Мінск 03:13

Аднаўляць вайсковую пракуратуру “пакуль рана”, бо “няма ніякай надзвычайшчыны” — Лукашэнка

2 лістапада, Позірк. Прымаць рашэнне аб аднаўленні інстытута вайсковай пракуратуры “пакуль рана”, у гэтым няма “ніякай надзвычайшчыны”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 2 лістапада па выніках нарады з сілавым блокам.

Паводле яго слоў, якія перадае прэс-служба, неабходна ўдасканальваць пракурорскі нагляд і павышаць яго эфектыўнасць, у тым ліку ў воінскіх падраздзяленнях.

“У нетрах Генеральнай пракуратуры сёння трэба выкрышталізаваць аснову гэтай будучай сістэмы (падрыхтаваць кадры, зразумець фармат працы, наладзіць міжведамаснае ўзаемадзеянне), каб з часам, калі ўзнікне такая неабходнасць, аператыўна прыняць адпаведныя рашэнні”, — сказаў Лукашэнка.

З ініцыятывай аднаўлення вайсковай пракуратуры на нарадзе выступіў генеральны пракурор Андрэй Швед.

“У сувязі з ваенна-палітычным становішчам паблізу нашых межаў намі праведзены аналіз арганізацыі нагляду за законнасцю ў войсках за мяжой, у тым ліку падчас ваенных канфліктаў. Ва ўсім свеце вайсковыя пракуроры з’яўляюцца абавязковым элементам сістэмы нацыянальнай бяспекі. Іх функцыянал паўсюдна задзейнічаецца ва ўсіх ваенных канфліктах”, — сказаў генпракурор.

Указ аб ліквідацыі вайсковых пракуратур Лукашэнка падпісаў 26 сакавіка 2014 года. Іх паўнамоцтвы перадалі грамадзянскім органам нагляду. Рашэнне было прынята ў мэтах “удасканалення сістэмы органаў пракуратуры і аптымізацыі іх дзейнасці”.

Падзяліцца: