Мінск 20:04

У Беларусі ўпершыню праведзена дыстанцыйная рабатычная аперацыя

Фота: МНПЦХіГ

19 кастрычніка, Позірк. Аб правядзенні першай у Беларусі дыстанцыйнай рабатычнай аперацыі паведаміў Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі (МНПЦХіГ).

У цэнтры выканана робатычная простатэктамія (выдаленне) пацыенту 60 гадоў з лакалізаваным ракам прадсталёвай залозы.

Пацыент знаходзіўся ў МНПЦХіГ, яго апераваў загадчык аддзялення трансплантацыйнай і малаінвазіўнай уралогіі цэнтра Аляксандр Бразоўскі, які кіраваў робатам з адлегласці 30 км. Асіставаў хірургу ўрач-уролаг Сяргей Любецкі.

“Аперацыя праводзілася не толькі з мэтай выканання анкалагічных канонаў, але і для захавання якасці жыцця пацыента: радыкальнае выдаленне пухліны, мінімальная траўматычнасць, беражлівае захаванне нервовых структур і больш камфортнае аднаўленне”, — адзначаецца ў паведамленні.

Падкрэсліваецца, што робат не замяняе лекара, а “дапамагае працаваць дакладней”.

Рак прадсталёвай залозы — самы распаўсюджаны від анкалагічных захворванняў у мужчын у Беларусі. Ён у тройцы лідараў злаякасных захворванняў сярод усяго насельніцтва краіны пасля раку тоўстага кішэчніка і грудзей.

Паводле ацэнкі Міжнароднага агенцтва па вывучэнні рака, у 2024 годзе ў Беларусі зарэгістравана каля 5 тыс. новых выпадкаў. Памерла ад гэтага віду раку 1.159 мужчын.

Паводле даных Міністэрства аховы здароўя, у 2025 годзе 84,7% выяўленых выпадкаў рака прадсталёвай залозы былі дыягнаставаны на ранняй стадыі.

Падзяліцца: