Мінск 14:21

Польская памежная служба больш за тыдзень не фіксуе актыўнасці мігрантаў на фоне публічных кантактаў Мінска і Варшавы

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 24 верасня 2026 года ў 19:11

24 верасня, Позірк. Памежная ахова Польшчы апошнія восем дзён (з 16 верасня) не фіксуе актыўнасці нелегальных мігрантаў на мяжы з Беларуссю, сведчыць праведзены “Позіркам“ аналіз аператыўных звестак ведамства.

Спакойнае становішча назіраецца на фоне публічных кантактаў Мінска і Варшавы на ўзроўні міністраў замежных спраў у Нью-Ёрку, дзе праходзіць Генеральная Асамблея ААН.

Каментуючы пасля сустрэчы версію журналістаў, што яна стане прарывам у двухбаковых стасунках, паколькі кантактаў на такім узроўні, верагодна, не было з 2016 года, кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі адзначыў: “Цяпер у нас больш нармалізаваная, чым раней, сітуацыя на мяжы. Вядома, гэта заслуга таго, што ўрады інвеставалі ў эфектыўны плот на мяжы, але ў нас таксама ёсць вызваленні палітычных зняволеных, у тым ліку Анджэя Пачобута“.

З пачатку верасня, як вынікае з праведзенага “Позіркам“ аналізу, Польшча зарэгістравала 85 спробаў незаконнага пранікнення з боку Беларусі. Гэта на 57,4% больш, чым за ўвесь жнівень (54 спробы). Тым не менш, за выключэннем студзеня і лютага, у 2026 годзе актыўнасць мігрантаў на польскай мяжы меншая, чым на літоўскай і латвійскай: 474 спробы нелегальнага пераходу супраць 1.578 на беларуска-літоўскай мяжы (у 3,3 раза больш) і 11.359 — на беларуска-латвійскай (у 24 разы больш).

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС працягваецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія пагранічнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія ідуць у Еўрасаюз праз Беларусь, таму што іх туды нібыта паклікалі.

Гл. таксама:

Латушка назваў сустрэчу Сікорскага з Рыжанковым “мінімальным з магчымых узроўнем камунікацыі” (абноўлена)

Варшава проверяет, насколько можно договариваться с Лукашенко (на рускай мове)

Падзяліцца: