«Прадаў акцыі EPAM, кватэру, гадзіннік». Як айцішнікі адкрылі бізнэсы за мяжой

Калі вы хоць раз думалі, што пара кідаць код і пачынаць рабіць штосьці матэрыяльнае, то гэты тэкст — для вас. Тры суразмоўцы расказалі нам пра свае «неайцішныя» бізнэсы: бар у Варшаве, блінная ў Амстэрдаме і вытворчасць карэктараў паставы ў Сан-Францыска. Атрымалася ў іх, выйдзе і ў вас.

30 каментарыяў
Змест

Менеджар EPAM запусціў блінную ў Амстэрдаме

Пазіцыя ў ІТ: былы дырэктар у EPAM (працаваў у EPAM ад 2014-га). Стаж у найманні — больш за 12 гадоў

Які бізнэс прыдумаў: блінная Blin Queen у Амстэрдаме

Падрыхтоўка заняла: прыкладна год ад ідэі да рэалізацыі

Запуск: жнівень 2021

Уклаў асабістых сродкаў: 200 тысяч еўра

Бізнэс-план: запуск уласнай платформы па аўтаматызацыі HoReCa-бізнэсу з першым кліентам, які будзе плаціць, у 2023-м

Што цяпер: аперацыйны нуль у бізнэсе бліннай; аўтаматызацыя аперацыйнай сістэмы кавярні

Да 2020 года Сяргей Каваленка працаваў у EPAM. Як ён кажа, быў дырэктарам — «працаваў з інвестарамі, мы займаліся ацэнкай кампаній, у якія планавалася ўкласці грошы». Але ў 2020-м Сяргей узяў бестэрміновы адпачынак, перагледзеў свае прыярытэты і ў выніку замест таго, каб вярнуцца да ранейшай працы, адкрыў разам з жонкай Дар’яй блінную Blin Queen у Амстэрдаме.

Чаму Амстэрдам? Бо Сяргей там ад 2014-га («Вырашыў, што павандрую годзік, а ў выніку ўжо амаль 10 гадоў як жыву тут»).

А бліны — бо муж і жонка вырашылі паказаць нідэрландцам, што такое «нармальныя наліснікі» (тонкія блінцы з начыннем, папулярныя ў Беларусі, Украіне, Польшчы). Жыхары Нідэрландаў у гэтым плане даволі кансерватыўныя і ядуць тонкія блінцы Pannekoeken, раскладваючы іх у вялікі круг, як піцу, і пасыпаючы прысмакамі. Так што ў беларусаў у пэўным сэнсе асветніцкая місія.

Каб запусціць бізнэс, давялося прадаць акцыі, якія засталіся пасля сыходу з EPAM, машыну Дашы, кватэру ў Амстэрдаме і нават гадзіннік, з якім Сяргей хадзіў на перамовы. Частку грошай адклалі, а частка — 200 тысяч еўра — сышла на рамонт і першыя 6-7 месяцаў працы бліннай. Далей каманда выйшла ў аперацыйны нуль (цяпер яна можа сама пакрываць свае выдаткі).

Яны знялі памяшканне ў гістарычным будынку ў цэнтры Амстэрдама пры канцы 2020-га і рамантавалі яго паўгода.

У працэсе сутыкнуліся з мноствам складанасцей — ад вады ў сутарэнні (аднаго моманту падрадчык так спаняверыўся, што пачаў угаворваць ваду, каб тая сышла) да цікавай працэдуры атрымання ліцэнзіі на алкаголь. Калі ва ўстанове ў Амстэрдаме прадаюць алкаголь, то гэта «памяшканне з падвышанай рызыкай», і там мусіць быць чалавек з сертыфікатам па «сацыяльнай гігіене» (social hygiene). Так што і Сяргей, і Дар’я вывучылі, як вызначаць, пад якім рэчывам знаходзіцца чалавек, як яму ветліва адмовіць ва ўваходзе і што рабіць, калі ён раптам пачне біць посуд. Абое здалі экзамен. 

Але з якімі б складанасцямі ні сутыкаліся муж і жонка, яны ніколі не казалі: «Трэба было заставацца ў найманні». 

Дзверы бліннай адчыніліся ў жніўні 2021-га. У раскрутцы стаўку зрабілі на Instagram. У дзень адкрыцця вельмі дапамагла мясцовая рускамоўная блогерка — пасля некалькіх пастоў «да нас проста рынулася вялікая колькасць рускамоўных людзей, якія сумавалі па ўсёй гэтай гісторыі з блінамі». Першыя паўгода 90% аўдыторыі складала менавіта рускамоўная дыяспара. А затым у Blin Queen сталі хадзіць і мясцовыя.

