Мінск 12:00

Беларусь гатовая “аднавіць партнёрства” з Даніяй на аснове “дружалюбных стасункаў”, заяўляе Лукашэнка

Ілюстрацыйнае фота: Hannah Thiel / unsplash.com

5 чэрвеня, Позірк. Жаданне аднавіць партнёрства з Даніяй выказаў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 5 чэрвеня народ гэтай краіны з Днём Канстытуцыі.

“Вялікая гісторыя, багатая культурная спадчына і прыродная ўнікальнасць Даніі па праве здабылі ёй тытул жамчужыны Скандынавіі, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба віншавальніка. — Упэўнены, у сённяшняй міжнароднай сітуацыі для Даніі, як і для Беларусі, вельмі важна працягваць мірныя традыцыі ўзаемапаважлівых кантактаў і даверу паміж народамі”.

“Шчыра спадзяюся, што ў недалёкай будучыні дружалюбныя стасункі стануць фундаментам для паўнавартаснага дыялога і разнапланавага партнёрства па ўсіх напрамках, да аднаўлення якога Беларусь гатовая дзеля стабільнасці і ўстойлівага развіцця нашых дзяржаў і рэгіёну ў цэлым”, — заявіў ён.

Пасля падзей 2020 года Лукашэнка традыцыйна не віншуе з нацыянальнымі святамі лідараў большасці дзяржаў Захаду, абмяжоўваючыся толькі пасланнямі на адрас народаў гэтых краін.

Данія, будучы часткай Еўрапейскага саюза, не прызнае Лукашэнку легітымным прэзідэнтам Беларусі. Еўрасаюз увёў у дачыненні да прадстаўнікоў яго рэжыму санкцыі.

У сваю чаргу ўрад Беларусі вясной 2022 года зацвердзіў пералік “замежных дзяржаў, якія ўчыняюць недружалюбныя дзеянні ў дачыненні да беларускіх юрыдычных і (або) фізічных асоб”, у які ўваходзяць усе краіны ЕС.

Капенгаген паслядоўна і актыўна падтрымлівае беларускія дэмакратычныя сілы.

Данія прызначыла свайго спецыяльнага прадстаўніка па Беларусі, зрабіла ахвяраванне ў Міжнародны гуманітарны фонд дапамогі палітвязням.

Напрыканцы красавіка 2026 года міністры замежных спраў Паўночна-Балтыйскай васьмёркі (NB8; Данія, Ісландыя, Латвія, Літва, Нарвегія, Фінляндыя, Швецыя і Эстонія) выступілі з сумеснай заявай, у якой падкрэслілі, што іх дзяржавы не будуць пераглядаць стасункі з Беларуссю, пакуль яна “застаецца саўдзельніцай вайны” Расіі супраць Украіны, “працягвае ўнутраныя рэпрэсіі” і “гібрыдную дзейнасць супраць сваіх суседзяў”.

Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская чатыры разы наведвала Данію і сустракалася з прадстаўнікамі ўладаў гэтай краіны.

Падзяліцца: