10 000 супрацоўнікаў у Індыі, ані слова пра Беларусь. Добкін і іншыя топы расказалі пра планы EPAM

У часе штоквартальнага сазвону з акцыянерамі кіраўнік EPAM Аркадзь Добкін і фінансавы дырэктар Джэйсан Петэрсан расказалі пра планы кампаніі па росце даходаў і пашырэнні глабальнага штату. Пра Беларусь не згадвалі, але «попыт ва Усходняй Еўропе стабілізуецца».

39 каментарыяў

Попыт ва Усходняй Еўропе аднаўляецца

Кіраўніцтва EPAM засталося задаволенае вынікамі трэцяга квартала і паляпшэннем сітуацыі з попытам. За ліпень–верасень кампанія атрымала самую вялікую ў гэтым годзе выручку (1,17 млрд долараў) і не збіраецца спыняцца. 

За чацвёрты квартал EPAM збіраецца ліквідаваць адставанне па выручцы ад мінулага года і выйсці па выніках года на тую ж суму, што і ў 2023 — 4,69 млрд долараў. У кампаніі заяўляюць, што для гэтага ёсць усе перадумовы. Заказчыкі сталі больш інвеставаць у тэхналогіі. 

— У чацвёртым квартале мы чакаем, што попыт у Паўночнай Амерыцы працягне стымуляваць рост выручкі ў рэгіёне. Акрамя таго, мы пачынаем бачыць пэўную стабільнасць попыту ў Еўропе, — расказаў Джэйсан Петэрсан. 

Гендырэктар EPAM Аркадзь Добкін пацвердзіў, што ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе попыт паступова стабілізуецца:

— Мы гэта бачым па некаторых кліентах.

Паводле слоў Добкіна, з улікам аднаўлення попыту кампанія плануе павялічыць у Еўропе свае «вытворчыя магутнасці». 

EPAM працягне купляць кампаніі

На пачатку верасня стала вядома пра куплю амерыканскай кансалтынгавай кампаніі Neoris за 630 млн долараў. Ужо ў кастрычніку EPAM паведаміў пра набыццё кансалтынгавай кампаніі First Derivative з Паўночнай Ірландыі за 300 млн долараў. 

Добкін патлумачыў, што купля Neoris са стратэгічнага пункта гледжання дала кампаніі шэраг пераваг.

— У першую чаргу, гэта магчымасць выйсці на новыя прывабныя рынкі ў Лацінскай Амерыцы і некаторых краінах Еўропы. Дзякуючы ўгодзе, EPAM пашырыў сваю прысутнасць у Мексіцы, Калумбіі, Аргенціне і Бразіліі, а таксама ў Іспаніі і Партугаліі.

Паводле слоў Добкіна, угода дазволіла EPAM атрымаць «сапраўды моцны кліенцкі партфель і новыя магчымасці для росту з нашымі сумеснымі кліентамі». 

— Яшчэ адная перавага — стварэнне магутнай і адзінай платформы Neoris у рэгіёне, якая, як мы лічым, будзе высока цаніцца ў Лацінскай Амерыцы і на іспана- і партугаламоўных рынках. У дадатак да ўкаранення сістэм распрацоўкі праграм, міграцыі ў воблака і аўтаматызацыі Neoris таксама распрацавала вельмі моцную практыку AI і SAP. Сёння кампанія прызнаная ў Лацінскай Амерыцы рэгіянальным лідарам рынку SAP, — адзначыў Добкін.

Кіраўнік EPAM заявіў, што кампанія плануе ў перспектыве новыя ўгоды. Паводле яго слоў, «гэта будуць невялікія набыцці з канкрэтнымі мэтамі».

Глабальны штат стане большым

Глабальны штат EPAM упершыню за два гады перастаў скарачацца. У трэцім квартале ён вырас з 52,7 да 53,2 тысячы чалавек. Штат вытворчых спецыялістаў EPAM за трэці квартал таксама вырас з 47 да амаль 47,8 тысячы

— Мы скончылі трэці квартал з больш як 47,7 тысячы кансультантамі, дызайнерамі, інжынерамі і архітэктарамі, што на 1,5% менш, чым у трэцім квартале 2023 года. Аднак мы вярнуліся да паслядоўнага росту (каманды) упершыню за апошнія дзевяць кварталаў. Чысты прырост штата склаў 750 супрацоўнікаў, — адзначыў Джэйсан Петэрсан. 

Кампанія, паводле яго слоў, чакае, што штат вытворчых спецыялістаў працягне расці і ў чацвёртым квартале на фоне стабілізацыі попыту на розных рынках. 

У Індыі будзе 10000 супрацоўнікаў

Верагодна, асноўны прырост глабальнага штату адбудзецца за кошт далейшага пашырэння офіса EPAM ў Індыі. Гэтую лакацыі топы карпарацыі разглядаюць як адную з перспектыўных, таму інвестуюць у развіццё мясцовага падраздзялення.

За мінулы год штат індыйскага офіса вырас амаль на 20%. За гэты год каманда мае вырасці яшчэ на 40%.

— У Індыі мы задаволеныя тэмпамі росту, абумоўленымі попытам на дыферэнцыраваныя паслугі, а таксама тым, што нашае падраздзяленне ў большай ступені арыентаванае на распрацоўку прадуктаў у параўнанні з большасцю іншых гульцоў рынку паслуг. Нашыя інвестыцыі, пачатыя ў 2015 годзе, прыносяць свой плён. Толькі сёлета мы павялічылі каманду на 2 тысячы спецыялістаў (цяпер яна налічвае каля 9 тысяч супрацоўнікаў) і чакаем, што да пачатку 2025 года колькасць супрацоўнікаў у Індыі дасягне 10 тысяч чалавек, — расказаў Аркадзь Добкін.

EPAM укладваецца і ў пашырэнне каманды ў Заходняй і Цэнтральнай Азіі. Сёння ў гэтым рэгіёне працуе каля 7 тысяч чалавек. Акрамя таго, паводле слоў Добкіна, з улікам аднаўлення попыту кампанія плануе пашыраць каманду і ў Еўропе. 

Офіс у Польшчы дае чысты прыбытак

У трэцім квартале EPAM павялічыў на 40% чысты прыбытак. Кіраўнікі ўдакладнілі, што на чыстым прыбытку адбіліся льготы, атрыманыя кампаніяй ад даследаванняў і распрацовак у Польшчы:

«Ільготы даюцца ў адпаведнасці з польскім заканадаўствам. Прадпрыемствы могуць памяншаць падаткаабкладаную базу за кошт вылікаў па пэўных расходах, уключаючы выдаткі на аплату працы, пры ажыццяўленні інавацыйнай дзейнасці».

Паводле слоў Джэйсана Петэрсана, даванне льгот знізіла сабекошт выручкі. Таксама ён ацаніў эканамічную выгаду ад давання «польскай» льготы сумарна за мінулы і гэты год у 52 млн долараў. У чацвёртым квартале, паводле ацэнак Петэрсана, эканамічная выгада складзе каля 9 млн долараў. 

А што з Беларуссю?

У часе штоквартальнага сазвону з акцыянерамі топ-менеджары EPAM не згадвалі Беларусі.

Штат кампаніі ў нашай краіне скарачаўся апошнія гады. Толькі за 2023 год ён зменшыўся на 20%. Пры канцы 2023 года ў офісах кампаніі ў Беларусі працавала 3,5 тысячы вытворчых спецыялістаў — гэта на 22% менш, чым пры канцы 2022 года. Апошні раз столькі вытворчых супрацоўнікаў у EPAM было 10 гадоў таму — у 2013 годзе.

Але за апошнія месяцы EPAM павялічыў колькасць прапаноў для працы ў беларускім падраздзяленні. Калі пры канцы жніўня на сайце кампаніі было каля 10 вакансій, то цяпер іх каля 30. 

Што праўда, асноўная частка вакансій мае на ўвазе аддаленую працу. Пры гэтым вельмі шмат прапаноў для рэкруцёраў (як з вопытам, так і без). Таксама кампаніі патрэбныя фінансавыя аналітыкі, Administrative Office Specialist. А вось для тэхнічных спецыялістаў прапаноў не шмат. У прыватнасці, ёсць вакансія для Senior C/C++ Software Engineer. 

EPAM памяншае колькасць грошай на рахунках у беларускіх банках

Інфармацыя пра Беларусь з’явілася ў абноўленай справаздачы кампаніі для Камісіі па каштоўных паперах і біржах ЗША.

Як і ў папярэдніх справаздачах, інфармацыя тычылася рызык працы ў Беларусі ў тым ліку праз санкцыі, вайну ва Украіне і перагляд кліентамі ўмоў працы з кампаніяй. Таксама кампанія абнавіла інфармацыю пра актывы і сродкі на рахунках у беларускіх банках. 

EPAM працягвае карэктаваць грашовыя сродкі ў банках Беларусі ў залежнасці ад патрэб беларускага офіса. 

Калі за другі квартал кампанія павялічыла аб’ём сродкаў на рахунках у банках на 7 млн долараў, то за трэці квартал грошай у банках стала менш на 9 млн долараў (або на 23,5% ад пачатку года). Усяго пры канцы верасня на рахунках кампаніі ў банках Беларусі было 29,3 млн долараў — мінімальная сума сёлета. 

Як адзначаецца ў справаздачы EPAM, у выпадку, калі аб’ём грашовых сродкаў перавышае суму, неабходную для падтрымання працы беларускага офіса, «кампанія размяркоўвае залішнія сродкі на рынкі з больш развітым банкаўскім сектарам, наколькі гэта магчыма».

Працягваюць плаўна скарачацца і актывы EPAM у Беларусі. Пры канцы верасня 2024 года яны ацэньваліся ў 46,6 млн долараў. Ад пачатку года іх кошт знізіўся на 3,3 млн долараў (або на 6,5%).

За апошнія амаль чатыры гады кошт актываў кампаніі ў Беларусі знізіўся амаль на 45 мільёнаў долараў (-40%).

Акцыі EPAM узляцелі да рэкорднай цаны за апошнія паўгода
Па тэме
Акцыі EPAM узляцелі да рэкорднай цаны за апошнія паўгода
Глабальны штат EPAM зноў пачаў расці — упершыню за два гады
Па тэме
Глабальны штат EPAM зноў пачаў расці — упершыню за два гады
«Як дзядуля для кожнага супрацоўніка». Аркадзь Добкін у спісе самых любімых CEO ў 2024 годзе
Па тэме
«Як дзядуля для кожнага супрацоўніка». Аркадзь Добкін у спісе самых любімых CEO ў 2024 годзе

Читать на dev.by