Мінск 22:16

Латушка на 90-годдзе Сурвілы: Пераемнасць традыцый БНР нагадвае, што народ ніколі не зракаўся права на самавызначэнне

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла
Архіўнае відэа: Рада БНР / стоп-кадр: "Позірк"

11 красавіка, Позірк. Івонка Сурвіла ёсць прыкладам таго, як “трэба любіць сваю родную Бацькаўшчыну”, “шанаваць беларускі народ”, “нягледячы на ўсе выпрабаванні, працягваць змагацца і верыць у лепшую долю і волю для беларусаў”, адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Павел Латушка, віншуючы 11 красавіка старшыню Рады БНР з 90-годдзем.

“Роля БНР у гісторыі Беларусі ўнікальная і неацэнная, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба АПК. — Рада БНР з’яўляецца для ўсіх вольных беларусаў носьбітам традыцый першай незалежнай беларускай дзяржаўнасці, той самай трывалай ніццю, якая злучае пакаленні беларусаў, што змагаюцца за свабоду — ад бацькоў-заснавальнікаў БНР да сучасных герояў”.

Латушка падкрэсліў, што пераемнасць традыцый БНР, якая “застаецца непарушнай” — у тым ліку дзякуючы Сурвіле, — нагадвае ўсяму свету, што беларускі народ “ніколі не зракаўся свайго права на самавызначэнне”.

“Дзякуй вам за усё, што вы робіце. Ваша адданасць Радзіме, якую вы праносіце праз дзесяцігоддзі, з’яўляецца для мяне самым яскравым прыкладам”, — адзначыў палітык, зычыўшы юбілярцы, каб “агульная запаветная мара — убачыць Беларусь сапраўды вольнай і дэмакратычнай” — здзейснілася “як мага хутчэй”.

Івонка Сурвіла нарадзілася 11 красавіка 1936 года ў Стоўбцах (у міжваенны перыяд — Навагрудскае ваяводства Польшчы, пасля 1939 года — Мінская вобласць БССР, а цяпер Рэспублікі Беларусь). Эмігравала з бацькамі ў 1944 годзе. Жыла ў Даніі, Францыі, Іспаніі; з 1969-га жыве ў Канадзе. Узначальвае Раду БНР з 1997 года.

Рада БНР пазіцыянуе сябе як найстарэйшы беларускі палітычны і дзяржаўны інстытут, захавальнік традыцый нацыянальнага руху, які дзейнічае з моманту абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года.

Пасля зрыву мірных перамоў у Брэсце і наступлення германскіх войскаў бальшавікі пакінулі Мінск. У гэтай сітуацыі дзеячы Цэнтральнай беларускай вайсковай рады і Выканаўчага камітэта Рады Усебеларускага з’езда абвясцілі сябе часовай уладай на тэрыторыі краіны да склікання ўстаноўчага сейма. 21 лютага 1918 года Выканкам Рады сфармаваў першы ўрад БНР — Народны сакратарыят на чале з Язэпам Варонкам.

У 2020 годзе Рада БНР падтрымала пратэстны рух супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, пасля нападу РФ на Украіну з выкарыстаннем беларускай тэрыторыі выступіла супраць расійскай агрэсіі.

У кастрычніку 2023 года стала вядома, што Генеральная пракуратура распачала крымінальную справу ў дачыненні да кіраўнікоў і членаў Рады БНР, абвінавачванне складаецца з сямі артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

Цяперашні старшыня Вярхоўнага суда Андрэй Швед, які тады займаў пасаду генпракурора, заявіў, што Рада БНР “прэтэндуе на ўтварэнне паралельных дзяржаўных інстытутаў і атрыбутаў”, “узурпацыю дзяржаўнай улады на падставе “гістарычнасці” аднаўлення правоў на ўладу”.

На 90-годдзе старшыні Рады БНР Сурвілы Ціханоўская падзякавала юбілярцы за парады

11 красавіка, Позірк. Сітуацыю ў Беларусі і свеце, неабходнасць трымаць беларускае пытанне ў міжнародным парадку дня абмеркавала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская са старшынёю Рады БНР Івонкай Сурвілай, якой 11 красавіка споўнілася 90 гадоў. Як паведаміла прэс-служба палітыка, праз відэасувязь Ціханоўская …
Падзяліцца: