Што Трамп зробіць з крыптавалютай?

Усяго за год Дональд Трамп кардынальна змяніў сваё стаўленне да крыптавалют: калі раней ён лічыў індустрыю суцэльным махлярствам, то цяпер мае намер ператварыць ЗША ў першую «крыптадзяржаву». Яго каманда плануе істотна змяніць рэгуляванне крыптавалютнага рынку. Інвестары ўжо кажуць пра пачатак «залатога стагоддзя» для крыптавалют з прыходам Трампа ў Белы дом.

3 каментарыя

Крыптарынак віруе: пасля абвяшчэння вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у ЗША курс біткойна пабіў новы рэкорд, перавысіўшы пазнаку ў $89 000. Гэтая навіна адбілася на каціроўках і іншых крыптавалют, а таксама долара. Індэкс долара ЗША вагаецца на самым высокім узроўні ад красавіка, павялічыўшыся больш чым на 2% за апошні тыдзень. Рост каціровак сведчыць пра чаканні інвестараў, якія спадзяюцца на значныя змены ў рэгуляванні крыптарынку.

Паводле даных даследчага цэнтра Pew Research Center, мільёны амерыканцаў ужо інвеставалі ў крыптавалюты або таргавалі імі, хоць гэтыя лічбавыя актывы, як правіла, прыцягваюць больш маладзёнаў. 31% амерыканцаў ва ўзросце ад 18 да 29 гадоў кажа, што яны інвеставалі, таргавалі або выкарыстоўвалі крыптавалюту, у параўнанні з 16% сярод насельніцтва ў цэлым.

Што думаў Трамп пра крыптавалюту ў часе першага тэрміну?

У часе першага прэзідэнцтва (2016–2021 гг.) Трамп некалькі разоў казаў, што не давярае крыптавалютам. У 2019 годзе палітык заявіў, што не з’яўляецца прыхільнікам біткойна і іншых крыптавалют, бо іх курс хутка змяняецца і заснаваны «на паветры». Таксама Трамп казаў, што нерэгулюваныя крыптаактывы могуць выкарыстоўваць зламыснікі для незаконнай дзейнасці, у тым ліку для гандлю наркотыкамі. У 2021 годзе Трамп заявіў, што біткойн — гэта «махлярства», а крыптавалюты падрываюць значэнне долара ЗША.

Справаздача Global Product Holding Analytics 2024 ад GlobalData паказвае тэндэнцыі па групах: крыптаінвестараў у сярэднім у два разы больш сярод амерыканцаў:

  • мужчын (21%) у параўнанні з жанчынамі (9%),
  • спецыялістаў (21%) у параўнанні з тымі, хто мае толькі сярэднюю адукацыю (11%),
  • занятых (19%) у параўнанні з беспрацоўнымі (12%),
  • асоб з высокім узроўнем даходу і заможных грамадзян (22%, ад $100 000) у параўнанні з астатнімі (9%, менш за $100 000).

Што казаў Трамп пра крыпту ў часе выбараў?

У часе перадвыбарчай кампаніі 2024 года Трамп значна змяніў сваё стаўленне да крыптавалют. Ён заявіў пра намер зрабіць ЗША сусветным лідарам у гэтай сферы. Штаб палітыка прымаў ахвяраванні ў біткойнах на працягу ўсёй гонкі, а ў верасні Трамп трапіў у загалоўкі пасля таго, як заплаціў за ежу ў Нью-Ёрку біткойнамі. Яго віцэ-прэзідэнт Дж. Д. Вэнс таксама з’яўляецца даўнім прыхільнікам крыптавалют.

За час кампаніі Трамп паабяцаў стварыць стратэгічны нацыянальны рэзерв біткойнаў і прызначыць рэгулятараў, спрыяльна настроеных да лічбавых актываў. Таксама ён паабяцаў звольніць старшыню Камісіі па каштоўных паперах і біржах (SEC) Гэры Генслера і прызначыць на яго месца больш лаяльнейшага да крыптавалют кіраўніка. Акрамя таго, палітык выказаў намер прадухіліць распрацоўку лічбавай версіі долара (CBDC), палічыўшы яе пагрозай фінансавай свабодзе грамадзян.

«Мы прымаем будучыню з крыптавалютай і пакідаем ззаду павольныя і састарэлыя буйныя банкі», — заявіў Трамп.

Нарэшце, Трамп заявіў, што будзе абараняць права на майнінг біткойнаў і «гарантуе кожнаму амерыканцу права самастойна распараджацца сваімі лічбавымі актывамі і здзяйсняць транзакцыі без нагляду і кантролю з боку ўрада». Найбольшую цікавасць у выбаршчыкаў і журналістаў выклікала ініцыятыва World Liberty Financial (WLF), якую падтрымаў палітык. Гэты праект можна назваць сямейным прадпрыемствам Трампаў: паводле звестак СМІ, WLF кантралююць сыны прэзідэнта.

Сямейны крыптапраект Трампаў

World Liberty Financial (WLF) — гэта дэцэнтралізаваная фінансавая (DeFi) платформа, якая прасоўвае масавае выкарыстанне стэйблкойнаў і дэцэнтралізаваных фінансавых паслуг. Праект падтрымліваюць Дональд Трамп і яго сыны: Баран, Эрык і Дональд-малодшы. Апошнія двое, паводле звестак СМІ, кіруюць платформай, а 18-гадовы Баран выступае «DeFi-візіянерам» праекта.

15 кастрычніка платформа пачала продаж уласных токенаў кіравання WLFI. Гэты токен дае трымальнікам права голасу ў пытаннях кіравання платформай, аднак не прадугледжвае эканамічных правоў і яго няможна перадаць. Таксама пасля куплі токен няможна прадаць або абмяняць. Для ўдзелу ў продажы карыстальнікі маюць прайсці працэдуру KYC (Know Your Customer). Характэрна, што грамадзяне ЗША, якія не з’яўляюцца акрэдытаванымі інвестарамі, не могуць удзельнічаць у продажы.

Перад запускам кампанія ўнесла ў папярэдні спіс больш як 100 тысяч акрэдытаваных інвестараў і спадзявалася сабраць $300 мільёнаў ад першапачатковага продажу токенаў. Аднак яна не дасягнула гэтай мэты, сабраўшы толькі $14 мільёнаў і рэалізаваўшы толькі 4,7% ад 20 мільярдаў токенаў, выдзеленых для публічнага продажу.

Як Трамп плануе змяніць ІТ-індустрыю?
Па тэме
Як Трамп плануе змяніць ІТ-індустрыю?

Платформа плануе запусціць свой уласны стэйблкойн, прывязаны да долара ЗША. 70% будзе зарэзервавана для інсайдараў кампаніі, а тыя 30%, што засталіся, будуць размеркаваныя з дапамогай публічнага продажу. Аднак стварыць стэйблкойн не так проста: для гэтага патрабуецца вялікі фіятны капітал і выкананне мноства патрабаванняў рэгулятараў. Некаторыя праекты спрабавалі абысці гэтыя патрабаванні з дапамогай крыптатрукаў, але ў асноўным з трэскам праваліліся, як гэта здарылася з Terra.

WLF, па сутнасці, нагадвае традыцыйную крыптабіржу, дзе інвестары могуць купляць і прадаваць лічбавыя валюты. Праект падвергнуўся крытыцы праз патэнцыйны канфлікт інтарэсаў, звязаны з уплывам Трампа на рэгуляванне крыптавалюты і магчымасцю маніпулявання рынкам. Сям’я Трампа можа атрымаць значны прыбытак ад праекта. Напрыклад, Tether, найбуйнейшы ў свеце эмітэнт стэйблкойна, паведаміў пра рэкордны прыбытак у памеры $5,2 мільярда толькі за першую палову 2024 года.

У Трампа таксама ёсць сувязі з Tether. Паводле слоў генеральнага дырэктара брокерскай фірмы Cantor Fitzgerald Говарда Лютніка, Tether — іх кліент і захоўвае «многія, многія» свае актывы ў фінансавай кампаніі. Цяпер Лютнік узначальвае пераходную каманду абранага прэзідэнта і, хутчэй за ўсё, увойдзе ў новую адміністрацыю Трампа.

