Кватэру айцішніка арыштавалі пасля акцыі за мяжой. Там жыве сваячка

Сілавікі пачалі накладваць арышт на ўласнасць некаторых рэлакантаў, якія «засвяціліся». Сваёй гісторыяй з dev.by падзяліўся адзін з чытачоў.

10 каментарыяў

— З краіны я з’ехаў некалькі гадоў таму. У Беларусі ў мяне засталася кватэра, у якой я з’яўляюся ўласнікам і дзе цяпер жыве мая мама.

Ад канца красавіка амаль кожны дзень у кватэру стаў хтосьці прыходзіць і стукаць у дзверы. Ані званка ў дамафон, ані званка ў дзверы. Мама (яна прапісаная ў кватэры) прынцыпова нікому не адчыняла і да дзвярэй не падыходзіла. Праз два тыдні ў дзверы ўжо не стукалі. Іх адразу вынеслі, вырашыўшы, мабыць, што ў кватэры нікога няма.

Выявілася, гэта былі супрацоўнікі КДБ. Іх прыход быў звязаны з маім удзелам у «экстрэмісцкай дзейнасці». Я быў пару разоў на замежных акцыях, бачыў людзей, якія вялі здымку, меркаваў, што гэта маглі быць як і мясцовыя спецслужбы, так і засланцы з Беларусі. Такім чынам зацікавіліся і маім знаёмым, які апошні раз быў на Дні Волі год таму.

Супрацоўнікі КДБ правялі ператрус у кватэры, але нічога значнага ў межах крымінальнай справы не знайшлі. 

Кватэру арыштавалі, апісалі маёмасць, у прыватнасці, тэлевізар, хатні кінатэатр, камп’ютар, пральную машыну.

Усю апісаную маёмасць перадалі маме на адказнае захоўванне. Я так разумею, гэтай маёмасцю няможна распараджацца.

Іншых падрабязнасцяў не ведаю, бо з мамы ўзялі падпіску аб неразгалошванні.

Мама працягвае жыць у кватэры, яе нікуды не выгналі, ды і выгнаць асабліва няма куды, законы ў Беларусі, здаецца, пакуль такога не дазваляюць.

Абмежавалі камунікацыю

Паводле слоў суразмоўцы, маму не прасілі звязацца з сынам і агучыць прапанову органаў вярнуцца ў Беларусь. «Магчыма, пакуль». Пасля візіту сілавікоў ён абмежаваў спосабы камунікацыі з мамай праз узрослыя рызыкі.

— Мама думае, што ёй на тэлефон маглі нешта ўсталяваць, таму мы не перапісваемся. З кватэры яна таксама мне не тэлефануе, баіцца, што супрацоўнікі КДБ усталявалі праслухоўку.

Прыехаць да мяне яна таксама не можа. Па-першае, у яе няма візы.  Асцерагаецца, што калі заняцца афармленнем візы, то гэтая інфармацыя дойдзе куды трэба і ёй наогул могуць забараніць выезд з краіны. Па-другое, не хоча з’язджаць за мяжу ў пустэчу, баіцца не знайсці працы, не хоча пачынаць жыццё спачатку.

Вырашыць пытанне з кватэрай раней не выйшла

— Я ў спешцы з’язджаў з краіны і не паспеў зрабіць гендаверанасць. Пазней атрымалася зрабіць праз амбасаду, але нават тады не думаў прадаваць кватэру, усё на нешта спадзяваўся. А летась мяне сталі шукаць, не ведалі, у якую краіну з’ехаў (я не перасякаў сухапутнай мяжы праз афіцыйныя пункты пропуску). У выніку прапусціў момант.

Што далей?

— Думаю, мае адбыцца суд, на якім мае быць агучаны «разлік» страт, якія панесла дзяржава ад майго ўдзелу ў пары мітынгаў за мяжой. І потым забяруць кватэру. Магчыма, год-паўтара невядомасці ў нас ёсць.

Паўплываць на сітуацыю я ніяк не магу. Нават калі я вярнуся ў Беларусь, арышт з кватэры не знімуць. Затое будзе магчымасць яшчэ мяне і пасадзіць.

Што кажуць юрысты

Спыталі, што далей будзе адбывацца з арыштаванай нерухомасцю. 

Калі на маёмасць уласніка, які з’яўляецца падазраваным або абвінавачаным у крымінальнай справе, наклалі арышт, гэта не азначае, што пасля арышту не могуць зняць, адзначае адвакат Антон Гашынскі.

— Калі ўласнік і/або яго сям’я, сваякі пастаянна пражываюць у кватэры і для іх гэта адзінае жытло, то на такую нерухомасць не могуць накласці арышту ў мэтах забеспячэння кампенсацыі шкоды, нанесенай злачынствам.

То-бок на практыцы нерухомасць могуць арыштаваць, але пасля арышт мае быць зняты, так як гэта адзінае жытло для тых, хто пражывае ў ім. Але для гэтага блізкім або сваякам спатрэбіцца ўстанавіць факт пастаяннага пражывання і адзінага жытла.

Што рабіць

— Як толькі накладваецца арышт на маёмасць, гэтае рашэнне неабходна абскардзіць у судзе, альбо пісаць зварот у органы, якія наклалі арышт, з просьбай растлумачыць падставы і прычыны накладання арышту. Пасля атрымання адказу рашэнне аб накладанні арышту можна абскардзіць па лініі пракуратуры або Следчага камітэта, калі ён наклаў арышт.

У органаў у дадзеным выпадку простая логіка. Спачатку ўсё арыштаваць, а потым заявіць пра тое, што накладзены арышт на маёмасць на пэўную суму, што дастаткова для шматразовага пакрыцця шкоды. Але пасля суд мае прыняць рашэнне аб вызваленні маёмасці з-пад арышту.

Таксама сваякоў не могуць выселіць з кватэры і даць ім іншае жытло. Напрыклад, калі ў кватэры, якая належыць падазраванаму, жыве яго мама або жонка і для іх гэта адзінае жытло. Сваякоў таксама не могуць прымусіць пакрыць шкоду, нібыта нанесеную ўласнікам нерухомасці, у якой яны пражываюць.

Не толькі ўласнікі

— Паводле закона арышт могуць накласці не толькі на маёмасць падазраванага і абвінавачанага. Арыштаваць таксама могуць маёмасць трэціх асоб, каб праверыць, ці сапраўды яна ім належыць, хто карыстаецца маёмасцю, хто аплачвае ўтрыманне маёмасці.

І калі будзе ўстаноўлена, што маёмасць фактычна не належыць абвінавачанаму, падазраванаму, то суд таксама мае зняць арышт пры вынясенні канчатковага прысуду.

У такіх сітуацыях важна, каб сваякі ў выпадку арышту сваёй маёмасці заяўлялі хадайніцтва аб зняцці арышту судом. Суд разумее, што калі арыштавалі чужую маёмасць, то ўласнікі будуць адстойваць свае правы. А калі ніхто не звяртаецца ў суд ані са скаргай, ані з хадайніцтвам, гэта можа ўскладніць для ўласнікаў працэс адстойвання сваіх правоў.

У бягучых умовах уласнікам арыштаванай нерухомасці не варта спадзявацца на закон, перакананы юрыст Міхаіл Кірылюк

— Агаворка «на законных падставах» была б рэлевантная, калі б да гэтых падстаў прыглядаліся. Але Беларусь у рэйтынгу вяршэнства права World Justice Project знаходзіцца бліжэй да канца сярод больш як 140 краін. Таму закон наўрад ці дапаможа сваяку «ворага народа». 

Арышты маёмасці беларусаў, якія з’ехалі, — гэта спосаб палітычнага пераследу і запалохвання, каб людзі баяліся выказваць свае палітычныя погляды, нават з’ехаўшы з краіны. Таму далей усё будзе залежаць не ад закона. Цяпер спатрэбілася запалохаць, яны арыштавалі маёмасць. Заўтра-паслязаўтра пачнуцца перамовы з ЕС — арышты, можа быць, знімуць. 

Сваякі могуць абскардзіць кожнае дзеянне ўладаў, але складана сказаць, наколькі гэта будзе вынікова. А што ў выніку адбудзецца з арыштаванымі кватэрамі беларусаў, мы даведаемся толькі на практыцы. 

Вынясенне рашэння можа заняць ад некалькіх месяцаў да паўгода і даўжэй. Усё будзе залежаць ад загрузкі судовых выканаўцаў. Калі будзе сігнал зверху, што справа прыярытэтная, усё будзе хутчэй, калі не, то разгляд спраў можа доўжыцца доўга. 

Але ў будучыні гэта мае быць падставай для выплаты ўласнікам кампенсацыі ад службовых асоб.

З чаго ўсё пачалося

У сакавіку гэтага года Следчы камітэт Беларусі завёў крымінальную справу на прадстаўнікоў аб’яднанняў беларусаў за мяжой — «Народных амбасад» і «Беларусаў замежжа». Іх абвінавацілі ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзеле ў ім. 

Тады ў СК заявілі, што сілавікі маюць інфармацыю пра больш як 100 прадстаўнікоў «радыкальных дыяспар». Таксама нібыта былі ўстаноўленыя «больш за 30 аб’ектаў нерухомасці, якія належаць фігурантам» на тэрыторыі Беларусі.

«Следчымі будуць прынятыя ўсе, без выключэння, меры, накіраваныя на прыцягненне вінаватых да адказнасці і кампенсацыі імі шкоды, у тым ліку ў рамках працэдуры спецыяльнай вытворчасці», — заявілі ў СК.

У сярэдзіне мая СК заявіў, што папоўніў спіс падазраваных у справе «беларусаў замежжа» яшчэ на 104 прозвішчы, — гэта людзі, якія бралі ўдзел у святкаванні Дня Волі 25 сакавіка 2024 года за мяжой. У прыватнасці, у вулічных акцыях на тэрыторыі Варшавы, Вільні, Уроцлава, Беластока, Бруселя, Батумі, Прагі, Каліфорніі, Філадэльфіі і г. д.

Іх прызналі падазраванымі ў крымінальнай справе аб стварэнні экстрэмісцкага фармавання і ўдзеле ў ім, а таксама аб дыскрэдытацыі Беларусі. «Спіс пастаянна папаўняецца», — звярнулі ўвагу ў СК.

Уключаных у спіс таксама прыстрашылі арыштам маёмасці і спецвытворчасцю з кампенсацыяй шкоды.

В Минске будут судить айтишника, который приехал из Италии сделать доверку
По теме
В Минске будут судить айтишника, который приехал из Италии сделать доверку
МУС ужо збірае інфармацыю пра тых, хто перасякае мяжу з РФ?
Па тэме
МУС ужо збірае інфармацыю пра тых, хто перасякае мяжу з РФ?
«У Калінінградзе было непрыемнае пытанне». Як беларусы едуць дадому праз трэція краіны
Па тэме
«У Калінінградзе было непрыемнае пытанне». Як беларусы едуць дадому праз трэція краіны
Прыляцела з Канады за сінім пашпартам. Чаму беларусы з новым грамадзянствам (не) шануюць «старое» — 4 кейсы
Па тэме
Прыляцела з Канады за сінім пашпартам. Чаму беларусы з новым грамадзянствам (не) шануюць «старое» — 4 кейсы

Читать на dev.by