Сяргей падкрэслівае, што яны ніколі не хацелі стаць нішавай кухняй «пра баршчы і халадцы». Так, за аснову ўзялі нашую кухню (напрыклад, бульбяная вафля з яйкам пашот — гэта замаскіраваны дранік). Але ў цэлым атрымалася інтэрнацыянальная гісторыя. Так, сярод хітоў бліннай — ужо згаданы дранік-вафля (які аднойчы заказала Одры Тату), адаптацыя сырнікаў з крэмавым сырам, салодкі блінец і блін з рыбай, якую ўстанова соліць самастойна (у Нідэрландах толькі вэнджаная рыба). 

За прылаўкам і на кухні працуюць людзі з Беларусі, Украіны і Расіі. 

Цяпер блінная прыносіць прыбытак («Апошнія месяцаў 6-7 у нас не было «мінусу»). Праз дрэннае надвор’е зімой установа трохі прасела ў выручцы, але Сяргей упэўнены, што яны неўзабаве нагоняць, калі пацяплее і «заквітнеюць цюльпаны».

— Мы далёкія ад таго, каб галець. Але, вядома, пакуль у нас няма такой грунтоўнай падушкі, як за часамі маёй працы ў ІТ, — кажа Сяргей. — Я ведаю, што мы пачнем зарабляць грошы, якія будуць супастаўныя або нават перавысяць мой мінулы заробак. Але ў мяне няма нейкага запыту на шык. Цяпер мне значна важней смачна накарміць госця і ўбачыць яго шчырыя эмоцыі. 

— Ці не сумуеце па айці?

— Я прыйшоў да бліноў з ІТ і не магу сказаць, што шкадую. Да таго ж былых айцішнікаў не бывае.

Мы цяпер аўтаматызуем сваю аперацыёнку ў кавярні і паралельна ствараем уласную платформу па аўтаматызацыі HoReCa-бізнэсу. Плануем ужо сёлета перавесці на яе нашага першага кліента, які будзе плаціць.

У СНД аўтаматызацыяй нікога не здзівіш, але ў Амстэрдаме рэстаранны бізнэс — гэта ўсё яшчэ рамесніцтва. Калі спытаць уладальніка рэстарана, колькі ў яго засталося мукі, ён скажа: «Трэба збегаць на кухню і спытаць». Хоць у Нідэрландах асноўная частка выдаткаў — аплата працы. І калі ты можаш зэканоміць хоць бы 1 гадзіну працы менеджара, які бегае на кухню і да пастаўшчыкоў, гэта можа павысіць маржынальнасць твайго бізнэсу ледзь не ў два разы.

У Дашы ёсць бэкграўнд у рэкламе, крэатыўнай працы. У мяне — у тэхналогіях і інвестыцыях. І мы думаем, што для сучаснага бізнэсу ў рэстараннай сферы гэтыя дзве рэчы нават важнейшыя за ўменне гатаваць. Бо для гатавання ты можаш хутка знайсці каго-небудзь, хто ўмее. 

Супрацоўніца Pinterest адкрыла бар у Варшаве

Пазіцыя ў ІТ: Product Lead ў Pinterest (ex-CPO, co-founder Vochi). У цэлым у менеджменце больш за 8 гадоў.

Які бізнэс прыдумала: джын-тонік бар GiGi ў Варшаве

Падрыхтоўка: больш за год (5 месяцаў на пошукі памяшкання, 7 на рамонт)

Запуск: 3 сакавіка 2023-га

Уклала асабістых сродкаў: больш за 100 тысяч долараў (разам з мужам)

Бізнэс-план: акупіць укладанні за 2-3 гады; найбліжэйшымі месяцамі пачаць працаваць без касавага разрыву

Што цяпер: старт бізнэсу; прыцягненне мясцовых кліентаў

Ганна Буглакова, Product Lead у Pinterest (ex-CPO, co-founder Vochi) адкрыла разам са сваім мужам Ягорам Пераходам бар GiGi ў Варшаве. Яна выступае як інвестарка і крэатыўная дырэктарка, а яе муж — як аперацыйны дырэктар.

Ягор — даволі вядомы бармен. Так, ён адкрываў у Мінску «Алкаголі» і «Вершы», а потым, калі пераехаў у Кіеў, бар BERLIN'89. Ганна таксама калісьці працавала ў гэтай сферы — яе кар’ера пачалася з мінскага бара Svobody 4. У дадатак муж і жонка пазнаёміліся таму, што абое працавалі ў Pernod Ricard.

Доўгі час у іх была мара — адкрыць сваю ўстанову. Але ўвасобіць яе ў рэальнасць вырашылі толькі пасля пераезду ў Варшаву («праз вайну <з пераездам> выйшла больш рэзка, ніж мы думалі»). Плюс пасля куплі Vochi з’явіліся «вольныя грошы, якія можна рэінвестававць у новы бізнэс».

Паводле слоў Ганны, у мужа і жонкі было некалькі канцэпцый, і яны былі гатовыя рэалізаваць любую з іх у залежнасці ад таго, якое памяшканне знойдуць. У рэшце рэшт натыкнуліся на памяшканне ў цэнтры, дзе ўжо была выцяжка (усталёўваць яе з нуля вельмі дорага). Раней тут працавала тайская ўстанова, сцены былі пакрытыя пластом тлушчу. Так што прыйшлося ўсё гэта адмываць. 

Наконт патрабаванняў і дазволаў Ганна кажа, што ў Польшчы ўсё проста і празрыста. Яны нанялі мясцовага кансультанта, які падрыхтаваў іх да візіту санстанцыі. З мясцовых «прыколаў» — толькі што няможна размяшчаць бар паблізу ад касцёла або дзіцячага садка.

Сужэнцы спыніліся на канцэпцыі бара, дзе падаюць кактэйлі з джынам (бо яны шмат працавалі з гэтым напоем і нават назвалі сваю сабаку Джын), а таксама raw food накшталт тар-тару і севічэ. «У Варшаве справы з такой ежай у параўнанні з Кіевам і Мінскам не так каб супер-крута, — тлумачыць Ганна. — Ну і калі ты адкрываеш бар, то грэх не зрабіць месца, дзе табе самому будзе смачна». 

У якасці шэфа запрасілі Максіма, які працаваў у мінскім FABRIQ і іспанскім Arzak з трыма зоркамі Мішлен: у якасці прынады выкарыстоўвалі тое, што ўстанова новая, і можна рабіць з меню ўсё што хочаш.

Бар адкрыўся нядаўна, 3 сакавіка, пакуль цяжка прадказаць яго эканоміку.

За 2-3 дні да адкрыцця ў бара з’явіўся Instagram, на які за ноч падпісалася 500 чалавек. У выніку першага дня гасцей было столькі, што яны не змясціліся ўнутры. Як дадае Ганна, «пакуль мы працуем на гэтай плыні і паралельна пачынаем будаваць планы, як далей будзем прыцягваць гасцей, у тым ліку палякаў». Бо пакуль што ў бара нават няма шыльды.

Муж і жонка ўклалі ў праект больш, ніж меркавалі (100+ тысяч долараў). Нягледзячы на свой досвед, яны не прадугледзелі рэзкага падвышэння цэн у Варшаве. 

— Першапачаткова мы планавалі акупіцца за тэрмін да 2 гадоў, а далей атрымліваць прыбытак. Але цяпер, магчыма, гэта зойме 3 гады, — кажа Ганна. — Дакладнейшую мадэль мы зможам пабудаваць па выніках першага-другога месяцаў. Пакуль ідзе першы ажыятаж, потым будзе спад, калі ўсе, хто хацеў, схадзілі, і нейкі час не будуць вяртацца. 

— Ці не цяжка сумяшчаць дзве працы — і ў ІТ, і ў бары?

— У мяне ёсць праца, якая прыносіць даход, яна займае большую частку майго часу і жыцця. А ёсць як бы такое бізнэс-хобі, якое мне цікавае, — адказвае Ганна. — З майго боку гэта больш крэатыўны менеджмент — магу напісаць тэксты, распісаць канцэпцыю, узгадніць дызайн, з’ездзіць на дэгустацыю новай стравы.

Бывалі розныя перыяды ад моманту адкрыцця. Калі і бюджэты перавысілі, і па тэрмінах не паспявалі, і штосьці не атрымлівалася. Безумоўна, гэта ўсё дадатковы стрэс і нервы. Таму мы з мужам стараемся не абмяркоўваць працу дома. Прыпусцім, дамаўляемся, што цяпер мы адпачываем, а заўтра, аб 11, абмяркуем гэтае пытанне. 

Экс-інжынерка Slack прыдумала вопратку для паляпшэння паставы ў Сан-Францыска

Пазіцыя ў ІТ: экс-інжынер у Slack; стаж у ІТ большы за 10 гадоў

Які бізнэс прыдумала: стартап па вытворчасці адзення для выпраўлення паставы Etalon 

Падрыхтоўка заняла: паўтара года

Запуск: восень 2021-га; продажы на сайце — снежань 2022-га

Уклала асабістых сродкаў: не выдаецца 

Бізнэс-план: маштабаванне і рост; прыцягненне інвестыцый; запуск b2b; запуск прадукту для мужчын

Што цяпер: продажу b2c; ёсць паўторныя заказы

Крысціна Рудзінская родам з Берасця. Апошнія 15 гадоў яна жыла ў ЗША — працавала ў ІТ. Але ў 2019-м, праз 10 гадоў працы ў індустрыі, дзяўчына зразумела, што пачынае эмацыйна выгараць, і стала падумваць пра змену сферы дзейнасці.