Што будзе з крыптавалютай пры Трампе

Абраны прэзідэнт мае намер цалкам змяніць падыход амерыканскіх уладаў да крыптавалют. Цяпер яго каманда ўжо займаецца пошукам кандыдатаў з прыязнымі для галіны поглядамі на ключавыя рэгулюючыя пасады.

Паводле даных The Washington Post, памочнікі Трампа кансультуюцца з кіраўнікамі крыптавалютных кампаній, каб распрацаваць магчымыя змены ў федэральным заканадаўстве.

Сам Трамп яшчэ ў чэрвені гэтага года сустрэўся з тузінам кіраўнікоў і экспертаў крыптаіндустрыі ў сваім маёнтку Мар-а-Лага ў Фларыдзе. Паводле слоў прысутных, палітык мае намер сур’ёзна заняцца пытаннямі развіцця крыптаіндустрыі ў ЗША.

Рэформа SEC

Эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што значныя змены адбудуцца ў адным з галоўных рэгулятараў рынку — камісіі па каштоўных паперах і біржах (SEC). На працягу апошніх некалькіх гадоў SEC не адважвалася ўхваліць крыптавалютныя біржавыя фонды (Exchange Traded Fund, ETF): інвестыцыйныя інструменты, якія дазваляюць людзям рабіць стаўкі на крыптавалюту, фактычна не валодаючы ёю. Але федэральны суд вымусіў SEC дазволіць біткойн-фонды ETF у студзені гэтага года.

Трамп у часе перадвыбарнай кампаніі паабяцаў значна лібералізаваць нарматыўную і рэгулятарную базу. Таксама амаль вырашанае пытанне аб звальненні цяперашняга старшыні SEC Гэры Генслера — аднаго з жорсткіх рэгулятараў крыптавалюты ў адміністрацыі Байдэна. Тэрмін паўнамоцтваў Генслера заканчваецца толькі ў 2026 годзе, але некаторыя аналітыкі чакаюць, што ён сыдзе ў адстаўку, як толькі Трамп уступіць на пасаду, 

Замест Генслера каманда Трампа разглядае некалькі кандыдатур. Сярод самых верагодных — Дэніэл Галахер, былы супрацоўнік SEC, які цяпер працуе ў крыптабіржы Robinhood, а таксама два камісары SEC Хестер Пірс і Марк Уеда. Абодва неаднаразова крытыкавалі Генслера за надта жорсткі падыход да рэгулявання крыптаіндустрыі. Аднак эксперты лічаць, што шанцы ў Пірса і Уеды замяніць Генслера не такія высокія: Трамп аддае перавагу прызначэнню на ключавыя пасады незаангажаваных людзей.

Крыптакаманда Трампа

Кіраўнікі галіны чакаюць, што новая адміністрацыя Трампа засяродзіцца на распрацоўцы зразумелага рэгулявання, якое сёння выглядае разрозненым і няпоўным. У сітуацыі нявызначанасці такія рэгулятары, як SEC, кіруюцца сваімі ўяўленнямі аб неабходных правілах, што цягне за сабой судовыя пазовы. У выніку рэгуляванне галіны шмат у чым будуецца на судовых прэцэдэнтах.

Сектар лічбавых актываў даўно заклікае да прыняцця ўсёабдымнага заканадаўства для вызначэння статусу такіх валют, як XRP, Litecoin і Solana, для стварэння механізмаў абароны інвестараў і падтрымкі новых інвестыцыйных схем, такіх як біржавыя фонды (ETF), што інвестуюць у Bitcoin і Ethereum. Пры больш прыязнай SEC наступнымі могуць стаць ETF, заснаваныя на драбнейшых крыптавалютах, такіх як Solana і XRP. 

