкаваннямі ЛФК патрэбны рускамоўнай аўдыторыі як ніколі.
— Усё самае складанае на той момант было зроблена: кантэнт — а гэта тысячы відэа з практыкаваннямі — мы знялі некалькімі гадамі раней для feezio. Тады ж склалі не адзін дзясятак праграм — як шаблоны для спецыялістаў. Заставалася толькі зрабіць сам бот і заліць туды відэа.
У выніку ад ідэі да гатовага прадукту — прайшло ўсяго два месяцы. «Фізіябот» зарэлізілі пару тыдняў таму, і ў першы ж тыдзень на яго падпісалася 2000+ чалавек, не менш за 10% карыстальнікаў — гэта дактары.
У першай версіі бота быў толькі спіс практыкаванняў. Пазней дадалі «сімптаматар» у выглядзе чалавека — клікаеш на любую зону на яго целе і бачыш пералік праграм.
Да боту прыкручаны «Фізіячат»: калі карыстальнік не можа зарыентавацца ў спісе, ён можа напісаць туды. На пытанні ў чаце адказвае сама Дар’я, а таксама яе калегі — фізічныя тэрапеўты і рэабілітолагі.
Але распрацоўшчыкі хочуць з часам ад гэтага сысці, дадаўшы ў боце магчымасць шукаць і знаходзіць дактароў або інструктараў па рэабілітацыі — каб карыстальнікі звярталіся непасрэдна да іх.
Цяпер у боце больш за 80 праграм, але неўзабаве плануюць дадаць яшчэ каля 15-20 — па запытах, якія прыйшлі ў «Фізіячат».
— Мы з Дзянісам днямі абмяркоўвалі: доктару трэба хуткая магчымасць знайсці канкрэтную праграму практыкаванняў, каб так жа хутка рэкамендаваць яе свайму пацыенту. Таму мы вырашылі зрабіць каталог праграм з нумарамі — дадамо на гэтым тыдні, — кажа Дар’я.
Цішыны яшчэ плануюць працаваць над інтэрфейсам, каб «Фізіябот» стаў інтуітыўна зразумелым. Але ўжо цяпер галоўны фідбэк ад калег — словы падзякі: альтэрнатывы боту ў выглядзе платформы, на якой былі б сабраныя ўсе практыкаванні для рэабілітацыі пры розных захворваннях, у рускамоўным асяроддзі проста няма.
На пытанне пра тое, колькі ўкладзена ў распрацоўку, Дзяніс і Дар’я адказваюць, што перасталі лічыць грошы яшчэ пару гадоў таму — калі рабілі feezio. На той момант сума ўкладанняў складала блізу $70 тысяч.
— Мы аплачвалі і здымку ў студыі, і агучку, і мантаж, і працу праграмістаў, — кажа Дар’я.
Дзяніс дадае, што ў праект было таксама ўкладзена нямала іх уласнай працы:
— Напрыклад, усе сцэнары відэа і апісанне Дар’я распрацоўвала сама, — а гэта задача складанейшая нават, чым распрацоўка софту. Трэба было апісаць усё да дробязяў: як выконваць практыкаванні (гэта ж важна), паказаць ракурс — дзе паставіць камеру. Таму што, калі здымаць без сцэнара, прадукцыйнасць — 1 практыкаванне на гадзіну, а ў нас іх — парадку 1100. Мы нават рабілі пакадравыя замалёўкі — як у вялікім кіно.
Не пойдёт далеко. Медицина не та сфера которую отдают на откуп лицам без лицензии и жесткого регулирования. Заблочат их бот, странички в соцсетях тут и бизнесу конец.
Якраз фізіятэрапія - вельмі добры кірунак для невялікага стартапа. Тым больш на ютубе і так аграменная колькасць відэа з фізіятэрапіяй і ніхто нікога не блочыць.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.
Не пойдёт далеко. Медицина не та сфера которую отдают на откуп лицам без лицензии и жесткого регулирования. Заблочат их бот, странички в соцсетях тут и бизнесу конец.
Медицинская мафия очень сильна.
Якраз фізіятэрапія - вельмі добры кірунак для невялікага стартапа. Тым больш на ютубе і так аграменная колькасць відэа з фізіятэрапіяй і ніхто нікога не блочыць.