У Slack Крысціна нагледзелася на калег у офісе, якія гарбацяцца над камп’ютарамі, а затым скардзяцца на боль у спіне, і вырашыла дапамагчы людзям. У першы тыдзень каранавіруса яна звольнілася і занялася сваім праектам — прыдумала і рэалізавала ідэю адзення для паляпшэння паставы. Цяпер гэта стартап Etalon.

Чаму менавіта адзенне? Пасля столькіх гадоў працы над кодам беларусцы захацелася зрабіць штосьці фізічнае, каб гэта можна было ўзяць у рукі. Плюс яна прафесійна займаецца пілатэсам (адзін з яе праектаў — трэніроўкі па пілатэсе са зборам сродкаў на патрэбы беларусаў). 

Беларуска хацела стварыць вопратку, якая б не проста цягнула плечы назад, а таксама дапамагала зводзіць лапаткі і трымаць спіну прама — без болю і напружання. «Здароўе не мусіць быць катаваннем, — тлумачыць яна. — Найлепшыя вынікі — калі ты атрымліваеш задавальненне ад працэсу». 

У выніку атрымалася мадэль з шасцю шлейкамі, якія можна рэгуляваць і тым самым «прывучаць» мышцы трымаць паставу (Крысціна кажа, што ўжо падала патэнтавую заяўку на гэтую тэхналогію).

— Я сама распрацоўвала канцэпцыю, дызайн, — кажа суразмоўца. — Калі я знайшла функцыянальную тканіну з перапрацаванага пластыку, то закахалася ў яе настолькі, што пяць месяцаў угаворвала вытворцу прадаць мне невялікую партыю для нашай першай вытворчасці. Гэта тыповая гісторыя дызайнера-пачаткоўца.

У працэсе беларуска звярталася па кансультацыі да спецыялістаў па паставе. Паводле яе слоў, адзін з дарадцаў стартапа — прафесар нейрахірургіі Крыстафер Эймс у Каліфарнійскім універсітэце Сан-Францыска (UCSF). 

На запуск сышлі асабістыя сродкі. На поўную моц стартап запрацаваў увосень 2021-га. У 2022-м каманда (цяпер іх 6 чалавек) размясціла кампанію на Kickstarter. Удалося сабраць амаль 13,5 тысячы долараў, што дазволіла рухаць праект далей.

І ў снежні 2022-га стартап пачаў продажы на сайце. Адзін топ каштуе 199 долараў. На пытанне, што ўваходзіць у гэтую цану, Крысціна кажа, што, па-першае, функцыянальнасць (распрацоўка, дызайн). Па-другое, «якасныя экалагічныя матэрыялы». І, па-трэцяе, прадукт «Made is USA» — пашыў у ЗША. «Так як прадукт тэхналагічны, мы доўга шукалі фабрыку, якая б якасна дала рады вытворчасці. Я ездзіла і глядзела вытворчасці на абодвух узбярэжжах, а самая класная фабрыка знайшлася ў нас пад бокам у Сан-Францыска! — кажа суразмоўца. — Для параўнання: $199 — гэта кошт аднаго паходу на масаж <у ЗША> або да кастаправа, каб часова суняць боль. Мы ж культывуем здаровую звычку трымаць спіну прама».

На пытанне пра даходы Крысціна адказвае, што пра прыбытковасць пакуль казаць рана, але пакупнікі паказваюць лаяльнасць — ёсць паўторныя заказы (стартап не афішуе колькасці заказаў).

Цяпер стартап прадае сваю прадукцыю спажыўцу без дапамогі іншага аптовага або рознічнага прадаўца. У 2023-м каманда будзе займацца маштабаваннем, прыцягненнем інвестыцый і ростам бізнэсу, плануе запуск прадукту для мужчын.

Айтишники успевают свои бизнесы в свободное время. «+1 зарплата в сезон»
По теме
Айтишники успевают свои бизнесы в свободное время. «+1 зарплата в сезон»
«Скорей всего, впишемся в $75-100 тысяч». Трое разработчиков из Targetprocess открыли бар на Раковской. Без отрыва от кода
По теме
«Скорей всего, впишемся в $75-100 тысяч». Трое разработчиков из Targetprocess открыли бар на Раковской. Без отрыва от кода
«Решили разбить кубышку». Разработчики Targetprocess спасают свой бар
По теме
«Решили разбить кубышку». Разработчики Targetprocess спасают свой бар
«Всем нужен план, как дожить до декабря 2021 года». Мельничек о скалодроме и кризисе
По теме
«Всем нужен план, как дожить до декабря 2021 года». Мельничек о скалодроме и кризисе

Читать на dev.by