Американский олигарх: что получит Маск от победы Трампа
Па тэме
Американский олигарх: что получит Маск от победы Трампа

Шмат у чым палітыку ў дачыненні да крыптавалют у камандзе Трампа будуць вызначаць Ілан Маск і Говард Лютнік. Абраны прэзідэнт ужо заявіў, што Маск ачоліць разам з іншым бізнэсменам Вівекам Рамасвамі новае ўпраўленне па эфектыўнасці ўрада ЗША. Лютнік яшчэ не атрымаў фармальнай пасады ў новай адміністрацыі.

Як паведамляе Bitcoinist, Рамасвамі быў адным з першых прыхільнікаў прыняцця біткойна ў якасці стратэгічнага рэзервовага актыву для краіны, мяркуючы, што долар ЗША можа быць падмацаваны кошыкам іншых крыптавалют, уключаючы біткойн, каб эфектыўней змагацца з інфляцыяй і стабілізаваць кошт нацыянальнай валюты з цягам часу.

The Washington Post паведамляе, што каманда Трампа вывучае магчымасць стварэння прэзідэнцкай рады па лічбавых валютах, а таксама прызначэння спецыяльнага дарадцы пры крыптавалютах у нацыянальным эканамічнай радзе. Гэты орган адказвае за каардынацыю ўнутранай і знешняй эканамічнай палітыкі краіны.

Утаймаванне ФРС

Адной з тэм перадвыбарнай кампаніі стала CBDC (Central Bank Digital Currency) — лічбавая форма нацыянальнай валюты, якую выпускае і кантралюе цэнтральны банк краіны. У Штатах ужо некалькі гадоў абмяркоўваюць магчымасць увядзення Федэральнай рэзервовай сістэмай сваёй CBDC. ФРС яшчэ не вырашыла, ці ствараць цалкам лічбавую версію долара, хоць у студзені 2022 года рэгулятар ацаніў патэнцыйныя выдаткі і выгады гэтай ініцыятывы. 

Супраць стварэння CBDC катэгарычна выступаў Трамп. «Майнінг біткойнаў можа стаць нашай апошняй лініяй абароны супраць CBDC. Нянавісць Байдэна да біткойна толькі на руку Кітаю, Расіі і радыкальным левым камуністам», — напісаў палітык у сваёй сетцы Truth Social. Трамп пакляўся забараніць стварэнне CBDC у выпадку свайго перавыбрання.

«Такая валюта дасць федэральнаму ўраду — нашаму ўраду — абсалютны кантроль над вашымі грашыма. Яны могуць забраць вашыя грошы. Вы нават не даведаецеся, што яны зніклі», — заявіў Трамп выбаршчыкам у Нью-Гэмпшыры ў часе часе перадвыбарчага мітынгу.

Перагляд законаў

Каманда Трампа нацэлілася на змяненне патрабаванняў офіса кантралёра грашовага звароту (Office of the Comptroller of the Currency’s, OCC). Гэты незалежны орган у складзе Міністэрства фінансаў ЗША адказвае за выдачу федэральных банкаўскіх ліцэнзій, рэгуляванне і нагляд за нацыянальнымі банкамі, ашчаднымі асацыяцыямі, а таксама філіяламі і агенцтвамі замежных банкаў у ЗША.

Новыя правілы маюць палегчыць банкам захоўванне і зварот крыптавалют. У прыватнасці, Трамп можа запатрабаваць ад OCC змяніць кметадычку 2020 года, якая ўжо дазваляла банкам прапаноўваць паслугі па захоўванні крыптавалют. Гэта знізіць бар’еры для традыцыйных банкаў пры выкарыстанні лічбавых актываў, а таксама паскорыць інтэграцыю крыптавалюты ў асноўныя фінансавыя паслугі, якія прапануюць банкаўскі сектар.

Яшчэ адная ідэя — гэта перагляд Community Reinvestment Act (CRA). Закон патрабуе, каб банкі і іншыя фінансавыя арганізацыі давалі крэдыты і паслугі ў тых супольнасцях, дзе яны працуюць, асабліва ў раёнах з нізкім і сярэднім прыбыткам. Трамп можа дадаць магчымасць інвестыцый у праекты блакчэйну і крыптавалюты. Такім чынам банкі змогуць атрымліваць крэдыты CRA за падтрымку крыптабізнэсу.

Ацэнкі экспертаў

Лабіраванне інтарэсаў індустрыі адбываецца і на ўзроўні Кангрэса. Крыпталабісты, такія як Fairshake, выдаткавалі больш за $100 мільёнаў на падтрымку кандыдатаў, якія выступаюць за крыптавалюту, у надзеі дамагчыся прыняцця спрыяльнага для галіны заканадаўства. У цэнтры ўвагі лабістаў — законапраект, які перадасць рэгуляванне крыптавалют ад SEC да Камісіі па гандлі таварнымі ф’ючарсамі (Commodity Futures Trading Commission, CFTC), значна менш уплывоваму агенцтву. Перамога Трампа стала для лабістаў сапраўдным падарункам.

Мэт Хоўган, дырэктар па інвестыцыях у Bitwise Asset Management, выказаў аптымістычны прагноз адносна рынку крыптавалют, заявіўшы, што ён уступіць у «залаты век» пры Трампу. Паводле слоў Хоўгана, на працягу апошніх васьмі гадоў крыптаіндустрыя працавала ва ўмовах істотных абмежаванняў, сутыкаючыся з агрэсіўнымі мерамі прымусу з боку SEC і мноствам судовых пазоваў, якія стваралі нявызначанасць у галіны. 

Топ-менеджар Bitwise чакае, што гэты рэгулятарны ціск пачне слабець на працягу першых 100 дзён працы новай адміністрацыі Трампа, паколькі рэспубліканец паслядоўна дэманструе сваю падтрымку росту і інавацыям у сектары лічбавых актываў, а на гарызонце відаць новая нарматыўна-прававая база.

Як рынак адрэагаваў на перамогу Трампа?
Па тэме
Як рынак адрэагаваў на перамогу Трампа?

Адам Блумберг, сузаснавальнік Interaxis, фірмы, якая аказвае адукацыйныя паслугі ў галіне крыптавалюты і блакчэйну, таксама лічыць, што адміністрацыя Трампа ўнясе яснасць у рэгуляванне лічбавай валюты: «Я думаю, мы ўбачым заканадаўства пра стэйблкойны, якое прывядзе да таго, што больш людзей будзе здзяйсняць транзакцыі на блакчэйне. Мы таксама ўбачым праекты, у якіх токены не будуць лічыцца каштоўнымі паперамі і каманды не будуць турбавацца пра запуск праекта».

Нягледзячы на аптымістычныя прагнозы прыхільнікаў крыптавалют, некаторыя эксперты занепакоеныя наступствамі палітыкі Трампа. Крытыкі сцвярджаюць, што змены ў рэгуляванні, якіх дамагаецца галіна, могуць падарваць абарону правоў спажыўцоў і «падвергнуць інвестараў большай рызыцы махлярства і маніпулявання рынкам». Хоць абраны прэзідэнт мае намер рэалізаваць комплексную праграму, уключаючы магчымасць стварэння нацыянальнага рэзерву біткойнаў, эфектыўнасць гэтых планаў будзе залежаць ад органа- рэгулятара. 

Аднак з атрыманнем Рэспубліканскай партыяй большасці ў Кангрэсе шлях да гэтых змен можа стаць прасцейшым для Трампа і ўсёй галіны. «Ніхто з Рэспубліканскай партыі не гатовы цяпер супрацьстаяць Трампу, таму яны будуць прапаноўваць і галасаваць за тыя правілы, якія ён хоча», — падсумаваў Адам Блумберг.

Карыстальнікі X бягуць у Bluesky пасля выбараў у ЗША. Чым прыцягвае сацсетка?
Па тэме
Карыстальнікі X бягуць у Bluesky пасля выбараў у ЗША. Чым прыцягвае сацсетка?
$200 млрд потратит бигтех на ИИ в этом году. Инвесторы не видят отдачи
По теме
$200 млрд потратит бигтех на ИИ в этом году. Инвесторы не видят отдачи
«К черту Amazon»: как сотрудники компании бунтуют против возвращения в офис
По теме
«К черту Amazon»: как сотрудники компании бунтуют против возвращения в офис

Читать на dev.by